У канцэнтрацыйным лагеры Беразвечча фашысты замучылі і расстралялі 27 тысяч савецкіх ваеннапалонных

Беразвечча: дарога з нябыту

Тут, у канцэнтрацыйным лагеры, фашысты замучылі і расстралялі 27 тысяч савецкіх ваеннапалонных
УПЕРШЫНЮ гэтае месца ў Глыбоцкім раёне ўпамінаецца ў летапісах у 1596 годзе, калі рускія войскі ішлі праз яго на Вільню і Мінск. Але, па некаторых звестках, тут, у Беразвеччы, яшчэ напачатку XVI стагоддзя дзейнічала Свята-Ануфрыева пустынь, заснаваная святым Ануфрыем, чалавекам, які пасяліўся ў гэтым ціхім месцы, сярод азёр і бярозавых гаёў. Адсюль, кажуць, і назва пайшла.


Будынкі былога Беразвецкага манастыра сёння.

У 1634 годзе Іосіф Корсак, гаспадар маёнтка Беразвечча, падараваў яго манахам-базіліянцам, якія пасля яго смерці заснавалі тут уніяцкі мужчынскі манастыр. З 1756 па 1763 год на тэрыторыі манастыра замест драўляных пабудоў узводзіцца каменны храм, які па памерах і архітэктуры сучаснікі параўноўвалі з полацкай Сафіяй. Касцёл быў 39,5 метра ў даўжыню, 27,5 — у шырыню, а вышыня вежаў дасягала ад 41 да 43 метраў. У адной з іх — калакольнай — быў устаноўлены гадзіннік, які заводзіўся на два тыдні. Мужчынскі манастыр яшчэ праславіўся школай, дзе вучыліся дзеці сялян навакольных вёсак. Паступова школа “перарасла” ў вучылішча, выхаванцы якога паступалі нават у Віленскі ўніверсітэт.

У 1812 годзе, у час паходу на Маскву, у Беразвецкім манастыры ажно 10 дзён жыў Напалеон, чакаючы прыбыцця цяжкай артылерыі.

У XIX стагоддзі манастыр пераходзіць у лона Праваслаўнай Царквы. Ён быў пераведзены ў рад другакласных, царскі ўрад адрэзаў шмат зямлі, якая прыносіла даход, манастыр бяднеў і, нарэшце, быў наогул зачынены. І толькі дзякуючы дэпутату Дзяржаўнай Думы Расіі, свяшчэнніку Аляксандру Вераксіну, былі выдзелены немалыя сродкі на яго аднаўленне. У ліпені 1901 года ў Беразвечча разам з манахіняй Сергіяй прыехалі 9 сясцёр-паслушніц. З цягам часу іх колькасць павялічылася да шасцідзесяці. Пры манастыры адчынілася іканапісная майстэрня і настаўніцкая школа для дзяўчынак, у якой ролю старшай выкладчыцы выконвала родная пляменніца ігуменні Сергіі — Раіса Каліннікава. Манахіні прымалі самы актыўны ўдзел у рэстаўрацыі храма і іншых будынкаў. Першая сусветная вайна, а затым рэвалюцыя адыгралі трагічную ролю ў лёсе манастыра.

Па Рыжскім дагаворы 1921 года Глыбокае адышло да Польшчы, і манастыр спыніў сваё існаванне, а на яго тэрыторыі размясцілася вайсковая часць польскіх жаўнераў. Але самым чорным часам для манастыра сталі гады Вялікай Айчыннай вайны.

ТУТ размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннапалонных, які атрымаў жудасную назву — прытулак смерці. Стварылі яго нямецкія акупанты ў верасні 1941 года. Гэта быў участак зямлі каля трох гектараў, абнесены ў тры рады калючым дротам. Ніякіх пабудоў, акрамя манастырскіх, на ўчастку не было. У будынках тых размяшчалася адміністрацыя лагера і ахова. А палонныя чырвонаармейцы галелі ў холадзе і голадзе на адкрытым полі, пад асляпляльным святлом пражэктараў і прыцэламі аўтаматаў і кулямётаў на вышках.


На мемарыяльным комплексе “Барок”

Жыхары Глыбокага, якія бачылі пакуты вязняў, паведалі свету такое, што сёння нават цяжка ўявіць. Палонныя з’елі на ўчастку лагера траву, а потым павыкопвалі і карэнне. Калі хто цягнуўся за травінкай, якая расла за агароджай, тут жа атрымліваў кулю. Каб сэканоміць патроны або выпрабаваць прабіўную моц зброі, фашысты ставілі небаракаў у калону па аднаму і стралялі ў першага. Куля такім чынам працінала адразу некалькі чалавек. Забітых клалі на падводы з яшчэ жывымі палоннымі і везлі закопваць у блізкі лес — Барок. Конь ішоў часта без вазніцы — так ведаў дарогу...

Толькі за першыя тры месяцы існавання канцэнтрацыйнага лагера Беразвечча, з верасня па лістапад, там загінула 10 тысяч палонных чырвонаармейцаў. Замест выбыўшых ішло папаўненне новымі.

Згодна з актам Глыбоцкай раённай камісіі ад 25 сакавіка 1945 года па расследаванні злачынстваў гітлераўскіх захопнікаў, на тэрыторыі раёна ў 1941—1944 гадах у Беразвецкім лагеры замучаны і расстраляны 27 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок “знойдзена 56 магіл і побач 12 ям, падрыхтаваных для звалкі трупаў, памерам кожная 5x12 і глыбінёй 2,5 метра, у якіх аказаліся трупы ваеннапалонных..., укладзеных радамі ногі ў ногі, галовамі ў розныя бакі. Такіх радоў — 9”. У кожную яму закопвалі да 400 чалавек.

У 90-х гадах мінулага стагоддзя Глыбоцкі райкам ЛКСМБ распачаў пошук былых вязняў Беразвечча, якім удалося выжыць. Адгукнулася звыш дзясятка чалавек. У тым ліку Аляксандр Петухоў, які наведаў Беразвечча ў 1986 годзе.

З успамінаў Аляксандра ПЕТУХОВА, былога вязня Беразвецкага лагера смерці:

— З першых дзён вайны я камандаваў кулямётным аддзяленнем у стралковым палку. Пад Чарнігавым быў кантужаны і трапіў у палон. Спачатку нас, змучаных і параненых, прывезлі ў Бабруйск, а потым пераправілі на цягніку ў Беразвечча, лагер для ваеннапалонных каля Глыбокага.

Што ён сабой уяўляў? Гэта агароджаная ў тры рады калючым дротам адкрытая пляцоўка, якая цягнулася ад сцен манастыра да возера. На вуглах агароджы — вышкі з кулямётамі, ствалы якіх былі накіраваны ў бок лагера. На дварэ канец верасня. Некаторыя з нас былі паўраздзетыя, а трымалі нас увесь час пад адкрытым небам. Каб хоць крыху сагрэцца, прыйшлося рукамі выкопваць невялікія ямы, дзе можна было схавацца ад ветру. Так мы і спалі ў зямлі. Прастуда, знясіленне, пастаянныя пабоі — усё гэта адымала ў людзей апошнія сілы, і яны паміралі. Кожныя суткі з лагера выносілі па 200—300 трупаў. Іх вывозілі ў лес на падводах і кідалі ў ямы. Закопвалі тады, калі ямы былі даверху набіты трупамі.


Нагэтымберазе быў лагер смерці

Асабліва знясільваў голад. Кожны ваеннапалонны атрымліваў у суткі не больш 120—150 грамаў эрзац-хлеба і шклянку баланды, якая рабілася з вады і вотруб’я. А хто трапляў у санчасць, якая знаходзілася ў паўразбураным хляве, той атрымліваў яшчэ менш. Нездарма вязні называлі санчасць “утаймавальнікам жыцця”.

Людзі былі падобныя на жывыя трупы. На іншага было нават страшна глядзець. Замест вачэй ззялі чорныя ямы, замест шчок тырчэлі косці, аднак і ў такім стане людзі не трацілі надзею на жыццё. Знаходзіліся такія смельчакі, якія ўцякалі. Але пасля гэтых адзінкавых уцёкаў гітлераўцы яшчэ больш звярэлі: за кожнага збеглага яны расстрэльвалі 10 чалавек. А таго, каго вылоўлівалі пасля пабегу, таксама расстрэльвалі або так жорстка збівалі, што небарака праз два-тры дні паміраў.

Разам з намі ў лагеры знаходзіўся Міхаіл Навумаў, які раней служыў у Пінскай флатыліі. Гэта быў смелы хлопец з волатаўскім здароўем. Ён аднойчы ўжо ўцякаў з палону. Яго злавілі, збілі і зноў вярнулі ў лагер. Дзякуючы моцнаму здароўю Навумаў хутка паправіўся і зноў адважыўся на пабег. Толькі на гэты раз — не адзін. Прапанова Навумава нам спадабалася, і мы пачалі рыхтавацца. Для гэтага быў створаны камітэт. Старшынёй яго выбралі Міхаіла Навумава, членамі — Івана Трыфанава, гаркаўчаніна, мяне і яшчэ некалькі чалавек, прозвішчы якіх не памятаю.

У задачу камітэта ўваходзіла шырокая растлумачальная работа сярод усіх ваеннапалонных і збор зброі (камянёў) для нападу на варту. Такая “зброя” знайшлася на тэрыторыі лагера, і мы акуратна збіралі каменне, зносілі яго ў кучу і закопвалі ў зямлю. Паміж членамі камітэта былі размеркаваны абавязкі.

Мы чакалі толькі моманту. І ён настаў у ноч з 14 на 15 кастрычніка 1941 года, калі неба зацягнулі густыя хмары. Роўна ў 11 гадзін вечара прагучаў горн на адбой. У тую ж хвіліну, нібы па камандзе, лагер ажыў. Усе вязні рынуліся да галоўнага выхаду. Затрашчалі дошкі, цяжкія камяні градам паляцелі на галовы фашыстаў. З усіх канцоў стракаталі кулямёты, аўтаматы, у неба ўзвілася незлічоная колькасць асвятляльных ракет. Але было позна. Велізарны натоўп палонных, якія выбеглі за вароты лагера, рассыпаўся ва ўсе бакі.

Я бег з Міхаілам Навумавым і яшчэ адным хлопцам, Мікалаем. Ззаду раздаваліся аўтаматныя чэргі, брахалі сабакі. Відаць, усіх, хто быў слабы і не мог далёка ўцячы ад лагера, немцы даганялі і расстрэльвалі. У вачах усё мільгацела. Ад думкі, што мы на волі, што вырваліся з лап смерці, пачашчана білася сэрца. Кіламетраў за сем-дзесяць ад Глыбокага патрапіўся хутар, але пабаяліся спыняцца, абышлі яго. І толькі пазней, калі сілы пачалі пакідаць нас, адважыліся зайсці на наступны хутар. Трохі падмацаваўшыся, крануліся зноў. Віднела. Падкошваліся ногі. Хацелася спаць. І калі мы ўбачылі зноў хутар, то я напрасіўся застацца. Размясцілі мяне ў лазні, а хлопцы пайшлі далей. На гэтым хутары я пабыў да вечара, а пасля мяне перавялі на другі, які знаходзіўся за кіламетраў пятнаццаць—васямнаццаць ад Глыбокага. Гаспадара звалі Міхаіл. Яго жонка дала мне свежую бялізну і даглядала, як  малое  дзіцё.  Пражыў  я  ў  Міхаіла  цэлы тыдзень. Спаў у хляве. На двор амаль не паказваўся. Калі добра адпачыў і набраўся сіл, Міхаіл даў мне паўкажушок, і я падаўся ў бок Полацка.

Так дабраўся да Вялікіх Лук, сустрэўся з савецкімі воінамі, якія трапілі ў акружэнне. Партызанскі атрад, служба ў радах Чырвонай Арміі. У баях атрымаў раненне і пасля лячэння паехаў дадому ў Сталінградскую вобласць.

З таго часу 14 кастрычніка лічу сваім другім днём нараджэння!

З успамінаў Веры Сцяпанаўны ПЕРАПЕЧКІ (на здымку), жыхаркі вёскі Міхайлаўка Глыбоцкага раёна:

— У тую памятную ноч мы былі разбуджаны моцнай стралянінай у лагеры. Ваколіцу асвятлялі ракеты. Было відно, як днём.

Раніцою стала вядома, што палонныя разламалі агароджу і вырваліся на волю. Не ўсім пашчасціла дабрацца да Галубіцкай пушчы. Многіх пабілі кулямётамі з вышак, шмат патапілася ў возеры Падлазнае, якое знаходзілася побач з лагерам. І сёння рыбакі вылоўліваюць у гэтым возеры людскія чэрапы. Адзін палонны, ужо пажылы такі, заскочыў у суседскі двор. Яго паспелі пераапрануць, і тут заходзіць немец. І вось жа здагадлівая жанчына: яна сунула ў рукі вязню аброць, як бы той ідзе за канём. Немец падаўся да наступнай хаты. А вось маладому салдаціку не пашанцавала. Ён, як уцякаў, абяссілеў і прылёг пад кустом у Лісічыных Горках. Так у нас мясцовасць называецца. Яго знайшлі і прывялі да нас у хату. З ім застаўся адзін ахоўнік, а другі падаўся за яшчэ адным уцекачом. Мы пераапранулі салдаціка ў сухое: і бялізну змянілі, і кашулю. Хлеба свежага не давалі, бо нельга было, а так накармілі і запазуху яшчэ напхалі. Ён плакаў, паказваў фотакартку з вельмі прыгожай дзяўчынай, прасіўся ў ахоўніка, які быў чэхам, адпусціць. Той адказаў: “Каб я быў адзін, то адпусціў бы. Але са мной яшчэ немец. Ён бачыў і данясе!” Так і павялі бедалагу далей...

Потым у Беразвеччы немцы трымалі палонных італьянцаў. Тыя зімою расчышчалі вуліцы ад снегу, а летам баранавалі дарогу. Запрагалі па два-тры кані, лейцаў па некалькі звязвалі і накіроўваліся да вёсак Удзела, Абруб. Міны гэтак шукалі. Часам падрываліся і коні, і людзі.

Як стаў прыбліжацца фронт, італьянскія ваеннапалонныя часта казалі, што немцы іх пастраляюць. Так яно і сталася — ляжаць яны ў асобнай брацкай магіле ў Барку.

Магіла гэта адразу пры ўваходзе. У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя сюды прыязджаў пасол Італіі ў Савецкім Саюзе Джавані Мільуола, ускладваў вянок на магілу суайчыннікаў. Ён шчыра падзякаваў за тое, што так ушаноўваюць памяць яго землякоў.

ПАСЛЯ вайны, у 50-я гады мінулага стагоддзя, адбылася яшчэ адна не вельмі прыемная падзея: у Беразвеччы быў разбураны старажытны храм, адзін з прыгажэйшых у Еўропе. Здавалася б, пасля гэтага варварскага акта ў гісторыі манастыра ў Беразвеччы можна было б ставіць кропку. Ды не. Каля дзясятка гадоў таму на вуліцах Глыбокага з’явіліся жанчыны, апранутыя ў цёмнае адзенне. Гэта былі манахіні з... Беразвецкага манастыра.

Новы жаночы манастыр пабудаваны ў мікрараёне Беразвечча, за кіламетр ад старога, на высокай горцы. Матушка ігумення Анфіса паведала, што Беразвецкі жаночы манастыр адроджаны рашэннем сінода беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2004 годзе. Тады прыехалі восем сясцёр з Полацкага жаночага манастыра. Пасяліліся яны ў келлях двухпавярховага будынка, каля якога ўзведзена ўтульная дамашняя царква.

Вольнага часу ў манахінь вельмі мала: ранак і вечар — у малітвах, астатнія гадзіны — у рабоце. Манастыр мае свой цэх, у якім шыюць царкоўную вопратку. Ёсць агароды падсобнай гаспадаркі, пчолы. А яшчэ інакіні выкладаюць у нядзельнай школе пры манастыры.

Сёння ў манастыры ўжо адзінаццаць манахінь. Яны ўзяліся амаль што за непасільную ношу: узвесці побач з манастыром храм у гонар Архістраціга Божага Міхаіла. Ён будзе замест таго, што быў разбураны ў старых манастырскіх сценах Беразвечча. Распачата закладка падмурка царквы. На пытанне, калі закончаць будаўніцтва, быў адказ: “Усё залежыць ад сродкаў”.

Але, як вядома, храмы будуюцца ўсёй грамадой. Грошы пералічваюць на ўзвядзенне храма арганізацыі, прадпрыемствы і жыхары Глыбоцкага раёна.

Уладзімір САУЛІЧ, “СГ”

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter