Беражы нос у моцны мароз

Як вы пераносіце маразы i дапамагаеце ў гэтай справе iншым?

Сіноптыкі гавораць, што да канца студзеня будзе па-зiмоваму холадна. У сувязі з гэтым мы вырашылі даведацца ў нашых чытачоў i спецыялiстаў, як яны пераносяць маразы i дапамагаюць iншым.

Юлія ВАНІНА, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі:

— У такое надвор’е ў зоне рызыкi — дзеці, таму калі тэмпература паветра будзе ніжэй за 25 градусаў, то заняткі ў некаторых школах адменім. Пакуль працуем у звычайным рэжыме. Мы са сваiмi трыма дзецьмi любiм гуляць у выхадныя у парках, але калi тэмпература вельмi нiзкая, сядзiм дома або выходзiм на вулiцу ненадоўга.

Марыя КУТУЗАВА, пенсіянерка з г. Барысава:

— Памятаю адзін народны рэцэпт, які даведалася ад маці. Сучасных крэмаў, якія засцерагалі б ад ветру і марозу, у той час яшчэ не было, таму мы ў вёсцы карысталіся падручнымі сродкамі: таўклі сантыметры тры грыфеля простага алоўка і змешвалі яго са сталовай лыжкай вазеліну. Гэтым самаробным крэмам бацькі націралі твары дзецям. Сродак, вядома, дзіўны, скура станавілася шэрай ад грыфеля, але ад ветру і марозу ён засцерагаў.

Яўген ДУДКО, начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ г. Гродна і Гродзенскай вобласці:

— Збіраючыся на патруляванне дарог, мы бяром тэрмасы з гарбатай і пледы. Вадзіцелям і пешаходам, якім холадна, прапануем сагрэцца ў нашай машыне і выпіць гарачага напою. Вось на днях сустрэлі на дарозе дзядулю, які ішоў у суседнюю вёску за хлебам. Мы падвезлі яго да крамы і назад дадому, па дарозе напаілі гарбатай і пачаставалі цукеркамі. Дзядуля застаўся задаволены.

Тамара КАСМІНА, вядучы эканаміст Гарадоцкага райспажыўтаварыства:

— Каб не змерзнуць, апранаюся цяплей. Па праўдзе кажучы, у такое надвор’е я больш турбуюся пра свайго сабаку, бо жывёла не можа сама аб сабе паклапаціцца. Таму я звязала для яго цёплы камбінезон і гольфы. Касцюмчык прыйшоўся даспадобы. А вось з гольфамі складаней — не спадабаліся. Цяпер прыходзіцца перад прагулкай змазваць лапы сабаку мазямі з воскам. Яны абараняюць ад холаду і солевай сумесі, якой пасыпаюць тратуары.

Мікалай ЖУК, доктар аператыўнага аддзела Минскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі:

— У такое надвор’е магу параіць цёпла апранацца, а перад выхадам на вуліцу есці і выпіваць кубак гарачай гарбаты. Калі ўсё ж такі некаторыя ўчасткі скуры стануць абмарожанымі, то расціраць іх крэмамі нельга. Лепей апрацаваць спіртаўтрымліваючым растворам і затым саграваць ваўнянай тканінай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter