Родовые корни писателя Юрия Олеши — в полесском Бережном

Беражное: аграгарадок над Гарынню-ракой


Уздоўж высокага берага хуткацечнай Гарыні, паміж старажытным Давыд-Гарадком і Столінам амаль на аднолькавай адлегласці ад Мінска і Кіева, Брэста і Гомеля патанае ў садах палескае Беражное. Побач з паселішчам ва ўрочышчы Садок знойдзены прылады эпохі неаліту, што існавала з VI па III стагоддзе да нашай эры. 

Упершыню Беражное пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1508 года, калі пінскі і давыд-гарадоцкі князь Фёдар Яраславіч падараваў яго баярыну Пятру Алешы. На працягу чатырох стагоддзяў у маёнтку гаспадарылі 13 пакаленняў роду Алешаў. Адсюль карані вядомага рускага савецкага пісьменніка, аўтара аповесці-казкі «Тры таўстуны» Юрыя Алешы. Сярод старога парку захаваўся двухпавярховы мураваны дом яго продкаў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Пагарынне адышло да Мінскай губерні Расійскай імперыі. У 1884 годзе ў Беражным пабудавана царква Святой Параскевы Пятніцы — помнік драўлянага дойлідства на Палессі. Будынак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Апошні гаспадар маёнтка Уладзіслаў Алеша ў 1909 годзе прадаў яго ўладальніку суседняга Давыд-Гарадка Станіславу Радзівілу. 

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, па верасень 1939-га вёска была ў Столінскім павеце Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Апошняй гаспадыняй беражноўскага ўладання была дачка Станіслава Радзівіла Ганна дэ Мае.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Беражное — цэнтр сельсавета Столінскага раёна Пінскай, а потым Брэсцкай вобласці. Сяляне аб’ядналіся ў калгас, які рэфармаваны ў КСУП «Беражное». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Беражное — адна з першых у раёне атрымала статус аграгарадка.

Намеснік дырэктара КСУП «Беражное» Аляксей ЦАРЫК.

ПРАЗ палескае Беражное, па якім адправіліся ў вандроўку з намеснікам кіраўніка мясцовай гаспадаркі Аляксеем Царыкам, даволі часта курсіруюць маршруткі і аўтобусы на Мінск, Брэст, Гомель, Гродна, Мазыр, Пінск. Што ні дом — эксклюзіўны ўзор архітэктуры, акружаны пладовымі дрэвамі і агародам. Шчодрыя тут сады не толькі на яблыкі, грушы, вішні, слівы, але і на паўднёвыя абрыкосы, персікі, чарэшні, грэцкія арэхі.

Тутэйшыя займаюцца і гародніцтвам. Пад поліэтыленавай плёнкай вырошчваюць агуркі, памідоры, перцы, іншыя культуры. Ураджай прадаюць і поўняць сямейны бюджэт. Па цэнтральнай вуліцы, што доўжыцца амаль 5 кіламетраў, каля падворкаў выстаўлены багаты асартымент новага ўраджаю: абрыкосы, раннія слівы, вішні-чарэшні, бульба, памідоры, агуркі, цыбуля, часнок і іншая гародніна. Цэны значна ўступаюць сталічным.

Кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна ДЗЕМКА і бухгалтар Вольга ГАРБАР.

Аграгарадок здаўна славіцца садаводамі і агароднікамі. Старшыня сельвыканкама Віталь Чэх памятае працавітага Івана Каральчука, які стаяў у вытокаў закладкі калгаснага саду і дзесяцігоддзямі даглядаў яго. У нямецка-фашысцкую акупацыю яго разам з іншымі равеснікамі гітлераўцы вывезлі ў рабства. У Нямеччыне ён трапіў да баўэра-садавода. Кемлівы паляшук патаемна пераймаў вопыт садоўніцтва. Пасля заканчэння вайны вярнуўся дамоў і заняўся вырошчваннем саджанцаў. Потым стаў калгасным садаводам. На дзічках прышчэпліваў галінкі сартавых яблынь і груш. З году ў год памеры саду пашыраліся. Цяпер ён займае амаль 400 гектараў. Ёсць там і плантацыі маліны, парэчак, смародзіны. Сын Івана Каральчука Максім працягнуў справу бацькі. На 30 гектарах заклаў свой сад. Пасля трагічнай смерці Максіма Іванавіча гаспадараць яго жонка Ніна Барысаўна і сын Іван. Акрамя садавіны, яны вырошчваюць гародніну.

Садавіну перапрацоўваюць на вінзаводзе гаспадаркі. Вытворчасць засталася ў спадчыну ад маёнтка Алешаў. Кіруе вырабам пладова-ягадных він тэхнолаг Надзея Клімушка.

Побач з садам захаваўся ўнікальны парк і двухпавярховы мур Алешаў. Вядзе да яго грабавая алея з густа пераплеценымі шатамі. Гістарычны будынак накрылі новым дахам і закансервавалі. Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі спадзяецца, што ўнікальным архітэктурным шэдэўрам зацікавяцца інвестары і ён будзе адрэстаўрыраваны. Велічна выглядае парадны пад’езд. Адзін з бакоў мура ўпрыгожвае вежа. Знешнія аконныя карнізы аздоблены архітэктурнымі формамі. З вуснаў у вусны перадаецца гісторыя пра адважнага нашчадка роду Алешаў — Пятра. Калі на Палессе наляцелі з поўдня татары, Пятро разам з апалчэнцамі змагаўся з захопнікамі. Быў паранены і патрапіў у палон. Крымскі хан убачыў, які добры ваяка Алеша, і захацеў, каб той перайшоў на яго бок і адрокся ад хрысціянства. Пятро наадрэз адмовіўся. Калі яго вялі на смерць, ён ускрыкнуў: «Усе мы не памром!» Гэтыя словы сталі дэвізам роду Алешаў.

Сядзібны дом роду АЛЕШАЎ.

ВОЙНЫ мінулага стагоддзя таксама пакінулі крывавы след у Беражным. Сведкі тых жудасных падзей — паважанага ўзросту сёстры Ганна Кавалеўская і Вера Сергуц — памятаюць, як гітлераўцы на пачатку ліпеня 1941 года ўварваліся ў вёску. Іх брат Андрэй Савіцкі разам з сябрамі пайшоў у партызанскі атрад. Родныя народных мсціўцаў даведаліся, што акупанты рыхтуюць расправу з сем’ямі змагароў. Ноччу Канстанцін Савіцкі павёў жонку і дзяцей праз раку Гарынь у Мярлінскія лясы. Ворагі спалілі іх хату. У партызанскім атрадзе сямнаццацігадовая Ганна дапамагала на кухні, мыла бялізну, хадзіла ў разведку. Стала сувязною атрада імя Ракасоўскага брыгады «Савецкая Беларусь», што дзейнічала на Палессі. Неаднойчы рызыкавала жыццём, выконваючы баявыя заданні. Партызанка ўзнагароджана медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй». У мірны час Ганна Канстанцінаўна да выхаду на пенсію працавала ў спажывецкай кааперацыі і адзначана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

У краязнаўчым музеі, што размешчаны ў Доме культуры аграгарадка, сабраны багаты матэрыял пра гісторыю і цікавых людзей сельсавета. Гонар Беражнога — віцэ-адмірал Расійскага флоту Ульян Байзерт. Яго пра­дзед Карл прускага паходжання, атабарыўся на Палессі паўтара стагоддзя таму. Нашчадак Ульян пасля сярэдняй школы скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча і служыў на флоце. Зараз на заслужаным адпачынку. Прыязджае на сустрэчы з аднакласнікамі. Прафесарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктарам філалагічных навук стаў Іван Штэйнер. Стэнды музея ўпрыгожваюць партрэты слынных землякоў. Сярод іх — былыя кіраўнікі калгаса Яўхім Сагановіч, Міхаіл Скулавец, Павел Савіцкі, спецыялісты гаспадаркі Роза Басацкая, Георгій і Анатоль Чэхі, Алена Пышняк. Сёння КСУП «Беражное» ўзначальвае Віталь Яхнавец. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжавых і садавіны. Найбольшы прыбытак дае рэалізацыя малака. Рэнтабельнасць яго вытворчасці перавысіла 30 працэнтаў. У суседняй вёсцы Дубянец уведзены ў эксплуатацыю малочна-таварны комплекс на 550 кароў.

ЗАВІТАЛІ на малочна-таварную ферму, што побач з мехдваром. Каля кароўніка трактарыст Аляксандр Скрабец пагрузчыкам поўніў цялежку зялёнай масай для раздачы жывёле. Аляксандр Іванавіч два дзесяцігоддзі таму пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў прафесію механізатара ў Столінскім прафтэхвучылішчы і вярнуўся дамоў. Займеў сям’ю. Жонка Наталля Мікалаеўна — рабочая вінзавода. Выхоўваюць дваіх дзяцей. Ад гаспадаркі атрымалі катэдж і выкупілі яго.

Механізатар Аляксандр СКРАБЕЦ.

Даглядчык жывёлы Уладзімір Грушчанка сам будаваў дом. На сваю радзіму ў Беражное прывезла данскога казака жонка Вольга Рыгораўна. Яна пасля школы адправілася да сваякоў у Растоўскую вобласць. Там маладыя пазнаёміліся. Вольга Рыгораўна доіць кароў, а Уладзімір Іванавіч іх даглядае. Трымаюць і сваю рагулю. На сялянскіх падворках сельсавета сотня кароў. Раней толькі ў Беражным іх было некалькі вялікіх статкаў.

Жывёлавод КСУП «Беражное» Уладзімір ГРУШЧАНКА.

З шасці населеных пунктаў сельсавета ў двух затухае жыццё. 18 жыхароў засталося ў ціхай вёсцы Магільнае. Хутарам стала казачная па прыгажосці вёска Ястрабель з чароўным возерам, акружаным дубамі і вольхамі. Штучны вадаём стварылі меліяратары каля вёскі Дубянец. Вяскоўцы перабіраюцца ў аграгарадок, у якім больш як паўтары тысячы жыхароў. У Беражным цудоўны Дом культуры, дзясятак розных магазінаў, аддзяленні банка і паштовай сувязі, трохпавярховая бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй. Сюды перавялі на працу сярэдні медыцынскі персанал з зачыненай бальніцы сястрынскага дог­ляду ў вёсцы Альгомель. Медсёстры Ганна Тарчыла і Таццяна Талмачавец ездзяць на працу за паўсотні кіламетраў. Трэці паверх бальніцы займае аддзяленне сацыяльнага догляду, разлічанае на 65 пацыентаў. Два дзясяткі бальнічных ложкаў у аддзяленні тэрапіі.

Медсёстры бальніцы сястрынскага догляду Ганна ТАРЧЫЛА і Таццяна ТАЛМАЧАВЕЦ.

Пацыентка Вольга ДОМНІЧ і медсястра бальніцы сястрынскага догляду Алена Трапец.

На тэрыторыі сельсавета амаль 60 шматдзетных сем’яў. Маладыя будуюць дамы, ладзяцца вяселлі. Сёлета 4 пары зарэгістравалі ў сельсавеце шлюб. Наперадзе яшчэ вясельная восень.

ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ у аграгарадку дзіцячы садок, сярэдняя школа, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы. На змену 14 сёлетнім выпускнікам калектыў вучняў сярэдняй школы папоўніцца двума першымі класамі. Раней старшакласнікі атрымлівалі прафесію механізатара. Гаспадарка выдзеліла для навучання трактар. Юнакі папаўнялі калектыў механізатараў. Дырэктар Аляксандр Мінкевіч лічыць, што дарма адмянілі прафарыентацыю навучэнцаў. Трактар вярнулі сельгаспрадпрыемству. Вучні старэйшых класаў атрымліваюць прафесіі швачкі і цесляра.

Айцец Рыгор ВАБІШЧЭВІЧ.

Падлеткі наведваюць нядзельную школу пры праваслаўнай царкве. Святар Рыгор Вабішчэвіч трыццаць гадоў нязменна служыць у храме, за казначэя — Алена Савіцкая. Асноўны яе занятак — збор малака з падворкаў. Раней працавала ў садзе. Бацюшка быў механізатарам. На камбайне адзінаццаць сезонаў убіраў збажыну. Узгадаў ён, як тры дзесяцігоддзі таму талакою аднаўлялі зачыненую ў гады масавага атэізму царкву Святой Параскевы Пятніцы.

Прыёмшчыца малака Алена САВІЦКАЯ.

Уразіў прыгажосцю і акуратнасцю царкоўны дворык. У час летніх канікул дзячком у святара сталічны падлетак Антон Семянчук. Ён з маці гасцюе ў бабулі.

Служка святара Антон СЕМЯНЧУК.

Падумалася, мо, таму ладна жывецца ў Беражным, бо беражліва захоўваюць сваю багатую спадчыну.

Cтолінскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter