Берасцейскія кладзезі

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт правялі ў Іванава рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю «Роля традыцый народнай культуры ў адраджэнні беларускага сяла».

Якая роля традыцый у адраджэнні беларускага сяла? Гэта высвятлялі навукоўцы ў Іванава.

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт правялі ў Іванава рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю «Роля традыцый народнай культуры ў адраджэнні беларускага сяла».

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства даслаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Ён адзначыў, што канферэнцыя важная для асэнсавання сучасных культурных працэсаў, ролі культуры ў жыцці грамадства. Даследаванні па тэме праекта «Традыцыі народнай культуры ў адраджэнні вёскі», якія праводзіліся Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі ў 2006—2008 гадах, паказалі, што рост адукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва ў краіне, пашырэнне дыяпазону грамадскай і культурнай дзейнасці сельскага насельніцтва аказваюць уплыў на самарэгуляцыю грамадскіх адносін  у вёсцы. Вывучэнне народных традыцый, правядзенне канферэнцый спрыяюць развіццю сельскай культуры.

“Супрацоўніцтва ІМЭФ імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі і аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама ў арганізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Напалеона Орды, станоўча паўплывала на развіццё комплексу аб’ектаў культуры ў Іванаўскім раёне, звязанага з жыццём і дзейнасцю гэтага знакамітага мастака і кампазітара: узнікненне турыстычных маршрутаў, развіццё адпаведнай інфраструктуры.

Абагульненне вопыту можа аказаць станоўчы ўплыў як на фарміраванне працэсаў культурнага развіцця беларускай вёскі і малых гарадоў, так і на стымуляванне выкарыстання выканаўчымі органамі ўлады культурнай і архітэктурнай спадчыны для развіцця лакальных турыстычных цэнтраў…

Вывучэнне традыцый народнай культуры беларускай вёскі, яе гісторыі, сучаснага стану і перспектыў развіцця мае вялікае значэнне для паспяховага будаўніцтва беларускай дзяржавы, узбагачэння беларускай культуры, папаўнення навуковай базы ўстаноў адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных, рэспубліканскіх, раённых ідэалагічных устаноў і ўстаноў культуры. Багатая духоўна-этнаграфічная спадчына Палесся і традыцыйны народны вопыт з’яўляюцца выключна важнымі для культурнага развіцця рэгіёна, для выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла”.

Прывітанне прыйшло і ад намесніка старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка-сакратара аддзялення аграрных навук НАН Беларусі, акадэміка Уладзіміра Гусакова.

«У будаўніцтве сучаснай незалежнай суверэннай Беларусі пытанню адраджэння сяла адводзіцца адмысловае месца…

Нягледзячы на драматычныя працэсы і войны, перажытыя ў мінулых стагоддзях нашым сялом, лепшыя традыцыі культуры, грамадскага і сямейнага побыту захаваліся. Актыўна адраджаюцца традыцыйныя формы арганізацыі працы — талака і сябрыны, традыцыйныя абрады, звычаі і песні. Міжнароднае прызнанне атрымалі фестывалі, якія праводзяцца ў рэгіёнах Беларусі і падтрымліваюць традыцыйную культуру…»

Рыгор Бысюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама адзначыў: «Берасцейшчына — адзін з самых багатых па захаванні традыцыйнай культуры рэгіён Беларусі. Сёння ў вобласці налічваецца 280 фальклорных калектываў, каля 30 з іх — аўтэнтычныя гурты. Побач з фальклорнымі гуртамі працуюць дзіцячыя калектывы-спадарожнікі.

Самабытныя каляндарныя святы, звычаі і абрады Брэстчыны з’яўляюцца адной з важнейшых частак яе духоўнай культуры. Берасцейскі край можа ганарыцца тым, што захаваў амаль усе абрады каляндарнага кола. Некаторым абрадам наканавана доўгае жыццё, таму што ўжо падрыхтаваны дакументы на наданне ім статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны.

На берасцейскай зямлі налічваецца каля 6,5 тысячы майстроў народнай творчасці, бытуюць жывыя народныя рамёствы, якіх няма ў іншых краінах.

У Іванава працуе ўнікальная, адзіная ў краіне школа бандарства, лаурэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за духоўнае адраджэнне за 2009 год. У вёсцы Гарадная Столінскага раёна працягваюць шматвяковыя рамесніцкія традыцыі патомныя ганчары. Гэта адзіны ў Беларусі метадычны цэнтр ганчарства, які існуе ў сваім аўтэнтычным стане.

У вобласці добра наладжана работа з майстрамі народнай творчасці. Дзеля гэтага праводзяцца тыя ж майстар-класы, якія арганізоўваюцца на працягу апошніх 10 гадоў. Амаль штогод на Брэстчыне праходзяць святы-конкурсы па народных рамёствах: кавальству, бандарству, ганчарству, пляценню з раслінных матэрыялаў, ткацтву, вышыўцы. Вядзецца мэтанакіраваная дзейнасць па захаванні, адраджэнні і рэканструкцыі мясцовых строяў.

У вобласці штогод праводзяцца пленэры разьбяроў манументальнай скульптуры. У бягучым годзе прайшоў 8 абласны пленэр, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

Мы маем яшчэ шмат планаў і задумак па захаванні традыцыйнай культуры вобласці, развіццю ўстаноў культуры новага тыпу з мэтай прыцягнення ўвагі турыстаў…»

Выказаўся і Уладзімір Шэляговіч, загадчык аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама: «Дзякуючы мясцовым талентам, самародкам, плённай працы калектываў работнікаў культуры раёна, майстэрству ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і іх творчым поспехам з кожным годам павышаецца не толькі якасны ўзровень жыцця насельніцтва, але ў значнай ступені імідж вёсак. Гісторыка-культурная спадчына Іванаўшчыны і традыцыі народнай культуры свой значны ўплыў аказваюць і на эканамічна-сацыяльнае развіццё рэгіёна, спрыяюць яго вядомасці. Шмат зроблена ў раёне, каб захаваць адметнасць і самабытнасць звычаяў, мовы, абрадаў і традыцый мясцовых жыхароў.

Дзякуючы нястомнай працы супрацоўнікаў музея народнай творчасці ў вёсцы Моталь адкрыты імёны славутых землякоў. Музей стаў гонарам раёна. Калектыў яго супрацоўнікаў узнагароджаны дыпломам і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дыпломам першай ступені ў намінацыі «Лепшы турыстычны аб’ект» конкурсу «Пазнай Беларусь» і інш. Няма наведвальніка, якога б не зачаравалі экскурсіі па музеі з абрадавымі дзеямі, жывы гук, дэгустацыя мотальскіх каўбас, вячоркі на прызбе і інш.

Вялікім гонарам для ўсіх іванаўцаў з’яўляецца паспяховая праца па адраджэнні і прапагандзе ўнікальнай культурнай спадчыны мастака, кампазітара, публіцыста Напалеона Орды. У вёсцы Варацэвічы створаны музейны комплекс  яго імя, які ў перспектыве стане цэнтрам экскурсійна-турыстычнай дзейнасці раёна».

 І як не згадзіцца з Аляксандрам Лакоткам, дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які адзначыў: «Народная традыцыйная культура, нацыянальная мова пачынаюць разумецца сёння як аснова дзяржаўнасці, сацыяльнай стабільнасці і нават нацыянальнай бяспекі».

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: падчас канферэнцыі; вырабы майстроў школы бандарства; выступленне мясцовых талентаў у Іванава.

Фота Алены ЕРМАЛОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?