«Берагіні» пашанцавала на Міколу Козенку

ПЯТНІЦА, шэсць гадзін раніцы. На вуліцы самотна: ідзе дождж, пранізвае да ніткі вецер. Здавалася б, у такое надвор’е сядзі дома пад коўдрай ды пі гарбату. А я, сонная, кіруюся да прыпынку электрычкі на Оршу: ля білетных кас мяне ўжо пяць хвілін чакае этнахарэограф Мікола Козенка. Ён штопятніцу ўжо пятнаццаць год запар едзе ў гэты час ў невялічкую вёску Мётча, што ў Барысаўскім раёне, каб вучыць дзяцей народным побытавым танцам і песням. Там у мясцовай школе-дзіцячым садку творыць узорны фальклорны гурт «Берагіня», які сёння адзначае сваё 15-годдзе.

За якім натхненнем пятнаццаць год запар вядомы беларускі этнахарэограф кожную пятніцу едзе са сталіцы ў барысаўскую вёску Мётча?..

ПЯТНІЦА, шэсць гадзін раніцы. На вуліцы самотна: ідзе дождж, пранізвае да ніткі вецер. Здавалася б, у такое надвор’е сядзі дома пад коўдрай ды пі гарбату. А я, сонная, кіруюся да прыпынку электрычкі на Оршу: ля білетных кас мяне ўжо пяць хвілін чакае этнахарэограф Мікола Козенка. Ён штопятніцу ўжо пятнаццаць год запар едзе ў гэты час ў невялічкую вёску Мётча, што ў Барысаўскім раёне, каб вучыць дзяцей народным побытавым танцам і песням. Там у мясцовай школе-дзіцячым садку творыць узорны фальклорны гурт «Берагіня», які сёння адзначае сваё 15-годдзе.

— Толькі дзякуючы дзецям традыцыі працягваюць сваё жыццё, — пад грукат колаў цягніка распавядае Мікола Аляксеевіч. — Таму я і вырашыў апрабаваць на базе гэтай школы сваю праграму «Традыцыйная культура і дзеці». І сёння без такіх вось паездак, заняткаў танцамі ў школе і ў садку мне цяжка ўявіць, што я магу яшчэ рабіць па пятніцах.

Дабірацца непасрэдна да Мётчы нам давялося амаль тры гадзіны: у Навасадах, калі мы выйшлі з цягніка, пераселі на школьны аўтобус, які кіраваўся ў вёску. Завітаўшы ў салон, дзеці наперабой закрычалі Міколу Аляксеевічу: «Добрай раніцы!», пыталіся, ці пройдуць сёння заняткі, што будуць вывучаць на іх. Козенка ніводнае пытанне не пакінуў без увагі, смяяўся разам з дзецьмі, раздаваў ім цукеркі. Аўтобус спыніўся, малеча імгненна сыпанула ў школку. За імі — і мы.

— Да адзіннаццаці я працую ў дзіцячым садку, таму перадаю вас кіраўніку «Берагіні» Антаніне Абрамовіч. Яна лепш, чым я, ведае гісторыю нашага калектыву, — ківае Козенка на мілавідную жанчыну. Тая ўсміхаецца і пачынае аповед.

— У нас спачатку танцавала ўся школа, — кажа Антаніна Анатольеўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, фалькларыст. — Мікола Аляксеевіч прапанаваў навучаць дзяцей народнаму побытаваму танцу. У пачатковых класах былі ўрокі рытмікі. Паралельна вялася работа па даследаванні традыцыйнай народнай культуры Мядоцкага краю. Гэта рабілі і настаўнікі, і старшакласнікі. Мы хацелі аб’яднаць дзяцей і дарослых адной ідэяй, і Мікола Аляксеевіч прапанаваў нам правесці мясцовы фестываль фальклорнага мастацтва. Фактычна тады, у 1996 годзе, і аформіўся наш калектыў.

А праз некалькі гадоў мэта Міколы Козенкі — выхаване дзяцей ва ўлонні традыцыйнай культуры — увасобілася ў цэлы фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў Акцябрскім. Выпускнікі першага саставу гуртка сёння даўно ўжо мамы і таты, студэнты і настаўнікі, а ў трывалым складзе калектыву — 35 дзетак. Структурна «Берагіня» дзеліцца на дзве часткі — падрыхтоўчая група «Маляты» (2—4 класы) і ўласна «Берагіня».

— Самае асноўнае для дзіцяці — гэта жаданне і ўменне падпарадкавацца патрабаванням выкладчыка, — заўважае Антаніна Абрамовіч. — А яны для ўсіх аднолькавыя — быць адданым калектыўнаму інтарэсу. Дзеці ж такія цікавыя! Сёння яны хочуць займацца, заўтра — не. Таму трэба ўмець пераконваць іх займацца ўпарта. Танец — навука не з лёгкіх. Ён знаходзіцца ў эпіцэнтры нашага выхавання, хаця мы таксама вучым песні, абрады, гульні, далучаем дзетак да ігры на гармоніку, шумавых і ўдарных інструментах, дудках, цымбалах. Я і сама навучылася іграць на гармоніку, калі пачала займацца «Берагіняй».

— Тое, што ў нас з’явіўся Мікола Аляксеевіч — збег абставінаў, нам пашанцавала, — дапаўняе намеснік дырэктара Мётчанскай школы Алена Крачкоўская. — Гэта ж вельмі каштоўна: выхоўваць беларусаў на беларускай мове. За гады супрацоўніцтва з Міколам Козенкам у нас змяняліся кіраўнікі школы, настаўнікі, але захаваўся той дух, імпэт, з якім працуе ў нас этнахарэограф. Гледзячы на ўсё гэта, я разумею, што мая місія — стварыць усе ўмовы, каб мае калегі маглі спакойна працаваць і развіваць нашых дзяцей, выхоўваць іх. Таму мне давялося распрацаваць педагагічны праект, скіраваны на сістэмны падыход вывучэння твораў народнай спадчыны, культуры, мастацтва.

Справа ў тым, што яшчэ два гады таму ва ўстанове адукацыі быў педагагічны план школы з этнаграфічным накірункам. Там былі такія цікавыя прадметы, як народная проза, мастацтва вуснага слова, тэатральны фальклор, побытавы танец. Але нягледзячы на тое, што сёння ўстанова працуе па адзіным агульнаадукацыйным плане, дзякуючы ў тым ліку намаганням неабыякавай Алены Крачкоўскай фальклорнае навучанне ў школе працягваецца.

Пакуль я размаўляла з настаўніцамі, надышоў час ісці на заняткі «Берагіні». У невялічкай танцавальнай зале месціцца каля трыццаці дзяцей. І ўсе яны глядзяць на Міколу Аляксеевіча шырока расплюшчанымі вачыма. Заданне на ўрок — вывучэнне каляднага абраду «Цярэшку жаніць». Дзеці пачынаюць спяваць, скакаць. Козенка робіць заўвагі, паўтарае нейкія рухі, тлумачыць, як трэба трымаць спіну, руку. Гэта нармальны рэжым заняткаў. Якія, дарэчы, скончацца ў настаўніка толькі пад вечар. А ў Мінску сталічны харэограф, сапраўдны энтузіяст сваёй справы, апынецца і таго пазней. Бывае, калі не паспее на электрычку, увогуле ноччу…

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: Антаніна АБРАМОВІЧ; узорны фальклорны гурт «Берагіня».

Фота з архіва Міколы КОЗЕНКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter