Бераг левы, бераг правы

У паромнай пераправы “Дзісна-2” блізіцца завяршэнне чарговага навігацыйнага сезона. Светлавы дзень хутка змяншаецца, і паромшчыкам даводзіцца пачынаць і заканчваць працу ў прыцемках. Напружаныя ўмовы робяць яе яшчэ больш складанай. І не толькі для сябе і пасажыраў — для самога парома.


Пераправа на Дзвіне каля горада Дзісны знаходзіцца на 81-м кіламетры дарогі Дрэтунь — Дзісна — Празарокі. Водны ўчастак гэтай дарогі абслугоўвае філіял Міёрскага ДРБУ-203. Калі я рабіў гэты фотарэпартаж, на дзяжурнай вахце працавалі матросы Эдзіслаў Янушэўскі і Васіль Маслоўскі.

— Нашаму парому ўжо больш за трыццаць гадоў, але ён у добрым стане, дагледжаны, працуе без збояў, — кажуць матросы. — Мы возім персанал пансіяната інвалідаў і жыхароў пасёлка Луначарскі, а таксама жыхароў бліжэйшых вёсак, што на процілеглым березе. Летам і восенню дастаўляем туды-сюды ягаднікаў і грыбнікоў, рыбакоў, нарыхтоўшчыкаў дроў. А яшчэ легкавыя і грузавыя аўтамабілі і трактарную тэхніку. Часам на паром заязджаюць і конныя павозкі.

Дзісенскі паром злучае два раёны — Міёрскі і Верхнядзвінскі. З тэхнічнага пашпарта вядома, што памеры парома 24 на ы16 метраў, грузапад’ёмнасць — 60 тон. Пры дапамозе сілавой устаноўкі з дызельным рухавіком ад трактара Т-40 паром пераплывае Дзвіну за 10 хвілін, а гэта амаль 250 метраў па хуткай плыні.


Тутэйшых паромшчыкаў афіцыйна называюць матросамі, адзін з іх — рулявы. Іх тут восем. Акрамя названых работнікаў, тут працуюць Віктар Пяткоў, Георгій Барткевіч, Алег Касаты, Сяргей Рудак, Іван Кабяк і Валерый Валынец. Дзяжураць пазменна і заўсёды ў пары. Вахта цягнецца кругласутачна. У кожнага з іх вялікі стаж працы і вопыт ва ўпраўленні маторным агрэгатам. А ў міжсезонне, гэта значыць зімой, яны працуюць звычайнымі дарожнымі рабочымі і трактарыстамі, абслугоўваюць праезныя ўчасткі, тратуары і прыпынкі.

Максім Вечар

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter