Iнтэрвью з загадчыцай заатэхнічнай службы Валянцінай Кураш

Белыя каменьчыкі жыцця

Не важна, дзе ты нарадзіўся, — інтэлігентнасць закладваецца ў генах, — пераканана міёрскі заатэхнік Валянціна Кураш З сямнаццаці гаспадарак Міёрскага раёна ААТ “Дрыгуны” стабільна трымаецца ў ліку лепшых па надоях малака. Немалаважная заслуга ў гэтым і заатэхнічнай службы гаспадаркі, якую ўзначальвае выпускніца Лужаснянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Валянціна КУРАШ. Пачынала ў сельгаспрадпрыемстве з загадчыцы склада, узначальвала жывёлагадоўчую ферму, вытворчую брыгаду і больш за два дзесяцігоддзі кіруе заатэхнічнай службай. Вяскоўцы неаднаразова выбіралі Валянціну Васільеўну дэпутатам раённага Савета. Яна прадстаўляла Міёрскі раён на другім Усебеларускім сходзе. 



ДА старанна дагледжанага агарода Валянціны і Дзмітрыя Курашаў у міёрскай вёсцы Ракуны падступаюць нізіны рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” — бадай што самага большага еўрапейскага балота. Мясцовыя сяляне толькі ў моцныя маразы дабіраліся туды па дровы і смаляныя карчы. Багатыя на грыбы і ягады, звяроў і птушак, бясконцыя імшары спрадвеку вабілі людзей сваёй шчодрай прыроднай кладоўкай, але  і  палохалі  ў  той  жа  час нязведанай таямнічасцю. Неаднойчы чула Валянціна Васільеўна ад бабулі Марыі, як за польскім часам яна з мужам Аляксеем Панізнікам назбіралі грошай, пазыку ўзялі ў банку і прыдбалі стогектарную дзялянку выразанага лесу на ўскрайку балотнага масіва.

Да сёмага поту карчавалі ляды. Ачысцілі і перааралі цаліну, некалькі разоў перабаранавалі і засеялі збажыной. Сцяной узнялася хлебная ніва. Сабралі нечакана высокі ўраджай збожжавых і ўдала прадалі, а выручаныя грошы вярнулі адразу за ўсю пазыку банку. Больш засяваць гэтае поле ім не давялося. Вайна спыніла мірнае жыццё. Тры сыны — Васіль, Апанас і Аляксей — пайшлі на фронт. На Апанаса прыйшла пахаванка. Два браты вярнуліся жывымі. Васіль сеў на трактар у арганізаваным калгасе, куды адыйшла набытая бацькамі зямля і трыста гектараў цесця — Іосіфа Барткевіча, які дзесяцярых сваіх дзяцей імкнуўся забяспечыць надзеламі. Пасляваенная калектывізацыя перакроіла сялянскі ўклад. Многіх заможных сялян раскулачвалі і адпраўлялі ў высылку. Каб не трапіць пад раскулачванне, вялікая сям’я Барткевічаў падалася з родных мясцін ў Польшчу. Толькі замужнія Станіслава і Сцепаніда засталіся на Міёршчыне. Нават трохгадовая ўнучка Валянціна запомніла горкае развітанне сваякоў, якія назаўсёды пакідалі родную хату. Хутка яны паведамілі ў пісьме, што ўладкаваліся ў пакінутых дамах прускіх гаспадароў, атрымалі надзелы зямлі непадалёку ад нямецкай мяжы. Цікавіліся жыццём землякоў у Ракунах. Пазней сталі прысылаць пасылкі, якім асабліва радаваліся дзеці Станіславы. 

Старэйшая дачка Ірына хутка выйшла замуж, але нядоўгім выдаўся яе век. У маладыя гады скасіла цяжкая хвароба. Малодшая Валянціна пасля заканчэння Тукоўскай сярэдняй школы разам з сяброўкамі Галінай Цімафеевай і Галінай Бельскай паехала ў Баранавічы вучыцца на ткачыху. Маці слаба сябе адчувала і ўгаворвала дачку застацца дома. Але ў кінафільмах так рамантычна паказвалі жыццё маладых ткачых, што ўтрымаць дзяўчат было немагчыма. Закончылі прафтэхвучылішча і атрымалі накіраванне на Аршанскі льнокамбінат, дзе асвоілі працу на станках па выпуску парцьерных і лаўсанавых тканін. Заводскае жыццё Валянціны перарвала вестка, што злягла ад хваробы маці. Адгукнулася цяжкая праца на жывёлагадоўчай ферме, дзе Станіслава Іосіфаўна з першых дзён калгаса даглядала цялят. Усе работы даводзілася выконваць толькі ўручную. Дапамагалі муж і дзеці, але без выхадных і адпачынку ператаміла сябе і, не дачакаўшыся пенсіі, захварэла. Устрывожаная Валянціна кінулася дамоў. Да цёплых веснавых дзён даглядала хворую маці. Як пацяплела, паехала ў Оршу і звольнілася з ільнокамбіната. Вярнулася дамоў, і старшыня калгаса прапанаваў працу кладаўшчыка, а потым і брыгадзіра ў Ракунах. Праз год у пачатку вясны Валянціна выйшла замуж за калгаснага шафёра Дзмітрыя Кураша з суседняй вёскі Супорніца, якога са школьных гадоў ведала. На службу ў армію праводзіла, а ў час вучобы пісьмы атрымлівала. Бацькі блаславілі іх шлюб.

– У першыя сакавіцкія дні выпала многа снегу, і на конях з шумёламі ляцела наша вяселле з Ракуноў да жаніха, у Супорніцу, — узгадвае Валянціна Кураш. — Задорна гучалі гармонік і бубен. Уся вёска высыпала сустракаць нас. Бацькі Дзмітрыя чакалі гасцей каля варот падворка.

— Што ў пасаг вязла маладая?

— Гару падушак пуховых і шмат тканага яшчэ ў маміны маладыя гады. А мужу бацькі далі карову. Спачатку жылі ў маіх бацькоў і ўдваіх даглядалі хворую маці. І брату Вадзіму клопатаў па гаспадарцы хапала. Яны з Дзмітрыем на калгасных аўтамашынах працавалі, а бацька з раніцы да вечара на трактары поле апрацоўваў. Атрымлівалі ў калгасе збожжа, бульбу. І свае паўгектара папаўнялі засекі ўраджаем. Трымалі шмат свойскай жывёлы, і круглы год на стале ўсяго хапала. Сям’я пашыралася дзецьмі. Старшыня калгаса Уладзімір Лапацкі выдзеліў нам фінскі домік. Зямлю вакол яго акультурылі, агарод распрацавалі. І на працу паспявалі. Я ўжо вытворчай брыгадай кіравала. 

— Атрымлівалася?

— Усе добра знаёмыя. Мой настырны характар адчулі адразу. Лайдакам спуску не давала. Даярку, што любіла пад хмяльком да кароў прыходзіць, хутка адвучыла.

— Перавыхавалі?

— На гэта я і не спадзявалася, але хмельнай на працы больш не бачыла. Прайшлі гады, і мы яе на пенсію адправілі. Парадак у брыгадзе навяла. Дзякавалі многія за гэта. Цяпер цяжка знайсці такіх працавітых людзей, як раней. Мне лёгка было з імі. Дружна выходзілі ў поле і на луг. Паспявалі ўсё своечасова выконваць і вынікі добрыя мелі.  

— Па хатах збіралі вяскоўцаў на працу?

— У гэтым патрэбы не было. Як брыгадзір я адказвала за арганізацыю працы на полі і на ферме. Раніцу пачынала з наведвання ферм, а потым паляводаў размяркоўвала па ўчастках. Многа калгасу дапамагалі шэфы з міёрскіх арганізацый і ўстаноў. Каб больш граматна кіраваць, вырашыла паступаць вучыцца на заатэхніка.

— Чаму менавіта гэтую спецыяльнасць выбралі?

— З дзяцінства люблю жывёл. І вырасла ў сялянскай сям’і, дзе на падворку цесна было ад кароў, свіней, авечак, рознай птушкі. Ад нас да Лужасна недалёка — праз Заходнюю Дзвіну. За няпоўных два гады атрымала дыплом заатэхніка і нават Пахвальную грамату.

— А прадоўжыць адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе не намерваліся?

— Збіралася, але нарадзілася дачка, а потым сын. Не было на каго іх пакінуць, калі ехаць на сесію. Муж увесь дзень за рулём аўтамашыны.  Чытаю спецыяльную літаратуру, цікаўлюся навінкамі ў жывёлагадоўлі. Прапанавалі ўзначаліць заатэхнічную службу гаспадаркі, і вось ужо больш за два дзесяцігоддзі кірую. На фермах чысціня і парадак. Селекцыйная работа вядзецца. З года ў год павялічваем прадукцыйнасць статка. Наш былы старшыня калгаса Максіменка строга ад нас патрабаваў высока трымаць планку. Мая былая памочніца на жывёлагадоўчай ферме Ліля Ягорава, якая зараз працуе ў Пастаўскім раёне, неяк патэлефанавала і сказала, што пасля нашай гаспадаркі ўсюды зможаш працаваць. 

На пяці малочна-таварных фермах утрымліваем звыш трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 630 дойных кароў. Маглі б і большае пагалоў’е мець, але зямлі ў гаспадарцы малавата. 

Гадавы ўдой ад каровы давялі летась да пяці з паловай тысяч кілаграмаў, а сёлета разлічваем выйсці на звыш 5650 кілаграмаў. Нашы даяркі з дрыгучанскай фермы — вопытная Людміла Аблец і маладая Ірына Блінец — Святлана Кашыра і Алена Януль з ракуноўскай фермы ўжо выходзяць на шасцітысячны рубеж. На іх раўняем усіх.

— Ці не хвалюе вас, хто заменіць сённяшніх жывёлаводаў?

— Падрастае маладая змена. Нядаўна чатыры маладыя даяркі папоўнілі калектыў. Умовы працы на фермах пастаянна паляпшаюцца. 

— Бяспрэчна, не параўнаць з тымі, калі вы дапамагалі маці даглядаць цялят. Значна лягчэй стала працаваць жывёлаводам.  А як галоўнаму заатэхніку?

— Цяжэй трымаць дысцыпліну. Трэба забяспечваць выкананне высокіх параметраў па якасці прадукцыі. Увялі каэфіцыент працоўнага ўдзелу. Разам з загадчыцай фермы вызначаем яго кожнаму жывёлаводу асобна. Працуюць дзве даяркі побач і розныя вынікі маюць, таму і заробкі розныя. Дадаткова даплачваем за малако сорту “экстра” і за перавышэнне ўзроўню мінулага года. Гэта стымулюе. Перадавыя даяркі атрымліваюць значныя даплаты, за месяц выходзіць каля пяці мільёнаў рублёў. Даярка Алена Януль ад 46 кароў летам у суткі надойвала па тоне малака. Некаторыя каровы давалі штодзённа па 36 кілаграмаў малака. Вопытныя і працавітыя ў нас пастухі Яўген Радзішэвіч, Валянцін Бялоў, Аляксандр Арол. Яны клапоцяцца, каб жывёла сытай была. Ад выхаду малака іх заробак таксама залежыць. Штодзённа з асемянатарам Уладзімірам Панізнікам і ветурачом Настассяй Касевіч наведваем летнія дойкі. Калі мне не выпадае, выязджае з імі другі заатэхнік — Міраслава Гудак. Усё трымаем на пільным кантролі.

— Валянціна Васільеўна, мне даводзілася чуць ад кіраўнікоў некаторых гаспадарак, што заатэхнік не патрэбен. Кармамі жывёлу забяспечвае агранамічная служба, ветурач лечыць, а якая функцыя ў заатэхніка?

— Вельмі важна дабіцца высокай якасці малака, якое прадаецца. Гэта ж адразу папоўніць бюджэт гаспадаркі, і толькі гэта апраўдвае ролю заатэхніка. На ім  ляжыць  таксама пільны кантроль за якасцю закладваемых кармоў. Пастаянна заязджаю на сенажныя ямы ў час закладкі зялёнай масы і гляджу, каб добра трамбавалі. Ад высокаякасных кармоў залежыць і гатунак малака. Дзевяноста два працэнты малака мы прадаём сортам “экстра” і імкнёмся яшчэ вышэй падняць гэты паказчык. Толькі якаснае і ад здаровых кароў малако адпраўляем на малаказавод і ад гэтага выігрываем.

— Вытворчыя паказчыкі на вашых фермах растуць. А якія рэзервы  яшчэ не рэалізаваны?

— Галоўнае для жывёлы — кармы. Малавата бялку ў рацыёне на нашых фермах. Неабходна засяваць большыя плошчы бялковымі культурамі: люцэрнай і канюшынай, якія хутка адрастаюць. І большую ўвагу звяртаць на  генетычны адбор пагалоў’я.

— Цікавая і патрэбная прафесія заатэхніка, але чамусьці конкурсу на гэтую спецыяльнасць як у сярэдніх спецыяльных, так і ў вышэйшых навучальных установах ужо некалькі гадоў запар няма. Чаму моладзь ігнаруе заатэхнію?

— А таму, што вельмі адказная справа. Пасады галоўных заатэхніка і інжынера самыя цяжкія на вёсцы. На іх замыкаюцца асноўныя тэхналагічныя працэсы. Але разам з гэтым работа заатэхніка і даволі творчая. Ад яго ведаў і адносін да справы залежыць вынік усёй галіны.

— Заатэхнік раней за ўсіх з’яўляецца на ферме і апошнім вяртаецца дамоў. А калі бліны смажыце мужу?

— Мой гаспадар — пенсіянер і сам мне на стол накрывае.

— Сваіх дзяцей не пакінулі на вёсцы?

— Мае дзяды потам палівалі гэту зямлю, імкнуліся больш яе мець і абрабляць. Іх за кулакоў прынялі, і яны вымушаны былі пакінуць родны кут, каб не трапіць у халодную Сібір. Толькі праз трыццаць гадоў мы сустрэліся з бабуляй Юляй. Асаблівага шчасця на чужыне яны не здабылі. Да апошняга дня ў снах хадзілі па родных ельнінскіх журавінніках. Бацькі мае мала пражылі, бо працавалі цяжка. І я баялася, што мае дзеці застануцца ў вёсцы і будуць гора гараваць. Але іншай стала праца на зямлі. На нашых фермах чыста, светла. Да мінімуму зведзена ручная праца. Кароў дояць аўтаматы. Заробкі высокія. Жыллё будуем для маладых. 

Прыеду да дачкі ў Наваполацк — і душна, тлумна там. Хутчэй у вёску вяртаюся. Унук Аляксей закончыў універсітэт па спецыяльнасці праекціроўшчык і працягвае вучобу ў магістратуры. А ўнучка Сафійка — спартсменка. Любіць жывёл. Калі прыязджае, на ферме мне дапамагае. Пытаю: мо, станеш заатэхнікам, маўчыць.

— Валянціна Васільеўна, што вас прымушае на пенсіі працаваць?

— Не магу спыніцца. Пайшла ў адпачынак і збіралася не вяртацца, але не змагла. Па хатняй гаспадарцы спраў хапае: карова, свінні, шмат кур, агарод вялікі. Дачка і ўнукі дапамагаюць. Хвалююся, што, калі развітаюся з працай,  маім даяркам будзе горш. 

—  Вы сябе вясковым інтэлігентам адчуваеце?

— Заўжды ім была. Маімі продкамі закладзена  інтэлігентнасць. Бацькі, дзяды і прадзеды былі інтэлігентамі. Іншаю сябе не ўяўляю. І дзецям, унукам, спадзяюся, што перадала яе. Не важна, дзе ты нарадзіўся, інтэлігентнасць закладваецца ў генах.

— Ці быў у вас такі дзень, які многае перайначыў?

 — Калі прыехала да хворай маці і вырашыла вярнуцца да вытокаў. Радавалася нараджэнню дзяцей і ўнукаў, паступленню іх на вучобу і калі ўнучка на прэстыжных спартыўных спаборніцтвах першынствавала. Такія дні белымі каменьчыкамі выкладзены ў маім жыцці.

Уладзімір СУБАТ

Міёрскі раён

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter