“Белы” тыдзень — час вялiкiх пачынанняў

А Чысты чацвер на гэтым тыднi — самы знакавы дзень.Нашы сучаснiкi прызвычаены да таго, што Новы год адзначаецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Аднак яшчэ некалькi стагоддзяў назад пачаткам года было святкаванне Вялiкадня. Для таго, каб зразумець, што якраз веснавы пачатак новага года быў самым старажытным i найбольш лагiчна распрацаваным, неабходна звярнуцца да асэнсавання працэсу падрыхтоўкi беларускага селянiна да Вялiкадня. У нябыт адыходзiў стары год, ён павiнен быў захапiць з сабой фактычна ўсю назапашаную за гэты перыяд iнфармацыю (энергетыку, праблемы, беды, нястачы, хваробы, няшчасцi). Чалавек павiнен быў змыць, ачысцiць, выпалiць агнём (цi свечкай) сiмвалiчныя знакi мiнулага.

У Чысты панядзелак пачыналi наводзiць парадак у двары, каля гумна, хлява, адусюль выграбалi мiнулагодняе смецце. Абавязкова прыбiралi ў садзе. Менавiта ў гэты дзень бялiлi хату i ўсе дваровыя пабудовы. Наводзiлi парадак i ў хляве: чысцiлi хатнюю жывёлу, выкiдвалi гной.
У аўторак пачыналi наводзiць парадак у хаце. Усё хатняе начынне выносiлi, перасушвалi, выбiвалi пыл, вымывалi вокны, вымяталi з усiх закуткоў смецце, бялiлi печ.
У сераду на перадвелiкодным тыднi трэба было вымыць усё драўлянае: дзяжу, хлебную лапату, выскрабалi сталы, лавы i г.д. Таму i дзень атрымаў такую незвычайную назву — Дравяная страсць.
 Калi панядзелак, аўторак i серада перадвелiкоднага тыдня былi часам поўнамаштабнага ачышчэння прасторы сялянскай сядзiбы i непасрэдна жытла, то чацвер ставiў заключную кропку ў працяглым i паэтапным працэсе ўсеагульнага развiтання (iнфармацыйнага, энергетычнага, гаспадарчага) з мiнулым часам. Лiчылася, што ўсход сонца ў гэты дзень ужо сам чалавек павiнен быў сустрэць абноўленым, чыстым.
 Чысты чацвер быў не столькi днём канчатковага ачышчэння-прыбiрання, колькi часам перакадзiроўкi, перапраграмiравання i перамадэлiравання прасторы сялянскага гаспадарання, космасу самога жытла i непасрэдна духоўнай i фiзiчнай iснасцi самога чалавека. Ва ўсiх славянскiх народаў, у тым лiку i ў беларусаў, iснавала вялiкая колькасць прадпiсанняў i павер’яў, звязаных з рэгламентацыяй паводзiн у перадвелiкодны чацвер.
Ступенню надзвычайнай святасцi надзялялася ноч з серады на чацвер перадвелiкоднага тыдня. Яна ў роўнай ступенi “адорвала” энергiяй ачышчэння, тварэння i аздараўлення кожнага, хто гэтага хацеў пажадаць. Зоры, Сонца, Месяц, iншыя планеты нашай Галактыкi быццам знiтоўвалi сваю касмiчную моц у адзiн прамень i накiроўвалi яго да Зямлi, каб кожны чалавек змог “назапасiць” яе на ўвесь будучы год. Чалавек выкарыстоўваў гэту магчымасць рознымi шляхамi. Але найперш ён звяртаўся па дапамогу да самых першых i найбольш пашыраных стыхiй прыроды: вады, солi i агню.
“Соль таму ў вочы, хто дабра нам не хоча” — адным з самых старажытных абярэгаў лiчылася “чацвярговая” соль, якую “рыхтавалi” у ноч на Чысты чацвер, выстаўляючы яе на ноч на адкрытае паветра. Зашыўшы некалькi драбiнак такой солi ў чырвонае палатно i носячы яе пры сабе, чалавек ахоўваў сябе ад дурнога вока i благога слова.
“Чыстай вады праўда” — акрамя солi ў Чысты чацвер на двор выносiлi асвячаць ваду i мыла. Людзi былi глыбока перакананы, што Чысты чацвер “змывае” ўсе грахi i хваробы на цэлы год, таму асноўным рытуальным дзеяннем ранiцы гэтага дня было купанне. Лазню палiлi яшчэ з вечара, каб рана-раненька ўсёй сям’ёй памыцца да ўзыходу сонца. Яшчэ пазней узнiкла традыцыя памыцца ў той вадзе, у якую апускалi сярэбраную манету. Лiчылася, хто першым памыецца, у таго на працягу года будзе чысцюткiм твар.
“Страсная свечка — ахоўнiк i памочнiк” — бадай што нароўнi з соллю выключным статусам абярэгу лiчылася страсная свечка — тая, з якой людзi стаялi ў царкве ў час набажэнства з серады на чацвер.
У перадвелiкодны чацвер гаспадыня будзiла ўсю сям’ю даволi рана, бо лiчылi: хто праспiць узыход сонца, дрэнна будзе пачуваць сябе ўсё лета. Гаспадар садзiўся ў чырвоным куце i павольна лiчыў грошы, каб iх хапала на ўсе сямейныя задумы, пасля гэтага iшоў у кладоўку i перамешваў зерне ў бочках. Дзяўчаты выходзiлi ў сад, станавiлiся пад яблыняй i доўга часалi валасы, каб добра расла каса. Гаспадыня спяшалася перабраць цыбулю, што таксама павiнна было паспрыяць добраму ўраджаю. Увогуле iснавала меркаванне, што ў гэты дзень трэба было “перарабiць усе работы”, тады на працягу года ўсё будзе спорыцца.
У садзе спальвалi старое лiсце i траву, каб ачысцiць дрэвы ад хвароб i нячыстай сiлы, “тады нiводнага вусеня не будзе на дрэвах”. У кароў i коней у гэты дзень абразалi хвасты, а са спiны выстрыгалi невялiкую пасмачку поўсцi i затыкалi ў варотах, каб жывёла вярталася вечарам дадому. А каб карова была малочнай, перад усходам сонца гаспадар кiраваўся да таго месца, у якiм злiвалiся два ручаi або дзве рачулкi, набiраў там вядро вады i нёс дадому. Гаспадыня абмывала той вадой вымя каровы i тым часам цiхенька шаптала: “Як гэта вада прыбывае, так i малако, каб прыбывала ў маёй каровы”.
Клапацiлiся i пра свойскiх птушак. Каб захаваць курэй i каб яны добра неслiся, “чацвярговы” попел гаспадыня выносiла ў куратнiк i рассыпала па падлозе.
Усё было гатова для правядзення самага таямнiчага, самага сакральнага свяшчэннадзейства ў кожнай сялянскай хаце. З прыўзнятым настроем, з адчуваннем гонару за важнасць распачынаемай справы гаспадар уносiў у хату чыстую (абноўленую) дзяжу, у якой гаспадыня павiнна была рашчынiць цеста для новага хлеба. Гэты рытуал меў самую вялiкую сiмвалiчную нагрузку: закладвалася аснова будучага дабрабыту сялянскай сям’i, таму, акрамя спецыяльных абрадавых дзеянняў, гаспадыня шаптала словы замовы, тройчы крыжам хрысцiла дзяжу, трымаючы ў руцэ нож.
Рашчыну пакiдалi ў дзяжы на ноч. Трэба было, каб цеста добра выхадзiлася, яго некалькi разоў аббiвалi, старанна вымешвалi, дадавалi сушаныя ягады, яечны жаўток. Велiкодныя караваi ўпрыгожвалi “касой-пляцёнкай”, выявай крыжа, а таксама лiтарамi “ХВ” (Хрыстос Васкрос), а ўжо ў апошнюю чаргу, каб яны блiшчэлi, каравай змазвалi яечным бялком або жаўтком. Выпякалi хлеб толькi назаўтра, у Страсную, Чырвоную, пятнiцу.

Працэс падрыхтоўкi да Вялiкадня завяршаўся ў Чырвоную суботу. Заставалася толькi адно — пафарбаваць яйкi.
Цiкавае назiранне: перадвелiкодны тыдзень, як i чатыры першыя яго днi, называўся “белым”, а пятнiца i субота станавiлiся ўжо “чырвонымi”. Увесь тыдзень быў часам пераходу з аднаго года ў iншы. А гэта якраз той час, якi характарызаваўся адсутнасцю зразумелай усiм iнфармацыi. А адсутнасць рытуальнай iнфармацыi ў сiмвалах традыцыйнай культуры адпавядала сiмволiцы рытуальна “чыстага” — белага колеру!  Чыстымi, а г.зн. белымi, былi днi, прысвечаныя ачышчэнню: панядзелак, аўторак, серада i, канешне, чацвер. Але як толькi пачыналася “перапраграміраванне”, прастора набывала жыццядайную iнфармацыю, назвы наступных двух дзён “мянялi” свой колер на супрацьлеглы, яны станавiлiся “чырвонымi” — Чырвоная пятнiца i Чырвоная субота, што манiфесцiравала пачатак новага года i адначасова працяг сямейнага жыцця.

Аднак, як i ва ўсялякай iншай справе, усё новае перад тым, як яно будзе ўключана ў працэс чалавечай жыццядзейнасцi, павiнна быць намолена, абагоўлена, благаславёна, так i асноўныя велiкодныя стравы павiнны былi асвяцiцца ў храме. Нехта ў Чырвоную суботу, нехта ў Святую нядзелю асвячаў у храмах стравы першатварэння i толькi потым ужо сам чалавек далучаўся да самай свяшчэннай тайны Сусвету — да жыццядайнай энергii Сонца, солi, свечкi, хлеба i яйка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter