“У бальніцу можна трапіць з-за самага маленькага”: як мінскія камунальнікі ачышчаюць дахi ад ледзяшоў

Белы снег, востры лёд

Кіроўца! Паглядзі спачатку ўверх, перш чым паркаваць свой аўтамабіль. Асцярожна! Магчыма падзенне ледзяшоў і снегу!» — вяшчае папераджальная ўлётка, прымацаваная да сігнальнай стужкі. Участак каля дома на вуліцы Кірава, 19 агароджаны. Тут вось-вось пачнецца бітва за чысты дах. Брыгада рабочых па комплексным абслугоўванні ЖЭУ № 3 Ленінскага раёна рыхтуецца да пад’ёму, каб прыбраць снег і наледзь. Карэспандэнт «Р» даведалася, колькі сіл неабходна, каб пазбавіцца ад небяспечных ледзяшоў, і чаму праца гэтая зімой вядзецца пастаянна.


Кожны дзень у Мінску чысцяць дахі жылых дамоў. У сярэднім — каля 300 дахаў! Дзясяткі спецыялістаў — ізаліроўшчыкаў, страхароў, прамысловых аль­піністаў — вядуць барацьбу за тое, каб нам не ўпаў снег на галаву. Паглядзім, як яны працуюць. 

Брыгада з трох чалавек — двое рабочых па комплексным абслугоўванні і адзін страхар — дастаюць свае інструменты. Гэта шырокія рыдлёўкі, малаткі, спецыяльныя скрабкі, якімі чысцяць варонкі, вадасцёкі, саскрабаюць лёд. Падрыхтавана да працы і аўтавышка. Яна зможа падняць людзей на вышыню да 22 метраў. Дарэчы, над намі з даху дома звісаюць зусім невялікія ледзяшы. Усяго нейкіх 10—30 сантыметраў, і тых — пару штук. Хіба такое збіваюць?!

— Вядома! Нават з-за самага маленькага лядзяша могуць быць вялікія непрыемныя наступствы, — папярэджвае мяне галоўны інжынер ЖЭУ № 3 Ленінскага раёна Аляксандр Каноўка. Сёння ён кантралюе працу брыгады. Дапамагае ў гэтай мужчынскай кампаніі і Ала Масюк, начальнік вытворчага аддзела ЖКГ Ленінскага раёна. 

— ЖКГ — заказчыкі, таму для нас важна кантраляваць ход і выкананне работ, — тлумачыць яна.

Цікава, а як становіцца вядома, што дзесьці выраслі ледзяшы? Аказваецца, у кожным раёне горада з самай раніцы майстры робяць абход тэрыторый, паўтараюць яго і ўвечары. Калі яны знаходзяць дом, дах якога неабходна пачысціць, то паведамляюць пра гэта ў ЖКГ раёнаў. У выпадку крытычнай сітуацыі адразу ж на месцы ўсталёўваюць сігнальную стужку.

— Вывешваем і на дошках аб'яў каля пад'ездаў папярэджанні, што будзем чысціць дах, аўтамабілістаў просім прыняць прыпаркаваныя машыны, — апісвае працэс Аляксандр Каноўка.


А яшчэ бываюць выпадкі, калі вышыні аўтавышкі не хапае для паўнавартаснай уборкі. Тады выклікаюць прамысловых альпіністаў пад­рад­ных арганізацый. Вой, мы загаварыліся. Праца ж закіпела! Рабочыя, надзеўшы каскі, тоўстыя пальчаткі, садзяцца ў люльку аўтавышкі і падымаюцца над намі прама да даху чатырохпавярховага дома. 

— У цэнтры горада шмат да­моў са скатнымі дахамі, вонкавымі во­даадводамі, таму і абледзяненняў шмат, — каменціруе Ала Масюк. — А дзе дах плоскі, там водаадводы ўнутры дома, усе ападкі трапляюць у каналізацыю.

Глядзіце! Падае снег... Гэта майстры проста счышчаюць яго з даху. Вось-вось возьмуцца за малаток і пачнуць разбірацца з лёдам. Бух! Упаў адзін лядзяш. Бу-бу-бух! Яшчэ некалькі... Да сваёй «Волгі» падбягае аўтааматар, які прыпаркаваў машыну ў дзесяці метрах ад гэтага даху: ён вырашае прыняць яе далей ад граху. І гэта правільна. Таму што наступным з даху падае кавалак лёду. Яго дасталі з водаадвода. 

Мы ж пакуль заходзім за паварот, каб паглядзець, як на вуліцы Кірава, 23 ужо прамысловыя альпіністы будуць пакараць дах.

…Васіль Бярозка, Аляксандр Пардонаў і Уладзімір Марцінкевіч на трох маюць 45 гадоў працы на вышыні. Пакуль яны ідуць да трэцяга пад'езда, праз гарышча якога падымуцца на самы верх, пытаюся: ці не страшна? Аляксандр Пардонаў жартуе: «Страшна толькі цывільным. У нас вялікі досвед працы. Але вышыню не баяцца толькі дурні. Галоўнае ў нашай справе — выконваць тэхніку бяспекі. Абы-каго на дах не пусцяць. З ледзяшамі, абледзяненнямі мы добра спраўляемся». Тады пытаюся, ці ведаюць яны песню «Паміж намі растае лёд». Альпіністы жартуюць: «Ну а як жа».

Пасмяяліся, і баста. Прамысловыя альпіністы рыхтуюць страховачныя тросы, мацуюць іх за вентыляцыйную шахту на даху. Прычым па даху, кажуць, пойдуць акуратна — важна яго не сапсаваць. А мы і прахожыя назіраем знізу, што будзе.

І зноў падае снег, зноў раз­біваецца аб зямлю лёд. 

Усё! Прамысловыя альпіністы спускаюцца, наступныя дамы – на вуліцы Свярдлова: ім за дзень трэба ачысціць каля 15 дахаў. 

Напрыканцы пытаю: а што ж рабіць, калі заўважу, што дзесьці звісае небяспечны лядзяш? Ала Масюк нагадвае: звярнуцца трэба ў кантакт-цэнтр ЖКГ — кароткі нумар 115.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter