
Ад белізны снегу, пакрыўшага вадаём, аж вачам балюча. На лёдзе ўжо ўладкаваліся рыбакі са сваімі вудамі і бурамі.
— Хоць лёд дастаткова моцны, многія рыбакі стараюцца трымацца бліжэй да нас, — заўважае Вадзім Новік, начальнік Смалявіцкай выратавальнай станцыі. — Мала ў каго ёсць выратавальныя сродкі, спадзяюцца на нашы.
Што ж, паглядзім!

Каля ног Сяргея, рыбака са Смалявіч, б’юцца на снезе некалькі маленькіх, з карандаш, плотачак.
— Нешта буйное тут цягнуў, але сарвалася, — бядуе ён.
Рыбачыць Сяргей у асноўным зімой, калі мае больш вольнага часу. Прызнаецца, што сезон адкрыў, калі лёд быў яшчэ слабы, але тут жа падкрэслівае, што стараецца трымацца бліжэй да берага:
— Я яшчэ жыць хачу!
Асцярожнасць ды прага да жыцця — вось і ўсе яго выратавальныя сродкі.
У чаканні паклёўкі Аляксей Мазынскі з Жодзіна грэецца гарбатай.
— Не хоча лавіцца! Дзве плотачкі — і ўсё, — скардзіцца ён. — Відаць, перапад атмасфернага ціску.
З вудай на вадаёмы ён выпраўляецца заўсёды, калі выпадае вольная часіна, хоць летам, хоць зімой. Пачуўшы пытанне, ці выходзіць на тонкі лёд, нават крыху абураецца:
— Ходзім, канешне! Ну, правальваўся пару разоў: па калена, амаль па пояс. Сам вінаваты: вясна ўжо была, а мне ўсё хацелася далей ад берага адысці.
Читайте также
А вось Павел Вярбіцкі на тонкі лёд увогуле не ходзіць:
— Навошта лезці туды, куда не трэба?
Мусіць, таму і сродкаў выратавання пры сабе не мае.
Між тым супрацоўнікі таварыства ратавання на водах (Асвод) усё ж просяць рыбакоў не губляць пільнасць. Ужо пасля наступлення халадоў стала вядома пра тры выпадкі, калі людзі правальваліся пад лёд. Рыбак, што апынуўся ў вадзе гомельскага вяслярнага канала, абавязаны жыццём прахожай жанчыне. Яна спачатку паспрабавала выцягнуць яго з вады самастойна, а не здолеўшы, падняла гвалт, і на дапамогу прыбеглі мужчыны, што вудзілі рыбу непадалёк.

Супрацоўнікі Смалявіцкай выратавальнай станцыі ў любы момант гатовы кінуцца на дапамогу
На рэчцы Абалянка ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці загінуў 64-гадовы рыбак. Рака там выцякае з возера, а ў такіх месцах лёд танчэйшы з-за плыні нават у моцныя маразы. Да таго ж рыбак дапусціў элементарныя парушэнні: апрануў рукзак на дзве лямкі, тым самым пазбавіўшы сябе магчымасці хутка вызваліцца ад грузу. Пры ім былі лыжы, але рухаўся ён чамусьці пешшу.
Читайте также
— Нам вядома таўшчыня лёду на водных аб’ектах, дзе ёсць выратавальныя станцыі або пункты, — папярэджвае Алег Баразна, вядучы спецыяліст рэспубліканскага Асвода. — А ў краіне ж дзясяткі тысяч вадаёмаў. Плынь на рэках можа стаць прычынай узнікнення прамывін, асабліва ў месцах зліцця, выхаду цёплых або сцёкавых вод.
На азёрах лёд звычайна таўсцейшы, аднак і там яго могуць парушыць падводныя крыніцы, моцны вецер. Танчэйшы ён і каля расліннасці, напрыклад у зарас-ніках чароту. Так што губляць пільнасць і ігнараваць сродкі выратавання не трэба нават у моцны мароз.
nevmer@mail.ru