Невядомая гісторыя Радзівілаў

Белы лебедзь Радзiвiлаў

Прах вядомай мецэнаткi Магдалены Радзiвiл плануюць перапахаваць у Беларусi
На працягу стагоддзяў род Радзівілаў меў выключную ролю ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яны былі палітыкамі і палкаводцамі, займалі вышэйшыя пасады, прымалі ўдзел у войнах, мецэнацтвавалі. Сёння, калі мы гаворым пра гэты род, у памяці перш за ўсё ўсплываюць вобразы мужчын. Але значная колькасць жанчын з роду Радзівілаў пакінула не менш прыкметны след у гісторыі. Яскравы прыклад таму — Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Радзівіл, народжаная Завішы. Яна актыўна дапамагала ўсім, каму магла і пакуль магла. Менавіта на дабрачыннасць ахвяравала гэтая дзіўная жанчына ўсё сваё багацце.

Магдалена Радзівіл — “беларуская шляхцянка”,
як яна сама сябе называла, з дачкой Марыяй Людавікай.

Нават пасля 1918 года, калі Магдалена жыла ў эміграцыі, раз-пораз пераязджаючы з месца на месца, у яе ўвесь час прасілі дапамогі. Аднак у звычайна спагаднай на ўсе беды панны ўжо проста не было грошай. У адным з лістоў яна так адказвала просьбіту: “Мне здаецца, што прападобны Бацька не ведае аб маім фінансавым становішчы. Большасць таго, што я мела, цяпер у руках бальшавікоў па той бок мяжы. Маю вялікія даўгі, а таго, што застаецца ад даходаў, пасля адлічэння працэнтаў за даўгі і пенсіі для старых слуг і іх удоў, хапае мне на сціплае жыццё ў сельскім манастыры. Прашу ні на што не спадзявацца, бо нічога не магу даць...”

Апошнія гады жыцця Магдалены прайшлі ў манастыры сясцёр-дамініканак у швейцарскім горадзе Фрыбур (Фрайбург). Там жа яна і памерла ва ўзросце 84 гадоў. Пахаванне прайшло сціпла. І ніхто ў ціхім гарадку не мог нават выказаць здагадку, што гэтай жанчыне абавязаны сваёй вядомасцю многія беларускія культурныя дзеячы і паэты, а простыя людзі — бясплатнымі адукацыяй і лячэннем.

Вяртанне на радзіму

Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння знакамітай мецэнаткі. Самая “гарачая” навіна: магчыма, прах Магдалены Радзівіл перавязуць з далёкай Швейцарыі ў Беларусь, якую яна заўсёды называла сваёй радзімай: “Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не прызнаю”, — казала яна ў 1912 годзе ў інтэрв’ю газеце “Мінскае рускае слова”.

Ідэя перапахавання праху Магдалены зыходзіць ад яе сваякоў. Менавіта з гэтай мэтай прыязджалі нядаўна ў Беларусь яе нашчадкі — Мацей і Мікалай Радзівілы. Яны пабывалі на аўдыенцыі ў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, каб атрымаць дазвол на перапахаванне княгіні ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Вынік перамоў пакуль невядомы, але, па словах намесніка дырэктара па навуковай працы Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрыя Яцкевіча, у якасці альтэрнатыўнага варыянта апошняга прытулку Магдалены Радзівіл разглядаецца яшчэ і радавы склеп у Нясвіжы.

Для Мацея Радзівіла найбольш аптымальным выбарам з’яўляецца ўсё ж Чырвоны касцёл. Дарэчы, мінская кватэра княгіні знаходзілася якраз непадалёк, у будынку, які захаваўся да нашага часу (вуліца Савецкая, 17). Тут на першым паверсе Магдалена здымала 8 пакояў. У пачатку XX стагоддзя гэта быў адмысловы культурны клуб беларускай інтэлігенцыі. Гаспадыня заўсёды была рада гасцям. Між тым за ветлівай усмешкай і шчырасцю прыгажуня-панна хавала глыбокую асабістую трагедыю і душэўны боль.

Няроўны шлюб

Магдалена была дачкой графа Яна Казіміра Завішы-Кежгайлы і праўнучкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Марыі Квілецкай. Аднак яе шлюб з князем Мікалаем Вацлавам Радзівілам грамадства не ўхваліла. Мала таго што нявеста была ўдавой, дык яшчэ і старэйшай за жаніха аж на 19 гадоў. Нягледзячы ні на што, у сакавіку 1906 года яны ўзялі шлюб у Парыжы.

 

Рэакцыя грамадства зноў жа не прымусіла сябе чакаць. Ужо праз пару дзён князю было адмоўлена ў членстве ў шляхецкім клубе. Маладых не прымалі ў велікасвецкіх гасцёўнях. Але па-сапраўднаму шчаслівых Магдалену і Мікалая гэта не хвалявала. З Францыі яны з’ехалі ў маёнтак Кухцічы, які знаходзіўся непадалёк ад Мінска. У той час тэрыторыя сядзібы ўключала ў сябе практычна ўвесь Уздзенскі раён.

Нядоўгае шчасце

Мікалай заняўся гаспадаркай, наладзіў гандаль лесам, а ў 1911 годзе нават арганізаваў будаўніцтва чыгуначнай веткі Вярэйцы — Градзянка, якая існуе і зараз.

А Магдалена займалася дабрачыннасцю, у прыватнасці, падтрымкай беларускай культуры. Дарэчы, Магдалена і Мікалай былі яе заўзятымі прыхільнікамі. Напрыклад, усё справаводства і дамавыя кнігі ў іх 18 маёнтках і 8 лясніцтвах вяліся выключна на беларускай мове. Яны адчынялі беларускія школы ў вёсках і мястэчках, фінансавалі прытулкі, дапамагалі беларускім студэнтам. Акрамя таго, Мікалай Радзівіл быў апантаным збіральнікам беларускага фальклору.

Але шчасце з чалавекам, які цалкам разумеў і падтрымліваў Магдалену, доўжылася толькі восем гадоў. У 1914-м Мікалая Радзівіла накіравалі ў войска. Ён загінуў ва Усходняй Прусіі.

Страціўшы каханага, Магдалена цалкам прысвяціла сябе грамадскай дзейнасці. Яна фінансавала выдавецтва “Загляне сонца і ў нашае ваконца”, газету Bielarus. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, браты Луцкевічы, Раман Скірмунт, Эдвард Вайніловіч і іншыя дзеячы беларускага культурнага руху.

Магдалена Радзівіл аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Тараса Гушчы (Якуба Коласа). Яна пералічвала грошы Віленскаму ўніверсітэту, актыўна ўдзельнічала ў працы Мінскага дабрачыннага таварыства. У 1915 годзе яе абралі ганаровым членам Камітэта дапамогі пацярпелым у вайне. Княгіня ахвяравала грошы літоўскай гімназіі, беларускай грэка-каталіцкай семінарыі ў Рыме і на многія іншыя мэты.

У 1918 годзе Магдалена, як і многія іншыя, з’ехала за мяжу, як высветлілася пазней, назаўсёды. Магчыма, спатканне з любай Беларуссю адбудзецца для яе цяпер, практычна праз стагоддзе? Будзем спадзявацца на гэта.

Каб памяталі

Магдалене Радзівіл, а таксама беларускім мецэнатам і палітычным дзеячам мінулых стагоддзяў была прысвечана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага — апора беларускай дзяржаўнасці, асветнікі і фундатары нацыянал ьнай культуры”. Яе арганізавалі Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Больш за 80 гасцей, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, навукоўцы-гісторыкі і археолагі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, архіваў і бібліятэк дзяліліся вынікамі ўласных даследаванняў.

— Роля гістарычнага мінулага, самабытнасці народаў у сучасных умовах узрастае, — лічыць першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун. — Правядзенне такіх канферэнцый — вялікі ўклад у інфармаванне грамадства аб ролі роду Радзівілаў, іх месцы ў гісторыі. Гэта дазваляе не толькі памятаць аб сваім мінулым, але і пазнаваць факты, якія заставаліся раней не агучанымі.

Акрамя заслуг у галіне мецэнацтва, што, у прынцыпе, лічылася натуральным для забяспечаных людзей, Радзівілы на працягу многіх стагоддзяў не проста ўплывалі на палітыку, але і фарміравалі яе, гаворыць загадчык аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Валерый Герасімаў:

— Цяжка пераацаніць значэнне ўкладу гэтых людзей у гісторыю не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і ўсёй Усходняй і Заходняй Еўропы. Многія з іх былі геніяльнымі палкаводцамі і бліскучымі палітыкамі. І гэтая спадчына патрабуе самага стараннага аналізу і вывучэння. На жаль, беларусы мала ведаюць пра тое, што калісьці мелі. І гэтую сітуацыю трэба выпраўляць.

Мерапрыемствы, падобныя гэтаму, плануецца зрабіць рэгулярнымі. У беларусаў з’явіцца магчымасць падрабязна пазнаёміцца як з агульнымі пытаннямі нашай гісторыі, так і з канкрэтнымі асобамі, якія яе стваралі.

ЦІ ВЕДАЕЦЕ?



Берлінская рэйхсканцылярыя стаіць на месцы палаца князя Антонія Генрыха Радзівіла. У старым будынку на Вільгельмштрасэ, 77 працаваў яшчэ Бісмарк. У 1938 годзе Гітлер загадаў разбурыць палац. На яго месцы і быў узведзены новы будынак па праекце Альберта Шпеера.

bebenina@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter