Белы — колер жалобы?

Пра тое, што ў хату прыйшла бяда — смерць блізкага чалавека, сведчылі адпаведныя дзеянні людзей і адмысловыя рытуальныя знакі-атрыбуты.

Пра тое, што ў хату прыйшла бяда — смерць блізкага чалавека, сведчылі адпаведныя дзеянні людзей і адмысловыя рытуальныя знакі-атрыбуты.

На Беларусі першарадным рытуальным дзеяннем першай пасмяротнай гадзіны было вывешванне на  акно з боку вуліцы белага, без малюнка і арнамента, ручніка як знака, які сведчыць пра тое, што ў хату прыйшла бяда. Услед за смерцю змянялася каляровае напаўненне ўнутранай прасторы хаты: “У хаце памерлага і хатах сваякоў усе ручнікі і фіранкі замяняюцца на белыя, сумныя”. У народзе ўжо даўно жывуць фразеалагізмы: “Што ты белы, нібы смерць” ці “Бачыў я цябе ў труне ў белых тапках”.
Так,  менавіта ў “белых тапках” (лапцях) і ў белым саване хавалі нашых продкаў яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. Сёння мы працягваем традыцыі продкаў, хоць і ў некалькі змененым выглядзе. З аднаго боку, мы паддаліся позняй навацыі і апранаем нябожчыка ў адзенні цёмнага колеру, а з другога — захавалі памяць пра мінулае: памерлага пакрываем саванам — тканінай белага колеру, абсалютна чыстай, без слядоў тварэння жывых (у свеце продкаў пачнецца новы адлік часу, таму на дарозе вечнасці будуць напісаны зусім іншыя пісьмёны). На дно труны (радзей — у магілу) кладуць белы ручнік — знак дарогі са свету жывых у свет продкаў. У Баранавіцкім раёне ў труну ў падгалоўе памерлага кладуць новую белую прасціну. 
Людзі старэйшага пакалення ўвесь час нагадваюць пра катэгарычную забарону прысутнасці чырвонага колеру ў адзенні нябожчыка хоць бы фрагментарна, бо гэта магло пацягнуць за сабой яшчэ адну смерць кроўнага сваяка. У той жа час адно з першых рытуальных дзеянняў пасля наступлення смерці чалавека — абараніць цяжарную жанчыну і малалетніх дзяцей, перавязаўшы іх жывот чырвоным поясам-абярэгам, які прыкрывалі адзежай. Некалькі дзесяцігоддзяў назад труну з памерлым апускалі ў магілу на спецыяльна вытканых для гэтага ручніках. Прычым труна знаходзілася на яго белай частцы, а тыя, хто апускаў — мужчыны ва ўзросце больш за 40 гадоў, — трымалі ручнік за яго краі, як правіла, з арнаментамі ці вышыўкай ярка-чырвонага колеру.
Усе вышэйпералічаныя прыклады пахавальна-памінальнай абраднасці кажуць пра тое, што традыцыйна для славян колерам жалобы, гора і смутку быў белы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter