Белы бусел Беседзі.

На радзіме Алеся Пісьмянкова ў Бялынкавічах Касцюковіцкага раёна можна пачуць дзіцячыя гумарэскі паэта, паспрабаваць адкапаць бутэльку з яго творамі, загадаць жаданне на Святой гары і паўдзельнічаць у свяце “Пісьмянкоў луг”.

На радзіме Алеся Пісьмянкова ў Бялынкавічах Касцюковіцкага раёна можна пачуць дзіцячыя гумарэскі паэта, паспрабаваць адкапаць бутэльку з яго творамі, загадаць жаданне на Святой гары і паўдзельнічаць у свяце “Пісьмянкоў луг”.

Ад Касцюковіч да Бялынкавіч — пятнаццаць кіламетраў. Усю дарогу гартаю зборнік вершаў паэта, спрабуючы намаляваць карцінку таго куточка, які ўбачу праз 20—30 хвілін. Спачатку гэта падаецца вельмі простым: любоўю да малой радзімы, бацькоўскай хаты, рабіны ля плота, адзінокага калодзежа, бярэзніку ды ракі Беседзь пранізаны амаль што кожны радок твораў Пісьмянкова. Але тут жа спыняю сваю фантазію: ужо восем гадоў, як няма Алеся, а вершы ж пісаліся яшчэ раней. Хто ведае, якія перамены прыйшлося зазнаць Бялынкавічам за гэты час і ці памятаюць яны таго белабрысага хлопчыка Сашку, што бегаў па яе зялёных вуліцах ды купаўся ў празрыстай рацэ...

Дваццаць дзве тоны ўспамінаў

Памятаюць усё ж... Убачыла пры ўездзе ў вёску ўказальнік “Пісьмянкоў луг”. А за ім — паляну са сцэнай, выстаўленымі паліцамі кніг, гандлёвымі шэрагамі з народнымі вырабамі і дзяўчатамі, што шпацыруюць у нацыянальных строях. Вось ужо каторы год у Бялынкавічах праводзіцца свята паэзіі і аўтарскай песні, прысвечанае памяці іх ураджэнца — таленавітага беларускага паэта і журналіста Алеся Пісьмянкова. Сёлета фестываль набыў статус абласнога. Да маштабнага свята і падрыхтаваліся з размахам — добраўпарадкавалі пляцоўку на стромкім беразе Беседзі, пасадзілі маладыя бярозкі, якія так любіў паэт, засялілі “луг” драўлянымі жывёлкамі і ўсталявалі дваццацідвухтонны валун — сімвал вечнасці Пісьмянковай паэзіі. Так з’явіўся ў Бялынкавічах дзіўны гісторыка-культурны аб’ект — “Пісьмянкоў луг”. Хоць мясцовым жыхарам узвышанасць на беразе Беседзі больш вядома як Святая гара.

Падкова ў нябёсах

— Дзіўнае гэта месца, — расказвае, знаёмячы мяне з вёскай, жыхарка Бялынкавіч Тамара Мухарэўская, былая настаўніца Алеся па хіміі. — Нездарма ж яго называюць святым. Тут сустракаюць золак, ладзяць святы, загадваюць жаданні. Вось тут, — мой эксурсавод паказвае на месца побач з драўлянай лесвіцай, якая вядзе з гары да ракі, — адмаўляюцца ад злога, а тут, — праводзіць Мухарэўская  праз колькі крокаў, — загадваюць жаданне. Вы ж гляньце, мы стаім якраз у сярэдзіне падковы — менавіта ў такой форме працякае праз нашу вёску рака Беседзь. Праўда, сёння цяжка яе разгледзець — мясцовасць пазарастала кустамі. Аднак на старых фотаздымках падкова бачна вельмі добра.

І сапраўды падкова! Вось адкуль, значыць, узяўся гэты сімвал у вершах Пісьмянкова:

Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
Шчасліўчык, адораны лёсам,
І кожны падумаў:
дамоў панясе!
А ён — шпурлянуў у нябёсы:
“Будзем, людзі,
 шчаслівыя ўсе!” —

пісаў паэт. І што б вы думалі, летась, падчас свята “Пісьмянкоў луг” жыхары і госці Бялынкавіч маглі назіраць сапраўдны цуд: у небе з аблокаў якраз над “лугам” паэта сфарміравалася... падкова! Штогод падчас фестывалю адбываюцца нейкія дзівосы. Мне расказалі, да прыкладу, што ў момант адкрыцця свята над лугам пачынаюць кружыць буслы, хоць звычайна іх можна ўбачыць толькі шпацыруючымі па лузе. І можаце сабе ўявіць, і сёлета, як толькі зайгралі на сцэне цымбалы ды балалайка, пад сонцам з’явіўся, лунаючы, прыгожы белы бусел. Землякі і сябры паэта вераць, што гэта душа Пісьмянкова прылятае.

 У межах свята “Пісьмянкоў луг” адбыліся абласныя конкурсы аўтарскай песні і паэзіі. Нераўнадушная да творчасці маладых талентаў “Народная газета” заснавала свае прызы. Дыплом і спецыяльны прыз ад “НГ” — за любоў да малой радзімы  і землякоў  — атрымаў Уладзімір Жураўлёў з Касцюковіч. Зваршчык па прафесіі, аднак чалавек творчы па натуры, ён выканаў песню ўласнага сачынення, якую прысвяціў памяці Алеся Пісьмянкова — яго Жураўлёў ведаў асабіста.

Бутэлька вершаў

— Саша — мы яго называлі толькі так у вёсцы, Алесем ён быў для чужых —  сапраўды вельмі любіў Бялынкавічы і любіў людзей, побач з якімі рос, — гаворыць Мухарэўская. — Часта прыязджаў сюды з жонкай, дзецьмі, сябрамі-пісьменнікамі. Ён жа і лепшыя вершы прысвяціў сваім родным вяскоўцам. “Малюю — / Мілую/ Радзіму малую: / Закутую рэчку, / Лясное  мястэчка. / Малюю старанна / Сярэбраны ранак, / Сасоннік, алешнік, / Рабіну, канешне ж, / З адвечнай самотай / На сінім сумёце”.

Дзіўна, але ў дзяцінстве, аказваецца, ніхто не думаў, што Алесь стане паэтам.

— Саша хадзіў да мяне на хімічны гурток, — успамінае Тамара Мухарэўская. — Ну гэта мы толькі спачатку займаліся хіміяй, — смяецца настаўніца, — а пасля перакінуліся на самадзейнасць. Паглядзець на нашы п’есы ў клуб збягалася ўся вёска! Саша быў выдатным артыстам. Такі шустры, вясёлы.  З часам гумарэскі стаў пісаць для нашага гуртка. Шмат пра дзеда свайго расказваў. І смяяліся ж мы! Цяпер гэтаму нават паверыць цяжка — дарослыя ж вершы Пісьмянкова вельмі сур’ёзныя і разважныя. Вось паслухайце, якая розніца з тымі дзіцячымі вершамі:

Пеця з Толікам хадзілі
З кубкам малака —
Не карову падаілі,
А магутнага быка.

Тыя вершы ўдзельнікі гуртка разам з настаўніцай клалі на музыку, спявалі на сцэне і ў паходах. А аднойчы запісалі іх  на паперы, паклалі ў бутэльку з-пад шампанскага і закапалі. Колькі год прайшло, хадзіла Мухарэўская з аднакласнікамі Алеся на тое месца, каб адкапаць рэліквію. Ды месца не знайшлі — зарасло ўсё, змянілася, як і многае ў вёсцы.

Бяроза ля хаты

— Хіба параўнаць сённяшнія Бялынкавічы з былымі? — разважае Мухарэўская.  — Вёска стала “пляшывая”. Дамы старыя пазносілі, людзей стала менш. Раней у Бялынкавічах былі свая пякарня, ільно- і спіртзавод, бальніца, дом для састарэлых. Нічога не засталося. Толькі школка, клуб ды пошта.

Праўда, па-ранейшаму, як пісаў Пісьмянкоў, тут пахне “аерам і мятай, гародам у росах, квітнеючым садам, духмяным пакосам...”. Вясковае жыццё яно і ёсць вясковае жыццё. Вунь пасуцца каровы на беразе Беседзі, куры бегаюць па вуліцы, бабуля кешкаецца ў гародзе, мужчына рыбачыць, стаіўшыся ў кустах, і не даюць спакою назойлівыя авадні і камары. І панадворкі засталіся тымі ж — з невялікімі хатамі, шчыльнымі драўлянымі платамі і бярозкамі ля брамы.

Стаіць бяроза і ў гародзе Пісьмянковых. Толькі людзі тут жывуць чужыя і чужы сабачка ляжыць ля плота — хату прадалі колькі гадоў таму, калі не стала бацькоў Алеся. “Пакланіўся роднай хаце. / Што яшчэ зрабіць я мог? / Няма бацькі, / Няма маці, / І суддзя мне толькі Бог,” — пісаў у вершы “Развітанне” Пісьмянкоў. Цяжка перажываў паэт разлуку з роднымі людзьмі і мясцінамі. Як, дарэчы, і яго родны брат Мікалай, якога сустрэла на свяце “Пісьмянкоў луг”.

Зборнік ці даведнік?

У Бялынкавічы Мікалай з сынам Пашам прыехаў з Асіповіч — там малодшы брат паэта жыве і працуе дырэктарам школы. Была ў яго ідэя вярнуцца на малую радзіму. Ды маці, калі яшчэ была жывая, адгаварыла: маўляў, што ты будзеш тут рабіць, сябры з’ехалі, блізкіх людзей амаль не засталося...

— У мяне вельмі хвалюючы дзень, — прызнаўся Мікалай. — Мяне запрасілі на сустрэчу — з роднай зямлёй, бацькамі, братам, суседзямі, з тымі людзьмі, з якімі я жыў, быў шчаслівы, з якімі быў шчаслівы Алесь...

Відаць, не можа Мікалай прабачыць сабе, што не вярнуўся тады ў Бялынкавічы. Цяпер жа нават у хату родную не зойдзеш і сценам, у якіх гадаваўся з братам, не паклонішся. Хіба толькі аддасі даніну павагі рацэ Беседзі, на берагах якой рос. Напрыканцы свята, калі госці ўжо сталі раз’язджацца, Мікалай спусціўся да Беседзі, і як ні адгаворваў яго сын (вада ж ледзяная!), выкупаўся-такі ў рацэ.

— Алесь не прабачыў бы мне, калі б я, будучы ў Бялынкавічах, не зрабіў гэтага, — прызнаўся Мікалай.

Нібы турыстычны даведнік па Бялынкавічах гартаю зборнік Пісьмянкова, ужо пакідаючы вёску. Малюю ў галаве вобразы, якія ўдалося ўбачыць на радзіме паэта. І думаю: а ўсё ж, хоць і змянілася вёска, многае засталося ранейшым. Душа вёскі засталася ранейшай. Нездарма бялынкавіцкія краявіды прадаўжаюць прыцягваць і натхняць маладых творцаў і проста цікаўных людзей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter