Народная артистка Беларуси Белла Масумян отмечает юбилей в отличной творческой и физической форме

Бэллісіма!

Нарадзілася ва Украіне. Школу скончыла ў Літве. Спрабавала паступіць у Шчукінскае тэатральнае вучылішча Масквы. Шмат дзе падарожнічала і жыла, а прыпынілася ў Мінску. Адзначаная амаль усімі нацыянальнымі тэатральнымі ўзнагародамі, уладальніца медаля Францыска Скарыны, лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, народная артыстка Беларусі Бэла Масумян – юбіляр. Ёй 80 і свайго ўзроста яна не палохаецца і не хавае. Уражвае творчай іскрынкай, прафесійнай запатрабаванасцю і зайздроснай фізічнай формай. Калегі і гледачы даўно назвалі яе найярчэйшай фарбай і сімвалам Рускага тэатра.

У спектаклi Аскара Уайльда «Iдэальны муж» Бэла МАСУМЯН iграе ледзi Маркбi
Дыеты, сучасныя касметычныя ноу-хау ці спецыяльныя спартыўныя трэніроўкі – гэта не пра яе. Бэла Амаўна лічыць, што ад жыцця трэба браць па максімуму і не стрымліваць натуральныя чалавечыя жаданні. Сваёй жа стройнасцю і маладжавасцю яна абавязана матулі. Тая – доўгажыхарка, пражыла сто гадоў і тры месяцы:

— Калі маці было 95, мы з ёй яшчэ і каньячок маглі выпіць, і доўга гуляць, і песні спявалі. Мае бацькі заклалі ў мяне фізічную крэпасць і аптымізм, прага жыцця ў мяне таксама ад іх. Яны ніколі не сумавалі і ніколі не адчувалі сябе непатрэбнымі. Вось і мне актыўнасць толькі дапамагае жыць: я шмат хаджу пешшу, гуляю на прыродзе, па-ранейшаму люблю сустракацца з сябрамі. Нейкіх такіх асаблівых намаганняў наконт свайго здароўя ці знешнасці не раблю. Проста жыву.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага яна з 1961 года. Як скончыла беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, так адразу і паступіла ў штат. Ніводнага разу не мела думкі зыйсці. Нават да экраннага мастацтва не рвалася. Мае пару вопытаў здымкаў на кінастудыі «Армянфільм», але з кадрам не склалася. Затое з тэатрам – доўгае, за паўстагоддзя каханне. Больш за сотню роляў: ад казачных наіўных персанажаў да трагічных ракавых гераінь.

— Шмат гадоў я iграла ў казцы «Іван да Мар’я». Памятаю, на яго прыходзілі не толькі дзеці, але і дарослыя людзі. Падчас дзеі ўсе  крычалі мне нешта бадзёрае. Малыя совалі ў мае рукавы цукеркі і бананы. Я была ўся ліпкая і ў пацалунках.  І я была шчаслівая, бо разумела, што прабілася да іх, да гледачоў. Сёння я часам сустракаю тых сваіх гледачоў на сур’ёзных, дарослых пастаноўках і яны прызнаюцца: «А мы выраслі на вашых казках». І яшчэ важнае: я разумею, што  і мой уклад ёсць у тое, што гэтыя людзі палюбілі тэатр і ходзяць у яго праз гады,  — расказвае Масумян.

Вядома, сам тэатр з часамі змяніўся. І сёння «сустракацца з Мельпаменай»  стала не так ужо модна і важна, як раней. Гэта тычыцца не толькі Мінска, Беларусі – тэатр ва ўсім свеце перажывае няпросты час. Тэатралы па-ранейшаму ў развазе, што ж рабіць для гледача: падыгрываць яго густу ці цягнуць да класічных вышынь? 

— Я часта ўзгадваю гісторыю: у блакадным Ленінградзе павінен быў адбыцца канцэрт Дзмітрыя Шастаковіча. І каб зрабіць убор кампазітара сапраўды прыгожым, адна жанчына ахвяравала апошняй, прыпасенай на «чорны дзень» бульбінай. Яна пацёрла гэтую бульбу, каб атрымаць лыжку крухмалу і накрухмаліць Шастаковічу манішку, — у захапленні гаворыць Масумян. — Вось у гэтай, здавалася б дробязі, сапраўднае мастацтва. Людзі бачылі добра апранутага, у накрухмаленай манішцы натхнёнага Шастаковіча і разумелі, што нягледзячы на вайну, на блакаду чалавек жывы, вольны, чалавек не развітваецца з цудоўным. І людзі тады рваліся на канцэрты, у тэатры, для іх гэта было глытком свежага паветра, надзеі. А мы сёння? Чаго нам не хапае? Жывем у спакойнай краіне, нам не страляюць у спіну. Усё добра, але зацікаўленасці не хапае. Прызвычаіліся да ўсяго, сталі чэрствыя. Нейкая падмена каштоўнасцяў адбываецца. На сцэне і на экране пайшоў перабор з камедыямі: ну навошта нам столькі ненатуральнага, бяспыннага смеху часам «з пальца»?

Хоць аднолькава арганічная і ў камедыі, і ў трагедыі Масумян мае некалькі любімых работ і роляў. І яны – у драме. Адзін з самых кранальных і доўгаіснуючых спектакляў «Сыходзіў муж ад жонкі» драматурга Сямёна Злотнікава ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі. Гісторыя пары, кахання, сямейных выпрабаванняў:

А ў спектаклi «Сыходзiў муж ад жонкi» — галоўную гераiню Веру Максiмаўну.

— Гэтаму спектаклю амаль 10 гадоў. Ён мне з першай пастаноўкі вельмі дарагі, бо адразу, што гаворыцца, «пайшоў», быў зразумелы па сваёй мадэлі. У свой час ён быў пастаўлены на Міронаву. Але я захацела паказаць свой вобраз інакш. Мая гераіня — жонка інтэлiгента, захопленага Таўстым. Ён жыве і думае па-таўстоўскі, а Яна – нібыта Софья Таўстая, перапісвае за ім, прыслужвае, клапоціцца. Цярплівая, разумная, забяспечвае яму камфорт і ахвяруе дзеля яго. Ці цэніць Ён усе яе намаганні?  Не заўсёды. Пакутуе сам і прымушае пакутваць Яе. Гэта спектакль пра тое, як часам людзі не хочуць разумець і чуць адзін аднога. Па п’есе фінал вельмі жорсткі: у Яго нешта накшталт інсульта, Яна апякуе яму аддана, корміць з лыжачкі, падымае Яго і… сама падае, не вытрымлівае сэрца. Але Барыс Луцэнка адмовіўся ад такой трагічнай кропкі і змякчыў канцоўку.

У гэтым спектаклі Бэла Масумян літаральна пакутуе і плача. Яна прафесіянал, здольны пражыць, як свае жыццё, любую ролю. Хаця і ў яе асабістым жыцці было нямала бед і падстаў для суму:

— Калі дрэнна і прыходзіць бяда, нам нічога не застаецца, як паспрабаваць стаць гэткімі Мюнхгаузенамі і выцягнуць сябе саміх за свае ж валасы. Выцягнуць з сітуацыі, з бяды, з настрою. Мы самыя першыя памочнікі сабе ж. У хвіліны гора трэба дазваляць сабе ледзь больш звычайных радасцяў, чым калі-небудзь. Добра паласавацца. Выпіць келіх віна. Пабыць сам-насам ці наадварот спраўдзіць даўнюю мару – сустрэцца з сябрамі. Трэба балаваць сябе. І яшчэ. Нішто так не дапамагае, як рука, працягнутая таму, хто побач і каму магчыма горш, чым табе. Ніколі не забуду, як Расціслаў Янкоўскі «выбіў» пастаноўку «Вячэры» для Юрыя Сідарава. Той цяжка хварэў, даігрываў нейкія спектаклі і адчуваў сябе нібыта «за бортам». А тут – спектакль «на яго», паўнавартасная работа, якой ён захапіўся, якая дапамагла яму годна і ў любімай працы дажыць дадзеныя Богам месяцы і дні. Не варта баяцца растраціць сябе на іншых.

Ян ВАСІЛЁК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter