«Белая вежа» апускае кулісы

Найлепшым спектаклем «Белай вежы» стаў літоўскі «Макбет»

Гран-пры фестывалю едзе ў Літву.

Найлепшым спектаклем сёлета стаў «Макбет» у выкананні вільнюскага Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы. Паставіў яго рэжысёр Альгірдас Латенас, работы якога перамагалі ўжо на «Белай вежы» ў 1997-м і 2007 гадах.

Дыплом у намінацыі «За лепшы спектакль малой формы», як і прадказвалі крытыкі, атрымала пастаноўка «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Узнагарода «За лепшую жаночую ролю» дасталася Вользе Бялінскай, якая сыграла маці забойцы ў спектаклі «Антыцелы» Тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом» з Санкт-Пецярбурга. Дыплом «За лепшую мужчынскую ролю» атрымаў Канстанцін Мішын. Ён выканаў ролю Мцыры ў аднайменным спектаклі тэатра «Школа драматычнага мастацтва» з Масквы.

Акрэдытаваныя на фестывалі журналісты таксама прысудзілі ўласную ўзнагароду. Пераможцам у намінацыі «Лепшы тэатральны эксперымент» стала пастаноўка «Партрэты польскіх каралёў» Старога нацыянальнага тэатра імя Хэлены Моджэеўскай з Кракава.

Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся адразу двум удзельнікам «Белай вежы» — Гродзенскаму тэатру лялек з яго «Пікавай дамай» і Традыцыйнаму тэатру марыянетак TYJATR са славацкай Нітры, які прывез у Брэст спектакль «Геркулес, або Заваяванне пекла».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter