Народная газета

Белая кніга

Еўразійскаму эканамічнаму саюзу — тры гады. Сёлета ў інтэграцыйнай суполцы краін-партнёраў (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія) старшынствуе РФ. Як і чым жыве гэта аб’яднанне? Ці ёсць у ЕАЭС перспектывы і якія праблемы свайго развіцця саюз сёння  вырашае?  

Напачатку некалькі статыстычных зрэзаў. Калі ў 2016-м ЕАЭС амаль здолеў спыніць падзенне вытворчасці, то летась “пяцёрка” выйшла на станоўчую дынаміку росту. Паводле звестак ЕЭК, рост ВУП у студзені — верасні 2017 года склаў 1,9% у параўнанні з адпаведным перыядам 2016-га. Па згаданым паказчыку ў лідарах — Беларусь. Рост прамысловай вытворчасці за справаздачны перыяд атрымаўся 2,3%, сельскагаспадарчай галіны — 2,7% (вызначыліся Расія, Беларусь). Летась упершыню за час існавання саюза ўдалося спыніць зніжэнне ўзроўню знешняга гандлю (унутры арганізацыі і ў гандлі з трэцімі краінамі). Узаемны экспарт за студзень — кастрычнік мінулага года павялічыўся на 26,9%, з трэцімі краінамі — на 24,7%.

Зараз аб’яднанне займаецца прасоўваннем уласных міжнародных магчымасцей. Напрыклад, дамова аб зоне свабоднага гандлю з В’етнамам дазволіла павялічыць тавараабарот з гэтай краінай на 30%. У стадыі падрыхтоўкі падобныя дамоўленасці з Іранам, Ізраілем, Індыяй, Егіптам, Сербіяй і Сінгапурам. Станоўчую ролю адыгрывае тут і новы Мытны кодэкс ЕАЭС. Паводле звестак Цэнтра інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця, паступова зніжаецца залежнасць ад разлікаў паміж дзяржавамі ЕАЭС у замежнай валюце. Удзельная вага расійскага рубля ў структуры плацяжоў за апошнія шэсць гадоў павялічылася з 56 да 75%. Доля долара ЗША, наадварот, за той жа перыяд зменшылася з 35 да 19%.

Нагадаю, летась у “пяцёрцы” працягвалі рухацца ў бок стварэння агульнага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы. У мэтах рэалізацыі задуманага былі падрыхтаваны і выйшлі з друку — аналітычны даклад “Бар’еры, выняткі і абмежаванні ЕАЭС” і “Белая кніга”, дзе вызначаны 60 перашкод, якія трэба ліквідаваць на рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы (у 2017-м пазбавіліся ад 9 перапонаў). Была таксама зацверджана саюзная “дарожная карта” на 2018—2019 гады, ажыццяўленне якой дазволіць партнёрам зняць як мінімум 17 агульных перашкод.

Наша краіна заўсёды выступала за зняцце ўсебаковых абмежаванняў для існавання агульнага рынку ЕАЭС, канстатаваў беларускі Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на нядаўнім пасяджэнні ў пашыраным фармаце Еўразійскага міжурадавага савета. Ён падзяляе меркаванне Расіі, якая старшынствуе сёлета ў саюзе: гэтаму найважнейшаму пытанню ўсім краінам-удзельніцам ЕАЭС неабходна надаць асаблівую ўвагу. Кіраўнік нашага ўрада ўпэўнены, што “ў Расіі ёсць усе рэсурсы і магчымасці стаць лакаматывам росту эканомік усіх дзяржаў саюза”. Для будучага і добрых перспектыў еўразійскай інтэграцыі краінам ЕАЭС, на думку Андрэя Кабякова, важна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы: калі  мы паабяцалі нашым народам стварыць да 2025 года агульныя рынкі нафты і нафтапрадуктаў і агульны рынак газу, значыць, мы абавязаны іх стварыць у вызначаны тэрмін і падвесці тым самым паліўна-сыравінную базу пад функцыянаванне ўсяго саюза. Але не адным махам, а ісці паступова, робячы штогод у гэтым напрамку неабходныя крокі.

Для Беларусі Еўразійскі эканамічны саюз па-ранейшаму застаецца вялікай магчымасцю для далейшага эканамічнага росту. Безумоўна, з абавязковым улікам на гэтай пляцоўцы нашых нацыянальных інтарэсаў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости