Белая бляха з вялікім сацыяльным «шлейфам»

Узвядзенне ўнікальнага на постсавецкай прасторы завода ў Міёрах ужо дае працу і заробак
Старшыню Міёрскага райвыканкама Ігара Кузняцова цяпер лягчэй знайсці на новабудоўлі, чым у яго кабінеце. Там ён пачынае працоўны дзень, там і заканчвае.

Тое і нядзіўна. Завод — яго дзецішча. Гэта ён дамовіўся з іншаземным інвестарам на будоўлю, знайшоў падтрымку ў вобласці ў былога старшыні аблвыканкама, а цяпер кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Косінца. Беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка сваім указам па азначаным заводзе зрабіў усё, каб у інвестара не было ніякіх праблем: выдзелена зямля, а ўсю інфраструктуру — электраэнергію, газ, дарогу, чыгунку — падвесці за кошт бюджэту.


Тэхнічны дырэктар Уладзімір ЦІШЧАНКА ля першай палі.

Гэта таксама немалыя грошы. Толькі газ і чыгуначная дарога пацягнуць каля 80 мільярдаў рублёў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў асабіста правёў у ліпені пашыранае пася- джэнне штаба будоўлі, на якім унёс карэктывы ў работу задзейнічаных тут арганізацый вобласці: не толькі ўкласціся ў раней вызначаныя тэрміны, а паскорыць здачу аб’ектаў інфраструктуры. Усе яны павінны быць гатовы ў 2016 годзе, а некаторыя, як дарога, і раней. У абласным бюджэце для гэтага будуць знойдзены дадатковыя сродкі. 

Асобна патрэбна сказаць, што на будоўлі былі задзейнічаны дзве міёрскія меліярацыйныя, будаўнічая і дарожная арганізацыі, хаця гэта таксама было складана. Быў тэндар і даволі жорсткія ўмовы. Удзел пералічаных вышэй арганізацый у будаўніцтве завода не закончыцца некалькімі месяцамі — яны тым ці іншым шляхам, пакуль узводзіцца прадпрыемства, будуць заняты там. Увод завода ў строй, які арыенціровачна плануецца на канец 2017 года, дасць 500 рабочых месц з даволі прыстойнай зарплатай. Гэта будзе валаўтваральнае прадпрыемства, якое пацягне за сабой цэлы сацыяльны «шлейф»: школы, дзіцячыя сады, жыллё, дарогі. І не толькі Міёрскага раёна, але і ўсяго заходняга рэгіёна вобласці. 

Што сабой уяўляе праект? 

— Гэта будзе даволі складанае, насычанае сучаснае прадпрыемства. Мы не будзем выплаўляць метал, а толькі займацца халоднай пракаткай, — кажа тэхнічны дырэктар кандыдат тэхнічных навук Уладзімір Цішчанка. — Будзе пабудавана міні-ТЭЦ на базе газапоршневых рухавікоў для поўнага забеспячэння электраэнергіяй. Нягледзячы на тое, што для работы на прадпрыемстве спатрэбіцца паўтысячы чалавек, яно бу- дзе максімальна аўтаматызавана. Нават кранамі, а іх у цэху па праекце больш за дзесяць, будуць кіраваць па радыё. Зазначу, што на сённяшні дзень на постсавецкай прасторы аналагаў заводу няма. 

— Ці не ўзнікнуць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі?

— Яна патрэбна для харчовай, парфюмернай, лакафарбавай прамысловасці. Бліжэйшы такі завод знаходзіцца ў Славакіі. Нават Расія завозіць 70 працэнтаў ліста з-за мяжы. 

Магутнасць прадпрыемства — 240 тысяч тон бляхі ў год. Дзесьці 30 тысяч тон пойдзе ўнутры краіны, у асноўным на Глыбоцкі і Рагачоўскі малочна-кансервавыя камбі- наты, астатняе — на экспарт. Тут, у Міёрах, — цудоўнае месца. Побач Літва, Латвія, Эстонія, Расія. Да краін Скандынавіі недалёка. Такое вось выгаднае перакрыжаванне для гандлю. Таму ніякіх цяжкасцей са збытам нашай прадукцыі, прычым даволі дэфіцытнай, не павінна быць.

— Ці не забрудзіць завод навакольнае асяроддзе?

— Ні ў якім разе. Прадпрыемства будзе экалагічна чыстым. Нават вырашана праблема з каналізацыяй. Нягледзячы на тое, што завод будзе спажываць для тэхнічных патрэб звыш дзвюх тысяч кубаметраў зваротнай вады ў гадзіну, увесь яе аб’ём на спецыяльнай крысталізацыйнай устаноўцы будзе ачышчацца, а сухі асадак — складзіравацца ў адпаведным месцы. Не будзе і шкодных выкідаў у паветра з-за адсутнасці плавільных печаў.

— Уладзімір Андрэевіч, што сёння робіцца на будоўлі?

— Вядзём вертыкальную планіроўку пляцоўкі завода, месцамі вымаем лішні грунт, месцамі – дасыпаем. Там задзейнічана каля сямідзесяці адзінак тэхнікі. Днямі пачнем забіваць палі пад асноўны корпус і іншыя вытворчыя памяшканні. Паскоранымі тэмпамі вя- дзецца будаўніцтва дарогі: як ад павароту з кальцавой дарогі, так і да самога аб’екта.

У верасні здаём першы васьмікватэрны жылы дом для рабочых прадпрыемства. Закладзены фундаменты яшчэ пад два. А ўвогуле пабудуем дзесяць васьмікватэрных дамоў.

Хацеў бы асабліва падзякаваць кіраўніцтву рэспублікі, вобласці і раёна за падтрымку будоўлі. Так, згодна з указам Прэзідэнта, фінансаванне аб’ектаў інжынернай інфраструктуры завода, электрасетак, шасейнай дарогі, чыгункі, газа ўскладзена на бюджэт. Наладжаны пастаянны кантроль за выкананнем указа. І рэспубліка, і вобласць выконваюць свае абавязкі. Толькі на падвядзенне газу будзе выдаткавана з бюджэту 40 мільярдаў рублёў, столькі ж — на чыгунку. У мінулым месяцы на пашыраным пасяджэнні штаба з удзелам інвестараў і старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва ўнесены карэктывы ў паскарэнне работ. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў кожны дзень наведвае будоўлю і вырашае праблемы. Моцнае плячо ўлады для інвестара цяжка яшчэ дзе адшукаць.

— Калі можна будзе чакаць першую прадукцыю завода?

— У канцы 2017 года. У нас заключаны кантракт з пастаўшчыкамі абсталявання. Яно даволі складанае — каб яго зрабіць, спатрэбіцца не менш чым два гады. 

УСЮ будаўнічую пляцоўку завода «акупіравалі» бульдозеры, экскаватары, краны. І пераважная большасць яе — з Міёрскага ПМС. Як у ваду глядзеў тры гады таму дырэктар арганізацыі Уладзімір Нікалаёнак, калі набываў, у тым ліку і ў крэдыт, новую тэхніку. Уся яна сёння спатрэбілася тут. Дырэкцыя завода заключыла з Міёрскім ПМС кантракт на вертыкальную планіроўку, падрыхтоўку пляцовак для вытворчых памяшканняў. 

Працы шмат. Месцамі даводзіцца выбіраць торф на глыбіні да двух з паловай метраў, а ўтвораныя катлаваны засыпаць потым грунтам. Толькі за ліпень асвоілі 2,5 мільярда рублёў. І ўсё ж, нягледзячы на багаты тэхнічны арсенал і прафесійныя кадры, сваіх сіл не хапіла. Таму ўзялі ў падмогу субпадрадчыкаў — ПМК-55 і Язненскае ПМС, а таксама Лепельскае ПМС.

Падзялілі заказ на особныя ўчасткі і дарожнікі. Непасрэдна да завода 960 метраў шляху вядуць адразу тры арганізацыі: Шаркаўшчынскае, Браслаўскае і Гарадоцкае ДРБУ. Гэты ўчастак дарогі з асфальтавым пакрыццём ладзяць за кошт інвестара. А вось 800 метраў ад кальцавой дарогі дасталіся Міёрскаму ДРБУ-203.

— Гэта дарога на нашым абслугоўванні была і раней, — расказаў галоўны інжынер Сяргей Панізнік. — Яе палепшым, пакладзём асфальт. Выдзелена 4 мільярды рублёў. Здадзім да 1 кастрычніка.

І дарожнікі, і меліяратары працуюць са стараннем. Там жа давялося пачуць: «Для сябе ж стараемся!»

Так, завод ужо дае працу і заробак!


АД «СГ»

10 снежня 2013 года «Сельская газета» апублікавала карэспандэнцыю аб тым, як на пустэчы ля Міёраў распачыналася замежным інвестарам будаўніцтва буйнейшага завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі коштам 250 мільёнаў еўра, які, па сутнасці, не будзе мець аналагаў на прасторах СНД.

З таго часу газета рэгулярна знаёміць чытачоў з тым, як ідуць справы на будоўлі. 

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter