Белавалосы консул

Як беларус Іосіф Гашкевіч склаў першы руска-японскі слоўнік, навучыў жыхароў Японіі карыстацца фотаапаратам і шыць еўрапейскую вопратку

Як беларус Іосіф Гашкевіч склаў першы руска-японскі слоўнік, навучыў жыхароў Японіі карыстацца фотаапаратам і шыць еўрапейскую вопратку

Сёлетні двухсотгадовы юбілей нашага суайчынніка Іосіфа Гашкевіча святкуе ўвесь свет. Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА ўнесла яго ў Каляндар памятных дат на 2014—2015 гады. З чаго такі гонар? Падстаў больш чым трэба. Вучоны-энтамолаг, падарожнік, усходазнаўца, лінгвіст, дыпламат, ён адным з першых даследаваў Усходнюю Афрыку, вывучыў  сельскагаспадарчыя расліны Кітая, сабраў вялікую калекцыю флоры і фаўны Індакітая, Японіі, Філіпін і Карэі і стаў першым расійскім консулам у Японіі. І як гэта ўсё ўдалося простаму беларусу з Мінскай губерні?

Ссылка ў Пекін

Паходзячы з сям’і святара, Гашкевіч і сам мог бы ім стаць. Хутчэй менавіта такі лёс і прарочылі сыну бацькі. Хлопец скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў Слуцку, як лепшы выпускнік быў накіраваны ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе праявіў здольнасці да вывучэння замежных моў і загарэўся ідэяй перакласці Стары Запавет Бібліі са старажытнаяўрэйскай на рускую. Свяцейшы Сінод такую ініцыятыву кваліфікаваў як “злачыннае мерапрыемства”. Зрабіўшы вобыск у акадэміі, перакладчыка, сябра Іосіфа, аддалі пад суд, а самога Гашкевіча адправілі ад граху падалей у “ссылку” — Рускую духоўную місію ў Пекіне — аж на дзесяць гадоў.

Проста ціхенька выконваць свае абавязкі было не ў духу Гашкевіча. Разам з такімі ж аднадумцамі, як ён сам, беларус стаў даследаваць прыроду і жыццёвы лад далёкай краіны. Ім напісаны артыкулы аб вырошчванні рысу, шаўкаводстве, развядзенні бульбы ў Кітаі. Ёсць у Гашкевіча нават праца “Спосаб прыгатавання тушы, бялілаў і румянаў у кітайцаў”. Карыснымі аказаліся яго астранамічныя і метэаралагічныя назіранні.

Японскае падарожжа

На гэтым сувязь Гашкевіча з Усходам не перарвалася. У 1855 годзе ў якасці перакладчыка і дарадцы яго накіравалі разам з місіяй рускага адмірала і дыпламата Яўхіма Пуцяціна ў Японію — дзеля перамоў аб супрацоўніцтве. Перамовы, у якіх Гашкевіч прымаў удзел не толькі як перакладчык, але і знаўца ўсходніх традыцый, скончыліся падпісаннем першага расійска-японскага дагавора. Японія, якая на працягу стагоддзяў забараняла іншаземцам падыходзіць да сваіх берагоў і жыла ва ўмовах самаізаляцыі, адкрыла для рускіх караблёў свае гавані.

Падчас гэтага падарожжа Гашкевіч пасябраваў з японскім святаром Тацібана Косам, з якім пазней, калі той стане чыноўнікам Азіяцкага дэпартамента Міністэрства замежных спраў Расіі і выкладчыкам Пецярбургскага ўніверсітэта, выдасць першы руска-японскі слоўнік. За размову з іншаземцам новы сябар Гашкевіча як імператарскі падданы мог быць жорстка пакараны. Але Іосіф не мог гэтага дапусціць — з грузам яго таемна даставілі на борт карабля, на якім Гашкевіч разам з расійскімі маракамі вяртаўся ў Расію. Аднак па дарозе ім сустрэўся англійскі карабель. У свеце яшчэ працягвалася Крымская вайна, і расійскім маракам трапляць на вочы англічанам было непажадана. Нягледзячы на абгрунтаваныя пратэсты Гашкевіча, які быў грамадзянскай асобай і ў ваенных справах не ўдзельнічаў, яго ўключылі ў групу палонных і адправілі ў Ганконг. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Англіяй і Расіяй Гашкевіч вярнуўся ў Расію, але ненадоўга — па рэкамендацыі Пуцяціна яго прызначылі першым консулам у Японіі, дзе ён служыў з 1858 па 1865 год.

З любоўю да Усходу

У той час японцы яшчэ вельмі насцярожана ставіліся да іншаземцаў. Нават консулам было забаронена заязджаць у глыб краіны. Але Гашкевіча яны любілі і з пяшчотай называлі “белавалосым консулам”. Нездарма любілі. Пры консульстве ў Хакодатэ для японскіх дзяцей была адкрыта руская школа, мясцовым жыхарам аказвалася бясплатная медыцынская дапамога. Тут жа японцаў вучылі мараплаўству і суднабудаванню. Па ініцыятыве Іосіфа шэсць самураеў былі адпраўлены на вучобу ў Расію.

Японскім маракам Гашкевіч падарыў маячны ліхтар, барометр і іншае абсталяванне, якім даўно карысталіся ў Еўропе. Пад яго кіраўніцтвам жыхар Хакодатэ кравец Кідзу Какіці асвоіў фотасправу і адкрыў першае фотаатэлье, а затым і майстэрню па пашыву еўрапейскага адзення.

Пасля вяртання з Японіі Гашкевіч яшчэ пару гадоў служыў у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі. Але настальгія па радзіме ўзяла сваё. У 1867 годзе Іосіф вярнуўся ў Беларусь, купіў хатку ў Малях Астравецкага раёна і пачаў займацца ўсходняй філалогіяй. Яго вялікая праца “Аб каранях японскай мовы” выйшла ўжо пасля смерці аўтара.

Пахаваны Гашкевіч там жа, на Астравеччыне. У вёсцы Малі ў яго гонар устаноўлены памятны знак, у Астраўцы каля рэдакцыі раённай газеты — бюст. Імя Гашкевіча носіць адна з мінскіх вуліц. Памяць аб нашым земляку ўшаноўваецца і за мяжой. Яго імем названы заліў у Карэі і некаторыя адкрытыя ім віды рэдкіх насякомых, а ў Хакодатэ ўстаноўлены яго бюст. Так што і пасля смерці “белавалосы консул” не пакідае тых, пра каго клапаціўся пры жыцці, і назірае за тым, якіх неверагодных вяршынь дасягнуў у цывілізаваным свеце японскі народ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter