Беларусы — трэцяя па велічыні дыяспара ў Латвіі

Так склалася гістарычна, што беларусы на працягу стагоддзяў пражывалі на землях Балтыі.

Так склалася гістарычна, што беларусы на працягу стагоддзяў пражывалі на землях Балтыі. Падчас існавання першай незалежнай Латвійскай Рэспублікі ў гэтай краіне знаходзілася 75 тысяч беларусаў. Упершыню ў якасці незалежнай дзяржавы Латвія існавала ў 1920—1940 гадах, тут дзейнічалі беларускія культурна-асветніцкія суполкі: Беларускае таварыства моладзі, Навукова-этнаграфічнае таварыства, Таварыства беларускіх настаўнікаў, Беларускае тэатральнае таварыства, працавалі тэатры ў Рызе і Даўгаўпілсе, больш за 50 школ і 3 гімназіі (Рыга, Даўгаўпілс, Лудза) і нават адзін дзіцячы садок.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Латвіі было звыш 120 тысяч этнічных беларусаў. У гэты вірлівы, няпросты і супярэчлівы час пасля распаду СССР ствараюцца першыя аб’яднанні беларусаў у новай незалежнай Латвіі. Напрыклад, у Рызе ўзніклі таварыства “Прамень” і  ансамбль беларускай народнай песні “Надзея” (1990 год), у Даўгаўпілсе таварыства “Уздым” (1993 год), у Вентспілсе — “Спадчына” (1999 год), у Ліепаі “Мара” (1999 год), а ў маі 2003 года быў заснаваны Саюз беларусаў Латвіі (СБЛ), зараз у яго складзе 15 суполак (кіраўнік арганізацыі Валянціна Піскунова).

 У тэму

Беларускае таварыства “Прамень” (1990 год), г. Рыга, старшыня Алена Лазарава. Ансамбль беларускай народнай песні “Надзея”.

Культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” (1993 год), г. Даўгаўпілс, старшыня Валерый Амбросаў. Ансамбль “Купалінка”.

Вентспілскае беларускае таварыства “Спадчына” (1999 год), старшыня Наталля Бальшакова. Ансамбль беларускай народнай песні “Журавінка”.

Ліепайская беларуская абшчына “Мара” (1999 год), старшыня Любоў Дурнева. Ансамбль беларускай народнай песні “Паўлінка”.

Беларускае культурнае таварыства “Вясёлка” (2005 год), г. Краслава, старшыня Святлана Стэльмачонак. Ансамбль “Куток”.

Лудзенскае беларускае таварыства “Крыніца” (2006 год), старшыня Ігар Ермакоў.

Елгаўскае беларускае таварыства “Лянок” (2006 год), старшыня Алена Грыслэ. Ансамбль “Лянок”.

Рэзэкненскае беларускае таварыства “Сузор’е” (2007 год), старшыня Людміла Стэц. Ансамбль “Сузор’е”.

Екабпілскае беларускае таварыства “Спатканне” (2007 год), старшыня Валянціна Дарашчонак. Ансамбль беларускай народнай песні “Завіруха”.

Таварыства славянскай культуры Прэйльскага краю “Радуга” (2007 год), старшыня Валянціна Максімава. Ансамбль “Рабінушка”.

Беларускае таварыства “Сябры” (2010 год), г. Віляны, старшыня Віктар Гардзейка.

Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца” (2011 год), старшыня Таццяна Гагалінская. Ансамбль “Вярба”.

Беларускае таварыства “Пралеска” (2012 год), г. Зілупэ, старшыня Наталля Мірцхулава.

Елгаўскае беларускае таварыства “Злата” (2012 год), старшыня Зэнта Траццяк.

Паводле статыстыкі, год таму ў Латвіі пражывалі 75 854 беларусы.

Сярод галоўных напрамкаў дзейнасці СБЛ — развіццё і фарміраванне самасвядомасці беларусаў, стварэнне новых беларускіх грамадскіх і творчых суполак, іх актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Латвіі, прапаганда і развіццё беларускай культуры, мовы, традыцый, праца з моладдзю, супрацоўніцтва з Рыжскай беларускай асноўнай школай імя Я. Купалы (дырэктар  Ганна Іванэ), дзе сёння вучацца 150 дзяцей, выпуск газеты беларусаў Латвіі “Прамень” (галоўны рэдактар  Лявон Шакавец), якая стала летапісцам беларускай дыяспары Латвіі, умацаванне сувязяў паміж Латвіяй і Беларуссю. Дарэчы, у 2010 годзе быў зняты фільм аб жыцці і дзейнасці беларусаў у Латвійскай Рэспубліцы.

Варта нагадаць, што Саюз беларусаў Латвіі мае таксама і свой радыёэфір: на латвійскім “Радыё-4” перыядычна (адзін раз на месяц) выходзяць перадачы. Гэта 30-хвілінныя сюжэты аб жыцці і дзейнасці беларусаў у краіне-суседцы (вядучая праграмы  Таццяна Касуха).

За апошнія гады выйшла з друку некалькі даволі цікавых выпускаў Саюза беларусаў Латвіі: матэрыялы канферэнцыі “Латвія — Беларусь. Дыялог дзвюх культур”, 2005 год; кніга аб дзейнасці Беларускага таварыства “Прамень”, 2008 год; кніга беларускіх паэтаў Латвіі “А водар Радзімы ўсё кліча і кліча”, 2006 год; “Беларуска-латышскі, латышска-беларускі слоўнік”, 2010 год; кніга “Славянская гісторыя Латвіі”, 2010 год.

 Галоўныя мерапрыемствы, якія арганізавалі беларусы Латвіі:

1997 год. Дыпламатычны салон, зладжаны Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Латвіі сумесна з таварыствам “Прамень”. Гэта было першае маштабнае мерапрыемства, калі беларусы Латвіі заявілі пра сябе на поўную моц як аб’яднанне.

1999 год. “Дні культуры, мастацтва і традыцый беларускага народа”. Гэта быў дыялог культур у шматнацыянальнай Латвіі.

2002 год. Урачыстае святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа з удзелам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча і дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Уладзіміра Гніламёдава.

2006 год. Вечар творчасці салісткі Саюза беларусаў Латвіі Ганны Крупскай.
Дзіцячы фестываль “Маленькія зорачкі”.

2007 год. ІІ Міжнародны фестываль беларускай народнай песні, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, з удзелам творчых калектываў беларусаў Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі.
Падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве з урадам Латвіі.

2008 год. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 5-годдзю Саюза беларусаў Латвіі.
Юнацкі фестываль пад дэвізам “Любі Латвію, помні сваю Спадчыну!”.

2009 год. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 15-годдзю газеты беларусаў Латвіі “Прамень”.

2010 год. Канферэнцыя “20 гадоў станаўлення і развіцця беларускага руху ў Латвіі”, святочны канцэрт.

2011 год. Дні беларускай культуры, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка, крытыка, публіцыста, самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, прайшлі ва ўсіх гарадах Латвіі, дзе створаны і працуюць беларускія таварыствы.

2012 год. Дні беларускай культуры, ІІІ Міжнародны фестываль беларускай народнай песні, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, у гарадах Латвіі, дзе створаны і працуюць беларускія таварыствы.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Танка.
Саюз беларусаў Латвіі далучыўся да “Платформы супрацоўніцтва і фарміравання міжкультурнага дыялогу ў Латвіі”.

2013 год. Дні беларускай культуры, прысвечаныя 10-годдзю Саюза беларусаў Латвіі.
Удзел у форумах “Сейм і НДА Латвіі” ў 2007, 2008, 2011 гадах.

 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter