Беларусы-палiглоты з Лiтвы

Вiленская беларуская гiмназiя дае вучням не толькi добрую моўную адукацыю

Вiленская беларуская гiмназiя дае вучням не толькi добрую моўную адукацыю, але i з малых пазногцяў фармiруе ў дзяцей сапраўдную экалагiчную свядомасць

Як вы думаеце, якой мове аддаюць перавагу ў Вiленскай беларускай гiмназii з эколага-лiнгвiстычным ухiлам? Няцяжка здагадацца — нашай роднай, матчынай, як яшчэ прынята называць яе за ласкавасць гучання, беларускай. Для многiх суайчыннiкаў Лiтва стала другой радзiмай, а адзiная ў краiне беларуская гiмназiя — бясцэннай магчымасцю праз адукацыю сваiх дзяцей захаваць сувязь з Бацькаўшчынай, памяць пра яе.

Да набыцця статусу гiмназii гэта была сярэдняя школа iмя Францыска Скарыны, але за добрыя вынiкi працы калектыву ўстанову адукацыi вырашылi павысiць у рангу. Як i ўсе лiтоўскiя школы, накiрунак якiх больш лiнгвiстычны, гiмназiя дае вучням глыбокую моўную адукацыю. На беларускай шмат хто з дзяцей гаворыць нават на перапынку, але, акрамя яе, з першага класа паралельна вывучаюцца лiтоўская, руская i англiйская мовы. У пятым класе абавязкова дабаўляецца яшчэ адна — нямецкая або французская. З 11-га выпускнога класа вучнi маюць права самi выбiраць прадметы. Прыкладна дзве трэцi дысцыплiн — абавязковыя, астатняя iх частка — гэта дапаўненнi. Юнакi i дзяўчаты ў асноўным зноў аддаюць перавагу гуманiтарнаму профiлю, пачынаюць вывучаць яшчэ адну, ужо шостую мову!..

— Адзiн час быў у нас крызiс — тады вучняў было крыху болей за сто. Зараз — амаль дзвесце, 17 першакласнiкаў. Есць дзецi, якiя дзеля вучобы пераадольваюць па 30—40 кiламетраў. Беларусы падарылi нам аўтобус, ён ужо другi, на якiм мы i адвозiм вучняў у школу i дамоў, — расказвае дырэктар Вiленскай беларускай гiмназii Галiна Сiвалава.

У педагога вельмi добрыя адносiны з Беларуссю. Па-першае, таму, што гэта яе радзiма. Лiтва ж стала другiм домам, бо тут яна, жартуе, стала «ахвярай кахання». Але на радзiме Галiна Канстанцiнаўна бывае часта: педагагiчныя сустрэчы, абмены вопытам. Вось i гэты яе прыезд, падчас якога нам давялося сустрэцца, — не марнае падарожжа, а ўдзел у настаўнiцкiм форуме ў Мiнску. Нiчога падобнага, дзе б можна было пазнаёмiцца з цiкавымi педагагiчнымi распрацоўкамi, у Лiтве ўжо даўно не ладзiцца. I гэта другая прычына, па якой Галiна Сiвалава з задавальненнем едзе ў Беларусь — удыхнуць паветра жывых педагагiчных сустрэч.

— Мы шмат за што павiнны быць удзячны Беларусi: за дапамогу ў рамонце будынку гiмназii да новага навучальнага года, метадычную лiтаратуру i распрацоўкi ўрокаў, кампьютэрны клас i вялiкi тэлевiзар для чытальнай залы, два аўтобусы. Нашы настаўнiкi без перашкод прыязджаюць у Мiнск на курсы, тут павышаюць сваю квалiфiкацыю, — адзначае дырэктар.

Дзякуючы такой дапамозе — i адпаведныя вынiкi ў рабоце з дзецьмi. Перамогi ў навуковых еўрапейскiх конкурсах юныя беларусы Лiтвы (палова вучняў, якiя займаюцца ў гiмназii, — гэта дзецi этнiчных беларусаў, яшчэ чвэрць — выхадцы са змешаных семьяў) заваёўвалi неаднойчы. Ёсць дасягненнi ўжо i на мiжнародных экалагiчных спаборнiцтвах. Гiмназiя супрацоўнiчае з Мiжнародным дзяржаўным экалагiчным унiверсiтэтам iмя Сахарава ў Мiнску. За сумесны праект пра малыя рэкi вучнi атрымалi другое месца (пасля каманды з Японii) у сусветным конкурсе, прысвечаным праблемам вады, якi праводзiць дачка шведскага караля Вiкторыя.

— У гэтым годзе мы пры супрацоўнiцтве з радыяцыйным цэнтрам пачнем даследаваць самiх сябе: якiмi мы вяртаемся з адпачынку, iдзём у школу пасля канiкулаў, цiкава даведацца, якiя шкодныя рэчывы назапашвае наш арганiзм падчас падарожжа i чым ён «падпiтваецца» ўжо на радзiме, — Галiна Сiвалава таксама выкладае ў гiмназii прыродазнаўства, можа, таму i вучнi з лёгкасцю бяруцца за такiя складаныя экалагiчныя даследаваннi.

Шмат увагi настаўнiкi надаюць гiсторыi. Кожны гiмназiст ведае, што жыве ў сталiцы ВКЛ, таму павiнен шанаваць беларускую мову, на якой пiсалася першая еўрапейская Канстытуцыя — Статут 1588 года, створаны Львом Сапегай.

— Мова — гэта вялiкi пласт чалавечай культуры. Беражыце сваю мову, бо гэта яшчэ i еўрапейскае багацце, — кажа дырэктар.

Кожны год 2—3 выпускнiкi гiмназii паступаюць вучыцца далей у вышэйшыя навучальныя ўстановы заходнiх краiн i 5—7 — Беларусi. Астатнiя застаюцца ў Лiтве. Але ўсе добра ўладкоўваюцца ў жыццi.

Адна выпускнiца ўжо працуе ў швейцарскiм банку ў Лондане, дзве ў гэтым годзе паехалi вучыцца ў брытанскую сталiцу. Удаецца самарэалiзавацца, канешне, i тым, хто застаўся ў Лiтве, i тым, хто адправiўся на гiстарычную радзiму. Тут, у Беларусi, выпускнiкi гiмназii з лёгкасцю паступаюць у ВНУ, а яшчэ нярэдка, таксама як i некалi Галiна Сiвалава, становяцца «ахвярамi кахання». I тады пускаюць тут каранi i застаюцца на радзiме назаўсёды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter