Беларусы — нацыя пісьменная

Амаль сто працэнтаў насельнікаў нашай краіны ўмеюць чытаць і пісацьДаступнасць якаснай адукацыі — адна з асноўных умоў раз-віцця чалавецтва. Пісьменнасць патрэбна чалавеку для правільнага і вольнага выбару будучай прафесіі, а таксама актыўнага ўдзелу ў жыцці краіны і грамадства. Сёння чытаць і пісаць умеюць амаль 4 мільярды жыхароў Зямлі. У Беларусі, паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, толькі 0,4 працэнта грамадзян, узрост якіх складае 15 гадоў і больш, непісьменныя.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі, у Пасланні Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна да Міжнароднага дня пісьменнасці, які адзначаецца сёння, выказана наступнае: “Сёння, па ацэнках, налічваецца 774 мільёны дарослых, якія не ўмеюць чытаць і пісаць, з іх дзве трэція складаюць жанчыны. Больш за 72 мільёны дзяцей не наведваюць школу. Гэтыя лічбы служаць напамінам нам аб тым, як многа яшчэ трэба зрабіць для таго, каб забяспечыць рэалізацыю правоў грамадзян на адукацыю і пісьменнасць”. Міжнародныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні праблемы непісьменнасці. Так, напрыклад, ЮНЕСКА выступіла з ініцыятывай да 2015 года ў два разы скараціць колькасць непісьменных сярод дарослых. У Дэкларацыі развіцця тысячагоддзя другой мэтай вызначана “Забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі”. У Беларусі гэтая мэта дасягнута ўжо сёння. У мінулым вучэбным годзе 4063 навучальныя ўстановы ў нашай краіне забяспечвалі атрыманне агульняй сярэдняй адукацыі. У іх вучыліся 1 179,3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у 55 навучальных установах, дзе вучыліся 396,9 тысячы студэнтаў. Згодна з новымі задачамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у адукацыйнай палітыцы галоўная мэта сёння — забеспячэнне да 2015 года ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, а таксама далейшае ўдасканаленне сістэмы вышэйшай адукацыі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter