Беларускi Кардынал — Камандор Ордэна Легiёна

Кардыналу Казiмiру Свёнтаку ўручаны знакi ўзнагароды Камандора Ордэна Ганаровага Легiёна Францыi

Яго Высокапраасвяшчэнства Кардынал Казiмiр Свёнтак стаў першым грамадзянiнам Беларусi, якi атрымаў адну з дзвюх вышэйшых узнагарод Францыi — званне Камандора нацыянальнага Ордэна Ганаровага Легiёна. Гэту ўзнагароду яму прысвоiў сваiм дэкрэтам прэзiдэнт Французскай Рэспублiкi Жак Шырак. Урачыстая цырымонiя ўручэння знакаў узнагароды адбылася ў Мiнску. На ёй Кардынал Свёнтак выказаў меркаванне, што беларускi народ заслугоўвае падтрымкi за мужнасць i годнасць, з якiмi ён iмкнецца выказаць сябе ў якасцi незалежнай нацыi ў суверэннай краiне. “Я ўдзячны Богу за тое, што ён прадаставiў мне жыць доўга, пабачыць добрыя i благiя днi сярод прадстаўнiкоў нацыi, якая нiколi мяне не расчароўвала, — адзначыў Яго Высокапрэасвяшчэнства. — Народ Беларусi заслужыў таго, каб атрымаць гэту i iншыя ўзнагароды, можа, гэта толькi пачатак. Прысваенне звання Камандора Ордэна Ганаровага Легiёна беларускаму грамадзянiну сведчыць пра тое, што на Захадзе, i не толькi на Захадзе, зразумелi: ёсць Беларусь, ёсць беларускi народ. Яго трэба паважаць, пра яго трэба помнiць i быць у адносiнах да яго добразычлiвым”.
 Уручаючы ўзнагароду, Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Францыi ў Рэспублiцы Беларусь Стэфан Шмялёвскi адзначыў: “Францыя выказвае беларускаму народу знак прызнання i падтрымкi. Кардынал Казiмiр Свёнтак, як нiхто iншы, увасабляе сабой усё, што перажыў ваш народ у дваццатым стагоддзi”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter