Беларускай душы матыў тут з бiблейскiм мяжуе сумам

Яўрэйскi народ спазнаў шмат пакут, панёс вялiкiя страты, але не адрокся ад веры сваiх прашчураў, выстаяў у агнi цывiлiзацыi. I сёння Беларусь ганарыцца iмёнамi многiх прадстаўнiкоў гэтай нацыянальнасцi, што сваёй працай узбагацiлi нашу, сваю Бацькаўшчыну. Злавiла сябе на гэтай думцы, калi падчас адкрыцця выставы работ Марка Шагала аднаму з замежных гасцей прыйшлося растлумачыць, што славуты жывапiсец — ураджэнец яўрэйскага мястэчка Лёзна на Вiцебшчыне. Многiя яўрэi, чый лёс быў звязаны з Сiнявокай, стаўшы вядомымi амаль усяму свету, i сёння не хаваюць сваiх цёплых пачуццяў да Беларусi. Так, напрыклад, першы прэзiдэнт Iзраiля Хайм Вейцман нарадзiўся ў мястэчку Моталь, што ў Iванаўскiм раёне, а прэм’ер-мiнiстр Iзраiля Шымон Перэс вырас у Вiшневе на Валожыншчыне.
Калi дабро перамагае Заўтра яўрэi Беларусi i ўсяго свету пачнуць адзначаць самае вясёлае свята — Пурым

Вечарам iдуць у сiнагогу слухаць чытанне Свiтку Эстэр (кнiгу Эсфiр, што ўваходзiць у Бiблiю), у якiм змешчана гiсторыя Пурыму. Яна ўзыходзiць да часоў старажытнай Персiдскай iмперыi, калi галоўны саноўнiк цара Артаксеркса Аман задумаў знiшчыць усiх яўрэяў у дзяржаве. Мардэхай, адзiн з правадыроў таго пакалення, наказаў сваёй стрыечнай сястры Эстэр — жонцы Артаксеркса, пайсцi да цара i папрасiць выратаваць яўрэяў. Эстэр выканала свой абавязак перад народам, пасля чаго цар Артаксеркс загадаў павесiць Амана i выдаў новы ўказ, у якiм яўрэям давалiся поўныя правы i дазвалялася адпомсцiць сваiм ворагам.
У час чытання Свiтку Эстэр кожны раз, калi вымаўляецца iмя Аман, усе, хто сабраўся ў храме, жартуюць, тупацяць нагамi i грымяць рытуальнымi трашчоткамi, каб заглушыць ненавiснае iмя.
На ранiцу наступнага дня чытанне Свiтку Эстэр паўтараецца. А днём ладзiцца “пурымскi пiр”, на якiм шмат ядуць, п’юць, весяляцца. Прынята пiць алкагольныя напоi, i лiчыцца нават, што ў гэты дзень можна ап’янець настолькi, каб не адрознiваць слоў “пракляты Аман” ад “благаслаўлёны Мардэхай”, але бачыць, дзе дабро, а дзе зло. Традыцыйная страва гэтага свята — трохвугольныя коржыкi з макам, якiя маюць вобразную назву “вушы Амана”.

Лiтвакi

На працягу шасцi стагоддзяў (а менавiта столькi налiчвае гiсторыя пасялення яўрэяў у Беларусi) беларусы i яўрэi жылi адной дружнай сям’ёй. У канцы XVIII стагоддзя, калi Кацярына Вялiкая ўвяла “еврейский вопрос” ва ўнутраную палiтыку  Расii, побыт i культура прадстаўнiкоў абодвух народаў вельмi зблiзiлiся. Беларускi пiсьменнiк Змiтрок Бядуля (сапраўднае iмя пiсьменнiка — Самуiл Плаўнiк), якi, дарэчы, паходзiў з яўрэйскай сям’i, у 1918 годзе ў сваiм артыкуле “Жыды на Беларусi” пiсаў: “Суседства гэтых дзвюх нацыяў тварыла такiя жыццёвыя ўмовы i эканамiчныя стасункi, у якiх адна нацыя без другой не магла абысцiся. Гандаль i рамёствы ў нашым краi развiвалi жыды. I трэба сказаць, што ў гэтым кiрунку яны досыць ажывiлi наш край i праз увесь час прыносiлi яму шмат карысцi... Жыды старалiся зменшыць цэны на прадукты, як у рамёствах, таксама i ў гандлi. Дзякуючы пасярэднiцтву ўсюды бываючага жыда-скупшчыка селянiн збываў на месцы ўсе свае прадукты. А скупшчык-жыд пры ўсёй сваёй вялiкай працы быў такi самы бедны, як яго сусед-селянiн, хаця жыд i гарэлкi не пiў...”
Змiтрок Бядуля заўважаў перапляценне нашых народаў не толькi ў эканамiчных стасунках, але знаходзiў i псiхалагiчную залежнасць народаў аднаго ад другога. У мовах, звычаях, легендах, у будаўнiцтве, у будзённым жыццi памiж беларусамi i яўрэямi iснавала мноства падабенстваў. Еднасць нашых культур вiдаць i сёння, калi амаль на кожным сямейным свяце беларусы танцуюць “сем сорак”, выкарыстоўваюць словы яўрэйскага паходжання, напрыклад, “адхаяць”, “хаўрус” i iншыя. Ды што i казаць: у 20-я гады мiнулага стагоддзя ў Беларусi былi дзяржаўнымi адразу чатыры мовы — беларуская, руская, польская i яўрэйская. Газета “Звязда”, напрыклад, словы “Пралетарыi ўсiх краiн, яднайцеся!” друкавала ў чатыры радкi на кожнай з iх.
Сярод прыказак усходнееўрапейскага яўрэйства можна знайсцi шмат блiзкiх па сэнсу з беларускiмi. Напрыклад, “Яшчэ не ўзлез на каня, а ўжо крычыць: “Но!”, “Пакуль карова доiцца, яе на бойню не вядуць”, “Маўчанне таксама гаворыць”. Яўрэi вельмi паважалi беларускую народную мудрасць, казалi: “Сялянская прыказка ўсё роўна як жыдоўская Тора”.
Асаблiвае значэнне яўрэі надавалi навучальным установам. Да нашага часу захавалiся будынкi вядомых некалi на ўвесь свет iешываў (рэлігійных школ). Напрыклад, валожынская сёння ўнесена ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. У будынку мiрскай iешывы зараз знаходзiцца пошта, частка будынка адведзена пад жылы фонд. I мала хто ведае, што ў Доме культуры ў Радунi Воранаўскага раёна некалi таксама была мясцовая iешыва.
Змiтрок Бядуля заўважаў, што яўрэi, “як нацыя болей культурная”, жыўшы на беларускай зямлi, павiнны былi, на першы погляд, мець перавагу над беларусамi, аднак, адзначае пiсьменнiк, яўрэi больш перанялi ад беларусаў, чым беларусы ад iх. “Магутная сiла беларускай зямлi дала асобны духоўны i вонкавы воблiк беларускiм жыдам. Цяпер яны адрознiваюцца ад усiх другiх жыдоў, i iх па ўсiм свеце называюць “лiтвакамi”, — пiсаў ён.

У спадчыну

Першыя абшчыны яўрэяў з’явiлiся ў Беларусi ў канцы XIV стагоддзя ў Брэсце i Пiнску. У XVI ст. iх колькасць яшчэ больш павялiчылася ў сувязi з iх мiграцыяй з Германii i Польшчы. На працягу многiх стагоддзяў засяленне яўрэяў на новую тэрыторыю адбывалася так: спачатку стваралiся могiлкi. Ушанаванне памяцi сваiх продкаў для яўрэяў было i застаецца важней, чым хлеб надзённы. Ларыса Мiхальчук, аўтар i складальнiк кнiгi “Беларусь шматнацыянальная”, адзначае, што правiлы, па якiх стваралiся яўрэйскiя могiлкi, не мянялiся тысячагоддзямi: “Адно з асноўных — усе камянi павiнны былi быць павернуты ў бок Iерусалiма. Пасля абсталявання могiлак будавалiся мiква — рытуальны басейн i сiнагога. Толькi пасля гэтага можна было сказаць, што абшчына абаснавалася”.
Сёння, у якое мястэчка цi горад нi заедзь, усюды ёсць яўрэскiя могiлкi, але, на жаль, многiя з iх нiяк не абазначаны. А апошняя вайна ў кожным горадзе цi мястэчку пакiнула свае могiлкi — брацкiя магiлы на месцы мясцовых расстрэлаў яўрэяў. Помнiкi на iх — простыя, гранiтныя, звернутыя яны не заўсёды да Iерусалiма — хавалi загiнуўшых беларусы, якiя не ведалi нацыянальнага звычаю сваiх землякоў-пакутнiкаў...
Галоўнай традыцыяй беларускiх яўрэяў сёння з’яўляецца шабат (у перакладзе азначае “субота”). Кожны вечар у пятнiцу сям’я, блiзкiя родзiчы збiраюцца за адным сталом, запальваюць дзве свечкi, чытаюць i слухаюць малiтвы i так сустракаюць свяшчэнны дзень — суботу.
У яўрэяў, так склалася гiстарычна, няма нацыянальнага касцюма. Для Беларусi традыцыйным быў такi вобраз яўрэя: мужчына ў цёмных штанах, белай кашулi, лапсардаку i з кепой на галаве. Яна магла быць рознай па колеру — i чорнай, i блакiтнай, i ружовай, з вышытым узорам, каштоўнымi камянямi. Жанчыне, што выходзiла замуж, стрыглi нагала галаву (валасы лiчылiся сiмвалам спакусы) i надзявалi хустку. I на працягу ўсяго жыцця яна павiнна была хадзiць с пакрытай галавой альбо ў парыку. Гэта традыцыя ў рэлiгiйных сем’ях захавалася i да нашых дзён.
Мова яўрэяў мела свае разнавiднасцi i залежала ад краiны, дзе жыў гэты народ. Напрыклад, iспанскiя, партугальскiя яўрэi размаўлялi на ладзiно. На тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага — больш на iдыш. Iўрыт жа, на якiм размаўлялi ў старажытнасцi, толькi ў пазамiнулым стагоддзi быў выведзены са спiсу мёртвых моў.
Шлюбны дагавор першымi стварылi яўрэi. З Х стагоддзя да нашых дзён дайшлi першыя ктуба (у перакладзе “запiска”). Музей гiсторыi i культуры яўрэяў Беларусi, што ў Мiнску, захоўвае дагавор памiж мужам i жонкай, складзены ў 1928 годзе ў беларускiм мястэчку пад Брагiнам. Каб выпадкова не пасварыцца, у састаўленнi дагавора прымаў удзел равiн, чалавек, якi карыстаўся пашанай i меў вялiкi аўтарытэт. Выкарыстоўвалiся таксама ўрыўкi з Торы, паэзiя.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter