Беларускае — значыць лепшае

Верхнядзвiнскiя кааператары ўдзельнiчалi ў восеньскiх кiрмашах, якiя...

Верхнядзвiнскiя кааператары ўдзельнiчалi ў восеньскiх кiрмашах, якiя праводзiла Рэспублiка Беларусь у Татарстане пасля вiзiту ў гэту краiну Прэзiдэнта нашай краiны. Гандлявалi ў Набярэжных Чалнах, прадалi ўсё прывезенае i атрымалi добрую выручку. У горадзе аўтабудаўнiкоў беларусаў прымалi гасцiнна i цёпла.

— Набярэжныя Чалны — вялiкi прамысловы цэнтр, дзе жывуць звыш паўмiльёна чалавек, — расказвае старшыня праўлення Верхнядзвiнскага райспажыўтаварыства Iрына Тамашэвiч. — Горад сучасны, прыгожы, увесь у зелянiне i кветках, чысты i дагледжаны. Як сказаў адзiн з пакупнiкоў, горад нагадвае Мiнск. Аказалася, што Мiхаiл працуе на КаМАЗе, наш зямляк. Летам з сям’ёй наведваў Беларусь i быў прыемна ўражаны ад убачанага. Адзначыў, што не толькi Мiнск, але i iншыя гарады i вёскi ўпарадкаваныя i прыгожыя. Асаблiва аграгарадкi ўразiлi. Зразумела, наведалi гандлёвыя прадпрыемствы, зрабiлi шмат пакупак. Маўляў, у Набярэжных Чалнах усё ёсць, але даражэй каштуе. А ў Беларусi прадукты прываблiваюць натуральнасцю, якасцю i цаной. Бачна, што жывуць беларусы добра.

Падобныя меркаваннi i добрыя словы ў адрас нашага Прэзiдэнта чулi там ад многiх: i наведвальнiкаў кiрмашу, i калег, i нават абслугоўвага персаналу гасцiнiцы, куды верхнядзвiнцаў размясцiлi. У Набярэжных Чалнах жывуць прадстаўнiкi 80 нацыянальнасцей. Камская гiдраэлектрастанцыя i аўтазавод былi камсамольскiмi будоўлямi. Беларусаў тут звыш дзвюх тысяч чалавек. А нашы кааператары сала, засоленага па-дамашняму, узялi зусiм нямнога, меркавалi, што кiрмаш прыходзiцца на мусульманскi Рамадан. Расхапiлi яго ўмомант. Людзi гаварылi, што iшлi на пах натуральных прадуктаў, у тым лiку каўбас, якiх у нас былi цэлыя рады, некалькi дзесяткаў вiдаў. Спадабалiся вэнджаныя прадукты, мясныя, малочныя i пладова-агароднiнныя кансервы Глыбоцкага, Полацкага i Вiцебскага камбiнатаў. За верхнядзвiнскiмi сырамi чэргi выстройвалiся. Вялiкiм попытам карысталiся прадукцыя Аршанскага льнокамбiната, трыкатаж i панчошна-шкарпэтачныя вырабы Вiцебскага КIМа, модныя пяцельныя дываны Вiцебскага камбiната, адзенне пiнскага «Палесся». Мыла туалетнага i гаспадарчага прадалi 300 кiлаграмаў! I яшчэ пыталiся, бо яно ў нас натуральнае, без нежаданых кампанентаў.

Кiрмаш доўжыўся тры днi, i ля верхнядзвiнскiх палатак пастаянна былi пакупнiкi. I гэта пры тым, што ў Набярэжных Чалнах шырокая сетка сучасных магазiнаў з багатым выбарам тавараў i прадуктаў. Людзi iшлi менавiта за беларускiм. Прадалi ўсе 20 тон прывезеных прадуктаў i тавараў.

— Мы не толькi гандлявалi, але i пастаралiся нешта пераняць для сябе, — зазначае Iрына Тамашэвiч. — Я звяртала ўвагу калег на высокi ўзровень абслугоўвання. Усе без выключэння прадаўцы вельмi ўважлiвыя, ветлiвыя, усмешлiвыя, гатовыя задаволiць любое жаданне пакупнiка. Умеюць прапаноўваць тавар так, што без пакупкi з магазiна не выйдзеш. Працуюць на iмiдж свайго прадпрыемства.

Увогуле, культура гандлю — на самым высокiм узроўнi. Там вулiчнага гандлю няма, усё цывiльна абсталявана ў невялiчкiх стацыянарных павiльёнах — прыгожа, утульна i ў санiтарных адносiнах бездакорна. Перанялi многае, ёсць над чым працаваць.

Прымалi верхнядзвiнцаў вельмi сардэчна i гасцiнна, запрашалi прыязджаць яшчэ. Ёсць адрасы, тэлефоны, дзелавыя кантракты. I галоўнае, ёсць гонар за нашу Беларусь, якую паважаюць, бачаць у ёй запатрабаванага i надзейнага партнёра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter