Беларускі сюррэалізм

Хто сказаў, што ў Беларусі няма горных пейзажаў з аквамарынавымі азёрамі? Тое, што давялося ўбачыць мне, назаўжды разаб’е ўсе стэрэатыпы, і вы ўжо больш ніколі не скажаце, маўляў, Беларусь — сумная раўніна... Каб пабываць на іншай планеце, неабавязкова адпраўляцца ў касмічныя далі — побач яшчэ столькі не спазнанага

Хто сказаў, што ў Беларусі няма горных пейзажаў з аквамарынавымі азёрамі? Тое, што давялося ўбачыць мне, назаўжды разаб’е ўсе стэрэатыпы, і вы ўжо больш ніколі не скажаце, маўляў, Беларусь — сумная раўніна...

Каб пабываць на іншай планеце, неабавязкова адпраўляцца ў касмічныя далі — побач яшчэ столькі не спазнанага

Краснасельскія цуды


Ідучы па Гродзенскай вобласці шляхам з Мастоў на Івацэвічы, мінаючы Рось, Падароск, Ружаны, стаміўшыся ад працяглага дня, праведзенага ў электрычцы, вам абавязкова прыйдзецца спыніцца на начлег дзе-небудзь у раёне пасёлка Краснасельскі.
Зусім недалёка ад горада вы ўбачыце звычайнае возера, вада ў якім, аднак, будзе чамусьці зялёнага колеру. Калі ж пройдзеце далей, заўжды дапытлівыя мясцовыя жыхары абавязкова пацікавяцца, куды вы трымаеце свой шлях, і вы адкажаце, што хацелася б паглядзець якія-небудзь мясцовыя цікавасці (не казаць жа ўсім без разбору, што вам патрэбен начлег). І, на вашае здзіўленне, пачуеце, што зусім побач ад гэтага месца знаходзіцца комплекс прыгожых кар’ераў, дзе можна адчуць сябе нібы на іншай планеце.
Што і казаць, такіх навін вы ніяк не чакалі, а таму папросіце тутэйшых паказаць вам дарогу, але яны з-за сваёй дабрадушнасці згодзяцца адвесці вас да кар’ераў...
Прайшоўшы праз дачны пасёлак ды нейкую дзіўную лясную дарогу, вельмі падобную на крымскую, вы прыйдзеце на першы кар’ер, які на мясцовым “слэнгу” гучыць як “5-ты вінт”. Трэба сказаць, ён вас расчаруе, бо даўным-даўно выпрацаваны і зарослы расліннасцю будзе падобны на звычайнае лясное возера, якіх багата раскідана па нашай краіне. Але вашы спадарожнікі паднімуць вам настрой, распавёўшы, што непадалёку знаходзіцца іншы, больш цікавы кар’ер — “Узрыўчатка”. Чаму такі дзіўны назоў, мясцовыя і самі не ведаюць, а толькі кажуць, што “кінуты, таму і назва такая”.

Ёсць жыццё на... Марсе


І вось вы прабіраецеся праз стаўбы аваднёў ды камароў. Раптам нешта ёкнула ўнутры — вы бачыце зусім не раўнінны пейзаж, дзе вада ў возеры ярка-зялёная, а бераг — чырвонага колеру. Скінуўшы рукзак, хутчэй уніз — па сапраўдных крымскіх, выдзеўбаных у гары ступенях. Апынаецеся ў самым сэрцы, як вам тады здавалася, “Вялікага каньёна”, які вы імгненна з “Узрыўчаткі” перайменавалі ў “Кар’ер імя Вялікага выбуху”. Колькі часу стаіце і проста назіраеце за тым, што адбываецца наўкола: ніводнай птушкі, ніводнай жывёліны — толькі вы і каньён...
Але ж потым глядзіце пад ногі і бачыце, што паўсюдна па кар’еры ляжаць агромністыя кавалкі крэменю (можа, няблага было б узяць некалькі з сабой?), і гэты сюжэт нагадвае вам хутчэй Марс, чым Зямлю. Вы ідзяце па кар’еры, шукаючы месца для палаткі і вогнішча, імгненна знаходзіце і распальваеце агонь, каб прыгатаваць ежу (неабходных дрэваматэрыялаў там для гэтага дастаткова). А пасля глядзіце: вашы ногі бела-чырвонага колеру — і вы ўспамінаеце, што гэта мелавыя кар’еры, якія перасталі асвойваць яшчэ ў часы СССР, бо раптам рабочыя натыкаліся на крыніцу, што імгненна запаўняла большасць прасторы вадой. Так здарылася і на гэтым кар’еры. У добрае надвор’е можна заўважыць, што недзе на глыбіні 20 метраў пад вадой знаходзіцца будаўнічы кран.
Калі захочаце злучыцца з прыродай, абавязкова скіньце адзенне і пакупайцеся ў гэтай празрыстай вадзе. А глыбіня тут такая, што праз два метры вы ўжо будзеце цалкам пад вадой. І рыбы тут шмат — толькі паспявай закідваць вуду. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што рыбу сюды некалі завезлі аматары рыбалкі...
Вось і ранак — час ісці далей, бо яшчэ ўчора вы даведаліся, што недзе за цэментным заводам, у Карпаўцах, знаходзяцца яшчэ больш прыгожыя кар’еры, дзе няма аніякай расліннасці ўвогуле, ад чаго падаецца, што вы ўжо дзесьці ў Саудаўскай Аравіі.
З цягам часу вы выпадкова, не ведаючы месца, апынаецеся ў іншым кар’еры, які добра падыходзіць для адпачынку, але сюррэалізмам там і не пахне. Потым выпадкова пападаеце ў сапраўдны дзеючы кар’ер, дзе вас уражваюць веліч і колеры наваколля. Але не захапляйцеся: часам у кар’еры здараюцца апоўзні, таму трэба заўжды быць пільным.
Нарэшце, падняўшыся на вяршыню, вы патрапілі нібы ў Аўстралію — вада колеру аквамарын чакае вас. Узгоркі так і цягнуць адпачыць у ценю дрэў (як ужо здаецца, экзатычных), а крэмень усё яшчэ чакае вашай далоні. І цяпер, адпачываючы на беразе, вы разумееце: Беларусь — гэта зусім яшчэ не спазнаная намі краіна, родная прырода якой зачароўвае так моцна, як ніякія іншыя Марсы альбо Аўстраліі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter