Беларускі характар

24 ліпеня народнаму артысту Беларусі Генадзю Міхайлавічу ГАРБУКУ споўнілася 75 гадоў. З юбілеем!Генадзь Гарбук -- адзін з самых тытулаваных, запатрабаваных і любімых беларускіх акцёраў. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, народны артыст Беларусі, уладальнік спецыяльнага прыза Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве», ён -- яркі прадстаўнік нацыянальнай акцёрскай школы. Аўтары яго герояў -- Горкі і Чэхаў, Гогаль і Шукшын, Купала і Колас, Мележ і Чыгрынаў, Быкаў і Караткевіч, Макаёнак і Дудараў.На сцэне Майстар ужо 51 год, 47 з якіх у Нацыянальным тэатры імя Я.Купалы. На тэлеэкране ўпершыню з'явіўся 45 гадоў таму, у кіно -- з 1971 года.Генадзь Міхайлавіч -- жывая гісторыя савецкага і беларускага тэатра, кіно і тэлебачання другой паловы XX стагоддзя і па сённяшні дзень.

У памяці тэатральнага і кінагледача ён -- Васіль з “Людзей на балоце” і Пятрок са “Знака бяды”, Лапатуха з «Чорнага замка Альшанскага» і Вашчыла з «Маці Урагана», Андрэй з «Белых росаў». Акцёр здымаўся не толькі на «Беларусьфільме», але і на «Масфільме», «Ленфільме», Свярдлоўскай кінастудыі. Аб`ездзіў Беларусь, Расію ад Іркуцка да Разані і Смаленска, пабываў на здымках у Парыжы.
На адной з нядаўніх сустрэч з гледачамі ва Ушачах, што на Віцебшчыне, адкуль ён родам, яму задалі пытанне: «Як вам удаецца перадаць характар беларуса?» Артыст задумаўся і шчыра адказаў: «Я не ведаю, што значыць характар беларуса. Мяне цікавіць характар Чалавека, яго лёс».
Перагартаем разам з акцёрам старонкі яго жыцця і лёсу.
Шасцікласнік Ушацкай сярэдняй школы (другі злева) сярод лепшых вучняў раёна на першай у жыцці экскурсіі ў Полацку.

Пасля прэм`еры спектакля «Квартэт Алямбору» у Беларускім драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску. Музыку да спектакля напісаў прыгожы, дасціпны, просты, геніяльны Марк ФРАДКІН (у цэнтры).

Апошнія для мяне гастролі з Коласаўскім тэатрам у Мінску, пасля якіх мяне запрасілі ў тэатр імя Я.Купалы.

Ужо акцёр купалаўскага тэатра з бацькамі. Бацька -- ГАРБУК Міхаіл Ануфрыевіч, народны суддзя Ушацкага раёна на працягу 47 гадоў, маці -- Анастасія Лаўрэнцьеўна.

Старэйшы брат Уладзімір -- капітан II рангу -- у падводнай лодцы на глыбіні 300 метраў у Атлантычным акіяне перасякае экватар (тых, хто ўпершыню на экватары, абліваюць забортнай вадой).

Старэйшы брат Уладзімір, капітан II рангу, падводнік. Зараз жыве з сям`ёй у г.Троіцку Падольскага раёна Маскоўскай вобласці, працуе ў НДІ.

У Купалаўскім тэатры мяне збіраліся выставіць «на конкурс», гэта значыць звольніць з тэатра за прафесійную непатрэбнасць. Але паявіўся рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гутковіч з прапановай сыграць Васіля ў тэлеспектаклі «Людзі на балоце» па раману Івана Мележа і гэтым кардынальна змяніў мой акцёрскі лёс.

З Ліляй ДАВІДОВІЧ у спектаклі “Людзі на балоце” ў тэатры імя Я.Купалы, пастаўленым пасля поспеху тэлеверсіі рамана. Спектакль ішоў больш за 15 гадоў, а гэту сцэну “Апошняя сустрэча” мы ігралі разоў трыста ў розных канцэртах, на розных пляцоўках. І нават на радзіме Івана Мележа ў Глінішчах на вечары, прысвечаным 80-годдзю пісьменніка. Калі не стала Лілі, я па-акцёрску асірацеў. Прайшло столькі гадоў, а ўва мне ўсё яшчэ пазнаюць Васіля.

Побач з такімі асобамі і акцёрамі, як Галіна МАКАРАВА і Павел КАРМУНІН, было цудоўна жыць і працаваць (сцэна са спектакля “Парог” А.Дударава).

Рэпетыцыя на здымачнай пляцоўцы “Белых росаў”. Калі гэта было… А мяне дагэтуль часам называюць Андрэем, як і майго героя.

Дзякуючы фільму “Знак бяды” адбылося асабістае знаёмства з Васілём Быкавым. Ён выклікаў каласальнае ўражанне сваёй стрыманасцю і ўнутранай напоўненасцю. А Ніна Русланава дапамагла мне на здымках сыграць тое, чаго хацеў ад мяне рэжысёр Міхаіл Пташук. Мне быў бліжэй Пятрок, такі, як у апавяданні -- марудны ва ўсіх праявах.

На міжнародным фестывалі ў Югаславіі (які праводзіўся на спонсарскія грошы) я атрымаў галоўны прыз за лепшую мужчынскую ролю.

Член журы міжнароднага фестывалю акцёраў кіно “Сузор’е” ў Цвяры побач з жонкай Галінай ЯРОМЕНКА і акцёрам тэатра “Сучаснік” Іллёй ДРАЎНОВЫМ, з якім мы разам здымаліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter