Беларускі гумар

НАРОДНЫЯ ДЫЯЛОГІ

— Іван, а як адрозніць сапраўднага пчаляра, які прадае натуральны мёд, ад жуліка, які прадае пад выглядам мёду падфарбаваны цукровы сіроп?

— Тут усё проста, Нічыпар! У жуліка твар хітры, а ў сапраўднага пчаляра — апухлы!

* * *

— Доктар, тры месяцы таму назад вы знайшлі ў мяне рэўматызм і сказалі пазбягаць сырасці, — пачынае з парога размову селянін Павел.

— І з чым вы на гэты раз? — пытаецца доктар.

— Можна мне хоць перад днём нараджэння памыцца?

* * *

— Андрэй, ты зноў ляжыш на канапе?

— Затое ты ведаеш, любая, дзе мяне заўсёды можна знайсці...

* * *

У сталоўцы:

— Скажыце, а салата сённяшняя?

— Я вам больш скажу, яна яшчэ і заўтрашняя!

* * *

— Мілая, ты навошта на бокс запісалася?

— Потым даведаешся.

* * *

Хлопец Віталь паведамляе маці:

— Сёння да мяне ў госці прыйдуць тры дзяўчыны. Адгадай, з якой з іх я збіраюся ажаніцца.

Увечары:

— Мама, як думаеш, з якой?

— З той, што сядзела пасярэдзіне.

— І як жа ты здагадалася?

— Яна мяне ўжо цяпер раздражняе.

* * *

Чатырохгадовая Святланка вярнулася ад бабулі з вёскі ў горад і, седзячы ў тралейбусе, бачыць, як чалавек перабягае дарогу ў неналежным месцы. Крычыць у акно:

— Куды, халера цябе бяры, па градках?!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter