«Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава»

У Мінску адкрыецца выстава да 100-годдзя вядомага фотамайстра

Выставачная экспазіцыя адлюструе ўсе грані таленту вядомага фотамайстра

18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца фотавыстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Дзітлава (1912 — 2009).

Аляксандр Сяргеевіч нарадзіўся перад Першай сусветнай вайной у сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбургу ў дваранскай сям’і. Пасляваенны лёс прывёў яго на Беларусь, і гэты перыяд жыцця, своеасаблівы «беларускі экватар», стаў найбольш плённым. Аляксандр Дзітлаў — заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, ваенны карэспандэнт фотахронікі ТАСС, аўтар кніг па тэорыі фотамастацтва, арганізатар фотавыстаў, адзін з заснавальнікаў часопіса «Маладосць».

Сёння Аляксандр Дзітлаў найбольш вядомы фатаграфіямі ваеннай пары. «Тыгр і казляня», «Салдацкая каша», «Дамоў», «Кулямётчык Мікалай Качанаў» неаднойчы публікаваліся на старонках друкаваных і віртуальных выданняў. На некаторыя з іх напісаны вершы і зняты фільм. Дзітлаў — аўтар самага вялікага — 7-метровага — фатаграфічнага «палатна» і маленькай, велічынёю з паштовую марку, фотакарткі.

Як расказалі «Р» у музеі, на выставе прадстаўлены як арыгінальныя аўтарскія адбіткі, так і сучасныя лічбавыя, зробленыя з фотанегатываў аўтара. Большая частка экспазіцыі адведзена пад фатаграфіі пасляваеннага перыяду — 1945—1969 гг. Яны былі апублікаваныя ў аўтарскім фотаальбоме «Там, дзе сінее Нарач», выстаўляліся на тагачасных калектыўных фотавыставах, публікаваліся на старонках часопіса «Маладосць». Асобна трэба сказаць пра каляровыя фотаздымкі, зробленыя Аляксандрам Дзітлавым. У пачатку 1950-х каляровае фота толькі пачало ўваходзіць у практыку беларускіх фатографаў.

Упершыню экспазіцыя адлюструе ўсе грані таленту Аляксандра Дзітлава — журналіста, майстра дакументальнай фатаграфіі, тонкага лірыка і гумарыста, нястомнага генератара ідэй і новых праектаў.

У экспазіцыі выкарыстаны матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, асабістага архіва дачкі фатографа Вольгі Дзітлавай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter