Беларусь запаведная. Дзякуючы фотаздымкам гэтага чалавека шмат хто адкрыў для сябе неверагодныя куточкі роднай краіны.

Вячаслаў Іосіфавіч Алешка прайшоў шлях ад простага рабочага да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ёсць у яго паслужным спісе і дырэктарства ў адной з самых вялікіх навуковых экалагічных устаноў — Беларускім навукова-даследчым цэнтры “Экалогія”. Зараз ён пенсіянер і “вольны мастак” і нарэшце можа спаўна аддацца свайму захапленню, якое нарадзілася яшчэ ў маладосці і шмат у чым вызначыла яго жыццёвы шлях. Гэтае захапленне — фатаграфія.

Вячаслаў Іосіфавіч Алешка прайшоў шлях ад простага рабочага да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ёсць у яго паслужным спісе і дырэктарства ў адной з самых вялікіх навуковых экалагічных устаноў — Беларускім навукова-даследчым цэнтры “Экалогія”. Зараз ён пенсіянер і “вольны мастак” і нарэшце можа спаўна аддацца свайму захапленню, якое нарадзілася яшчэ ў маладосці і шмат у чым вызначыла яго жыццёвы шлях. Гэтае захапленне — фатаграфія.

— Мая першая фотавыстава прайшла ў 1980 годзе ў мінскім кінатэатры “Партызан”, — расказвае Вячаслаў Іосіфавіч. — На той момант гэта былі першыя каляровыя фотаздымкі, выстаўленыя на планшэтах.
Вядома, яны выклікалі цікавасць гледачоў, якім адразу ж палюбіліся стыль і творчая манера фотамастака. Адна за адной выйшлі яго восем кніг пра падарожжы і прыроду былога Саюза. Першы альбом “Спатканне з лесам” з’явіўся яшчэ ў сярэдзіне 1980-х і двойчы перавыдаваўся небывалым і для таго, і для цяперашняга часу тыражом у 90 тысяч паасобнікаў. А на стварэнне наступнага Вячаслава Алешку натхніў і даў параду не хто іншы, як Уладзімір Караткевіч. Каб абмеркаваць будучую кнігу, Уладзімір Сымонавіч знарок прыехаў на сустрэчу з фотамастаком у тагачасны Прыпяцкі запаведнік.
— Вячаслаў, я купіў аж пяць тваіх кніг, — сказаў Алешку Караткевіч. — І, ведаеш, быў уражаны, што ў нас на Беларусі з’явіўся такі вандроўнік. — Пісьменнік трохі памаўчаў, а пасля з усмешкай дадаў: — Толькі скажы, навошта табе тая Калыма?
Тады над гэтым пасмяяліся, а калі пачалі гаварыць пра будучую кнігу, Караткевіч засумняваўся: “Няўжо ты думаеш, што зможаш напісаць фотааповесць пра дзікую прыроду Беларусі? Гэта ж неймаверная праца! Але калі зробіш гэта — табе можна будзе помнік паставіць!”
Той наказ класіка Вячаслаў Алешка захаваў у сваёй памяці надоўга. Ён і да гэтага не расставаўся з фотаапаратам, а некаторыя, асабліва моцныя ўражанні ад хараства роднай прыроды, памятае яшчэ з дзяцінства. Праўда, яны не заўсёды былі светлымі і бесклапотнымі.
...Случчына. Суровая ваенная зіма. Навакольныя вёскі выпалены фашыстамі, а жыхары маленькай лясной Хінолаўкі хаваюцца ў лесе, у партызанскіх зямлянках. Славіку Алешку — усяго тры гадкі. Стаіць траскучы мароз, але босы хлопчык выбягае за дзверы, каб пабачыць заснежаныя елкі... Малюсенькая зямлянка туліцца да яліны, уздоўж якой падымаецца, паступова рассейваючыся, дымок ад печы. А на галінах, прыціснуўшыся адна да адной, у яго слабым цяпле грэюцца хатнія куры з абрэзанымі крыламі... Тыя стромкія беласнежныя елкі дагэтуль быццам стаяць перад вачыма чалавека, які вось такой памятае вайну. Многа пазней, будучы дарослым, Вячаслаў Алешка не раз адлюстраваў гэты яркі вобраз дзяцінства ў сваёй творчасці — фатаграфічнай і літаратурнай, у шматлікіх фотаздымках і кнізе “Стратэгія пошуку”, прысвечанай партызанам-героям.
З успамінаў і ўражанняў ад многакіламетровых вандровак нарадзіўся другі альбом фотамастака В.Алешкі. Фотааповесць аб дзікай прыродзе Беларусі далася нялёгка — зараз яе аўтар і сам узгадвае тую “эпапею”, як цэлы подзвіг...
І, нарэшце, — “Беларусь запаведная”... Вячаслаў Алешка на самай справе ўздоўж і ўпоперак абышоў запаведныя куточкі радзімы: нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі для яго — што ваколіцы роднай вёскі, дзе ведаеш кожную сцяжынку. Яго калегі часам дзівіліся: калі ж ён фатаграфуе? Мы, маўляў, ніколі не бачылі, як ты здымаеш! А здымае фатограф двойчы: спачатку вачыма — назіраючы і запамінаючы, і ўжо пасля фотаапаратам — знарок прыязджаючы на заўважаную мясціну і працуючы там яшчэ і яшчэ, аж пакуль не дасягне чаканага выніку...
Дарэчы, многія каштоўныя серыі фотаздымкаў моцна зацікаўленаму фатаграфіяй “дзяржаўнаму чалавеку” ў свой час дапамаглі ажыццявіць менавіта працоўныя камандзіроўкі. Так, падчас паездак на экалагічныя форумы ў афрыканскі Найробі (Кенія) Вячаслаў Алешка здолеў у падрабязнасцях вывучыць найбагацейшую прыроду тамтэйшых нацпаркаў, якія прасціраюцца на тысячы кіламетраў у розныя бакі. Сланы і жырафы, львы і бегемоты, аўтэнтычныя афрыканскія плямёны — гэта ўсё зафіксавана на фотастужку нястомнай рукой вандроўніка. Пасля першых “камандзіровачных” паездак  ён ужо ладзіў уласныя, спецыяльныя “вылазкі” ў Афрыку — па Егіпце, Марока і зноў па Кеніі, якая адразу ўразіла вельмі моцна.
Але як ні вабілі далёкія падарожжы, прырода Беларусі ўсё роўна была на першым месцы — што ў галаве (чытай — на працы), што ў сэрцы (чытай — у творчасці). Больш за дваццаць гадоў адпрацаваў Вячаслаў Алешка ў прыродаахоўных установах, на кіруючых пасадах, працаваў нават у камандзе Пятра Машэрава. А пасля — бываюць жа такія супадзенні! — на вуліцы Машэрава жыў... Ды толькі адчуўшы, што душа неадольна просіцца на прасторы палёў ды лясоў, пакінуў сталіцу, стаў вяскоўцам і аб гэтым ні кропелькі не шкадуе: “Я і адсюль, з вёскі, магу даехаць куды заўгодна. Але ці можна параўнаць гарадскую кватэру з уласным домам: тут у мяне ёсць усё для вольнага жыцця і творчасці. Ёсць і выставачная галерэя на другім паверсе: там я захоўваю ўсю сваю калекцыю фотаздымкаў, там яе могуць паглядзець людзі, якія мяне наведваюць”.
Здымкі, якія Вячаслаў Алешка робіць у апошні час, друкуе на рэдкім для фатаграфічных твораў носьбіце — палатне. У выніку атрымліваюцца ўнікальныя карціны. Іх сярэдні памер — 70х90 — дазваляе, па-першае, быць твору выразным і заўважным, а па-другое, можа быць цудоўным аздабленнем любога інтэр’ера.
Якраз апошняе стала вырашальнай прычынай таго, чаму аж 70 палотнаў з фотатворамі Вячаслава Алешкі будуць днямі выстаўлены ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Менавіта гэтай падборкай твораў яшчэ падчас сакавіцкай выставы ў гістарычным музеі ў Мінску зацікавіліся ў Мінпрыроды. І запрашэнне да ўдзелу ў экафоруме Вячаслаў Алешка атрымаў яшчэ тады.
Выстава завецца гэтаксама, як і апошні фотаальбом майстра — “Беларусь запаведная”. Есць задума правезці яе па розных куточках Беларусі. Калі намер гэты здзейсніцца, будзе цудоўна, — дзеліцца радасцю аўтар. — Але і зараз у мяне шмат планаў: не здраджваючы ўлюбёнай тэме, я зацікавіўся яшчэ і гістарычнай, архітэктурнай тэматыкай...” А гэта значыць, што наперадзе — зноў новы пошук, новыя здзяйсненні.
Толькі невялікай часткай сваіх мінулых “адкрыццяў і здзяйсненняў” Вячаслаў Іосіфавіч падзеліцца з гарадзенскімі гледачамі: усяго ж у яго архіве захоўваюцца тысячы спыненых імгненняў. І самае галоўнае: пасля сваёй вандроўкі па Беларусі выстава вернецца... не, не да аўтара, а да сёлетняга віноўніка экалагічнага свята — да Міністэрства прыродных рэсурсаў. Падчас экалагічнага форуму Вячаслаў Алешка ўрачыста перадасць экспазіцыю “Беларусь запаведная” ў дар міністэрству-юбіляру.
— Пакуль я бачу, я працую, здымаю, пішу, — дзеліцца разважаннямі фотамастак. — Пішу кнігі і дзённікі, чытаю і аналізую творы Паустоўскага, Забалоцкага, Ясеніна. І дзіўлюся: гэтыя людзі валодалі непераўзыдзеным мастацтвам бачыць прыгажосць...
А мне падумалася: гледзячы на светлыя і ўрачыстыя, кранальныя і жыццесцвярджальныя фотаздымкі з альбомаў Вячаслава Алешкі, нельга не пагадзіцца, што гэткім жа мастацтвам — толькі з уласнага ракурсу — валодае і ён сам. Іначай — ці можна было зрабіць тое, што зроблена? Сталы і знаны майстар і сёння вучыцца ў прыроды, бо лічыць, што “няма нічога больш дасканалага за яе. Толькі здымаць трэба з веданнем справы і, вядома, з любоўю”. Ці ж можна з ім не пагадзіцца?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter