На Палессе у 129 населеных пунктах раёна пражывае больш за 62 тысячы чалавек, з якіх 25 тысяч — сельскія жыхары

Беларусь мая, Палессе!

На Палессе у 129 населеных пунктах раёна пражывае больш за 62 тысячы чалавек, з якіх 25 тысяч — сельскія жыхары...

Калiнкавiцкi раён



У 129 населеных пунктах раёна пражывае больш за 62 тысячы чалавек, з якіх 25 тысяч — сельскія жыхары. Зараз у раёне 28 дамоў культуры, 22 сельскія клубы, 42 бібліятэкі, большасць якіх у сельскай мясцовасці. Ёсць на Калінкаўшчыне і свой Дзяржаўны краязнаўчы музей, музычная школа і тры школы мастацтваў, якія маюць дзесяць філіялаў у вёсках. 7 калектываў носяць ганаровае званне народны і ўзорны. Усяго на калінкавіцкай зямлі за год ладзіцца каля 8 тысяч культурных свят і фэстаў, каля тысячы канцэртаў, абрадаў і тэатралізаваных свят для вяскоўцаў. У вёсках Малыя Аўцюкі і Вялікія Аўцюкі кожны год праводзіцца фестываль гумару.


Жар-птушка Марыі Багдановіч


belarus1.pngТкачыха і вышывальшчыца Марыя БАГДАНОВІЧ (на здымку) з вёскі Вялікія Аўцюкі. Рознакаляровыя перабіранкі, тканыя ў шмат нітак, посцілкі, ручнікі, абрусы, просціны, навалачкі, сурвэткі, карункі — і гэта далёка не ўсе вырабы, якія стварае сваімі рукамі Марыя Іванаўна.

А якія пяшчотныя назвы яна дае сваім арнаментам: «дубовыя лісты», «зорачкі», «сланечнікі», «галубы», «верабейчыкі», «пеўнікі», «жар-птушкі»… Тканыя і вышываныя вырабы Марыі Іванаўны можна назваць мелодыяй, складзенай сваімі рукамі.

Марыя Іванаўна — актыўная ўдзельніца мясцовых, раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Майстрыха не аднойчы была ўзнагароджана дыпломамі, ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. Увогуле, Калінкавіцкі раён — прызнаны край народных майстроў, самадзейных артыстаў і адораных, цікавых людзей. Тут амаль што ў кожнай хаце жывуць тыя, для каго служэнне самабытнаму мастацтву ёсць і праца, і прызванне, і любоў, і нават сэнс жыцця.

Вясельны абрад з сакрэтам



Народны фальклорны ансамбль «Бярозаўскія пералівы» пяе зажніўныя песні і дэманструе абрады. Мастацкі кіраўнік і душа калектыву, якому ўжо амаль што 30 год, — Паліна ЛАПАЦІК (на здымку). Яшчэ школьніцай яна марыла стварыць у сваёй роднай вёсцы Бярозаўцы сапраўдны хор.

vak3.png

Мастацкі кіраўнік і душа калектыву, якому ўжо амаль што 30 год, — Паліна ЛАПАЦІК


— У самадзейнасць пры школе хадзілі і бабулі, і маці, і дзеці, — успамінае Паліна Паўлаўна. — Калі я вярнулася ў вёску пасля заканчэння культасветвучылішча, мару стала паступова ажыццяўляць. Спачатку стварылі калектыў, а потым адкрыўся і новы фальклорны цэнтр.

Без «Бярозаўскіх пераліваў» не абыходзіцца ні адно свята ў раёне, іх чакаюць у кожным населеным пункце на вячоркі.

— У нашым рэпертуары — народныя святы, абрады, — распавядае Паліна Паўлаўна. — Мы можам даваць канцэрты ў самых розных накірунках, хоць на ўвесь дзень, абы гэта спадабалася людзям.

 Узрост удзельнікаў калектыву — ад 10 да 75 год. Касцяк яго складаюць Ніна Цырулік, Вячаслаў Шадрын, Таццяна Пятрушэнка, Мікалай Бельскі, Галіна Савенок.

Колькасць самадзейных артыстаў — да 15 чалавек, але калі ёсць жадаючыя да нас далучыцца, ніколі не адмаўляем. Прыходзяць да нас дзеці з фальклорнага ансамбля «Пацехі», і мы ім заўсёды рады.

— Калі праз нашы вясельныя песні пройдуць маладажоны, мы благаславім іх хлебам-соллю, 100 год пражывуць разам, не сумнявайцеся! Тым, хто хоча жыццё пражыць не дарэмна, хачу параіць: спявайце і перадавайце сваю любоў да фальклору наступным пакаленням. Мы павінны памятаць, чым жылі нашы продкі.

Пасля шмэндрыкаў адразу ўбачым капец



Не ведаю, хто зможа прайсці міма калінкавіцкага падворка ў Ляскавічах. Вельмі ж яно будзе смачным, прычым у самым літаральным сэнсе. Гасцей спачатку сустрэнуць бульбяныя Гаспадар і Гаспадыня, ну а яны, у сваю чаргу, прапануюць адправіцца ў падарожжа ў сапраўдную бульбяную краіну.

vak2.png

Артысты народнага тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы»


На гаспадарчым двары госці ўбачаць сельгаспрылады для вырошчвання ўсенародна любімай культуры: барану, саху, цяпкі, акучвацель, распашнік, матыгу і нават міні-трактар.

Бульбяная Гаспадыня — ніхто іншы як метадыст па фальклоры і этнаграфіі Калінкавіцкага Дома культуры, кіраўнік народнага тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы» Ніна Лешчанка.

На падворку паставяць і беларускую хатку «Бульбяныя прысмакі» з сапраўднай печкай, у якой будуць смажыцца, парыцца, варыцца стравы з другога хлеба.

— А ці ведаеце, што ў свеце існуе ад 2 тысяч страў з бульбы? На нашым гаспадарчым двары мы прапануем наведвальнікам, вядома, куды менш страў — звыш 20 — беларускай кухні, — смяецца Ніна Лешчанка. — Затое смаката будзе — усе пальчыкі абліжуць. Галоўнае калінкавіцкае смакоцце з бульбы — шмэндрыкі. Гэта картапляныя піражкі з капустай, морквай і цыбуляй, яйцом і грыбамі, рыбнымі дарамі, з парасяцінай, курацінай, гусяцінай, вуцяцінай, трусяцінай, усякай усячынай…

На падворку госці ўбачаць сапраўдны бульбяны капец, а побач Ганна з Васілём, героі аповесці «Людзі на балоце». Тут жа і воз з бульбай і іншай агароднінай.

Рыхтуецца таксама сельскагаспадарчы двор з хатнімі жывёламі: каровай, парсюком.

На сцэнічнай пляцоўцы — калектывы Калінкавіцкага ЦД, Бабровіцкага і Бярозаўскага сельскіх дамоў культуры. Народныя майстры пакажуць, як плесці кошыкі, вышываць ручнікі, выконваць разьбу па дрэве.

На падворку «Бульба Арт» будзе працаваць майстар па роспісе бульбы. Таксама рыхтуюцца клубні незвычайнай формы: вялікіх памераў і цікавай формы ў выглядзе звяркоў, таго, што вырасла ў прыродзе. У цэнтры падворка — помнікі Бульбе і Каларадскаму жуку.

Работнікі культуры пад кіраўніцтвам намесніка начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Іны Губар складаюць зараз пра бульбу прыказкі, прымаўкі і частушкі. Таксама гасцям прапануюць сфатаграфавацца ў касцюмах з бульбянымі ўпрыгожваннямі, з самай вялікай бульбай. Адбудзецца таксама тэматычная віктарына, удзел у якой прымуць усе жадаючыя.

Падрыхтавала Наталля ВАКУЛІЧ, «СГ».


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter