Спецпроекты белорусских теле- и радиоканалов ко Дню народного единства

Беларусь адзіная

Стварыць святочны настрой у Дзень народнага адзінства дапамогуць нашы тэле- і радыёканалы, якія падрыхтавалі шмат спецыяльных праектаў. Не застанецца ўбаку і 110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, які садзейнічаў яднанню нашага народа. Сімвалічна, што ён нарадзіўся менавіта 17 верасня.

Фота з архiва БЕЛТА

Гістарычны рубеж

У выніку падпісання ў 1921-м Рыжскага мірнага дагавора Беларусь амаль два дзесяцігоддзі была падзелена супраць сваёй волі на дзве часткі. Заходняя тэрыторыя перайшла пад юрысдыкцыю Польшчы. Беларусы спаўна наеліся «панскай ласкі» — забарона роднай мовы ў перыёдыцы і парафіяльным царкоўным жыцці, закрыццё беларускамоўных школ, бяспраўнасць…

17 верасня 1939 года адбылася знакавая падзея: Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу на ўсёй яе працягласці. Аперацыя доўжылася да 28 верасня, і ў выніку БССР вярнулі згубленыя ў 1921 годзе тэрыторыі. Падзеі той восені, якія сталі для беларускай нацыі актам гістарычнай справядлівасці, ляглі ў аснову новага дзяржаўнага свята нашай краіны.

Журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі трохсерыйны дакументальны фільм «Рубеж. Раз’яднанне. Супрацьстаянне. Аб’яднанне». Яго пакажуць 17 верасня тэлеканалы «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы канал «Беларусь 24».

Без межаў

На тэлеканале «Беларусь 3» тэму працягне дакументальны фільм Яўгена Сяцько «Мяжа», які быў зняты якраз да 80-годдзя аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі. Пасяджэнне Народнага сходу Заходняй Беларусі прайшло 28—30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У выніку прыняцця гэтых гістарычных дакументаў была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, аб’яднаны беларускі народ. Тэрыторыя і насельніцтва БССР павялічыліся амаль удвая.

belarusfilm.by

«Мяжа» — цалкам аўтарскі дакументальны фільм з жывымі сведчаннямі падзей і аб’ектыўным апавяданнем гісторыкаў, погляд пасля 30-годдзя незалежнасці Беларусі.

Класікі і сучаснікі

mogilevkino.by
Таксама на тэлеканале «Беларусь 3» у суботу мы ўбачым дакументальны фільм рэжысёра Арыны Бокун «Імёны Беларусі. Максім Гарэцкі». Лёс аўтара першага беларускага хорару не менш вострасюжэтны, чым яго кнігі. Беднасць, жахі вайны, арышты і нарэшце расстрэл… А ў прамежках паміж жыццёвымі катаклізмамі літаратар і вучоны паспяваў пісаць таленавітыя кнігі і праводзіць сур’ёзныя даследаванні беларускай мовы, фальклору, літаратуры. Яго працы дазволілі яму ўваскрэснуць у памяці людзей праз гады забыцця.

У гэты дзень тэлеканал «Беларусь 3» прапануе гледачам яшчэ адзін дакументальны фільм Яўгена Сяцько — «Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу». Ён распавядае пра маладога Максіма Танка, які ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя актыўна змагаўся за вызваленне беларускага народа ад польскага прыгнёту. Для паэта гэта былі падзеі, поўныя драматызму і трагізму, якія маглі зламаць жыццё назаўжды. Але Максім Танк выдужаў у гэтай барацьбе, не страціўшы сябе. Упершыню ў дакументальнай стужцы выкарыстаны малюнкі мастака студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма» Інгі Сядовай.

Дарэчы, і на тэлеканале АНТ заўтра пабачым прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта праграму «Ад першай асобы» — «Максім Танк. Праз жыццё з любоўю».

belarusfilm.by

Гаворыць Мінск і ўся краіна

Спецыяльнымі выпускамі напоўніцца 17 верасня і радыёэфір. Так, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё раскрые гістарычныя аспекты свята ў спецыяльным публіцыстычным праекце «Мы — Беларусь!». У праграме «Актуальны мікрафон» адбудзецца дыскусія экспертаў аб адзінстве нацыі. Розныя пункты гледжання аб асновах нашай дзяржавы будуць прадстаўлены на YouTube-канале. Журналісты інфармацыйнай службы ў выпусках навін падвядуць вынікі рэспубліканскай акцыі «Беларусь адзіная», тэматычных мерапрыемстваў грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «Патрыёты Беларусі», Беларускага саюза жанчын і БРСМ.

Прамыя ўключэнні і рэпартажы са сталіцы і рэгіёнаў будуць гучаць на працягу ўсяго святочнага дня. Пра стаўленне сучаснай моладзі да гісторыі сваёй краіны пойдзе размова ў «Сямейнай праграме» з удзелам школьнікаў. У інтэрактыўных праектах будуць прадстаўлены апытанні аб значэнні свята і аб тым, што беларусы ўкладаюць у паняцце адзінства.

На радыёстанцыі «Сталіца» прагучаць тэматычныя рубрыкі «Аднойчы ў гісторыі» аб падзеях, якімі было адзначана ўз’яднанне Беларусі. У праекце «Жыў-быў горад» слухачы пазнаёмяцца з горадам Глыбокае, віртуальны шпацыр па якім аўтары праграмы пачнуць з плошчы 17 Верасня.

Канал «Культура» ў святочны дзень упрыгожаць тэматычныя выпускі праграмы «Прачулым радком» — прагучаць вершы Максіма Танка, а таксама заходнебеларускіх літаратараў Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Валянціна Таўлая, якія ў сваёй творчасці і грамадскай дзейнасці віталі аб’яднанне беларускіх земляў.

Эфір радыёстанцыі «Радыус-FM» напоўняць выпускі навін, у якіх у рэжыме рэальнага часу будзе расказвацца аб тым, як і дзе адзначаецца свята. А міжнароднае радыё «Беларусь» раскажа замежным слухачам на дзевяці мовах вяшчання аб значэнні Дня народнага адзінства для беларускага народа. Удзельнікамі перадач «Праз прызму падзей», «Беларусь паміж народамі», «Грамадзянская супольнасць», «Беларусь ад А да Я», «Разам», «Беларусь сёння» стануць палітолагі, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Акцыя «Дзень народнага адзінства» пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі.

ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!

Свята кожнага з нас

Пад знакам Дня народнага адзінства выходзяць зараз у эфір і многія перадачы «Альфа Радыё», якое ўваходзіць у выдавецкі дом «Беларусь сегодня». У рубрыцы «Спецыяльныя праекты» можна знайсці прысвечаныя гэтай падзее падкасты вядомых навукоўцаў, палітолагаў, аналітыкаў, пісьменнікаў. Настройвайцеся на хвалю «Альфа Радыё»— і ў вас будзе цудоўны святочны настрой! 

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter