Белакрылы Жора

Бусел  з  такой  мянушкай  дазiмоўвае  ў  вёсцы  Залужжа  Стаўбцоўскага  раёна,  у  шматдзетнай  сям’i  Вольгi  i  Iосiфа  Макасёў

Бусел  з  такой  мянушкай  дазiмоўвае  ў  вёсцы  Залужжа  Стаўбцоўскага  раёна,  у  шматдзетнай  сям’i  Вольгi  i  Iосiфа  Макасёў 

Гэта ён сам выбраў для прытулку сядзiбу, намякнуў, што менавiта гэтым жыхарам i iх дзецям ён можа даверыцца. 

А папаў сюды Жора ў познюю восень. Доўга блукаў па ваколiцах, пустых агародах, шукаючы мышэй ды чарвякоў, кружыў над вёскай у замецi жоўтай лiстоты, а затым прысеў на гуменца Макасёў. Скурчыўся, зашыў пад крыло галаву — не птах, а проста нейкi камяк. Тут яшчэ дождж дабавiў гэтаму птушынаму прывiду нейкай трагiчнасцi i жалю. Нерухомаму, якi ўвачавiдкi скарыўся з лёсам i чакаў жыццёвай развязкi. 

Трэба нешта рабiць, ратаваць бусла. Алег з Ромкам ураз змайстравалi з даўнейшай рыбацкай сеткi, што дагнiвала пад страхой, аб’ёмiсты, шырокi сачок, прыладзiлi да доўгай жэрдкi. Хлопцы ёсць хлопцы. Iм кемлiвасцi не займаць. Дарэчы, Алег з Ромкам у сям’i Макасёў прыёмныя. У пяшчоце, цеплынi яны гэтага не адчуваюць. Хлапчукi нароўнi з Таняй i Алесяй, якiя сталi сястрычкамi-весялухамi. 

Бусла ў хвiлiну вока сцягнулi, скацiлi з даху, злавiлi ў ахапак. Ды ён i не супрацiўляўся. Жыццё ў iм чуць цеплiлася. Тут жа сямейнай кагортай панеслi птаха да мясцовага ветэрынара. А як iнакш? Той прызнаў — у бусла тэмпература. Вунь якой нязвыклай чырванi дзюба ды ногi, i дыхае птушка з хрыпам. Чаго добрага запаленне лёгкiх. Хварэюць жа яны, што чалавек. 

Гэты доктар параiў даваць птушцы антыбiётыкi, а найперш залiць ёй у дзюбу лыжку-другую гарэлкi. Тут дзецi ўспомнiлi, што неяк ужо лячылi гарэлкай Тарзана, што бегае ля хлеўчука на прывязi. Той тады не брахаў, а ўсё кашляў. Памаглi гарэлкавыя лекi. Ад такiх лячэбных сеансаў праз пару дзён быў здаровы i Жора — расхаджваў ганарлiва па хлеўчуку сярод iндыкоў, што гусак. Ураз палюбiў гаспадыню Вольгу. Гэта яна падсiлкоўвала яго харчам — рыбкай, абрэзкамi мяса, бульбай. Усё лепшае — яму. Чаму б не жыць у такiм доглядзе? Калi выпускалi рабяты свайго любiмца на двор — нават не збiраўся адлятаць. Нейкага разу пашвэндаўся па вёсцы, ды, вiдаць, штосьцi ў гэтай вандроўцы не спадабалася. Пачаў нават касiцца на хлопцаў. Алег з Ромам прыкiнулi, што хтосьцi з вяскоўцаў напужаў птаха, а мо, i сцебануў якiм дубцом. 

Паспрабавалi ў самыя маразы патрымаць у школьнай кацельнi. Ды толькi пасля замаразкаў уцёк Жора на свой падворак. Тут спакайней, дзе ён як член сям’i. Пагуляе па двары, а пасля дзюбай стук-стук па дзвярах хлеўчука — адчыняй, дай схавацца ў цяпло. Глядзi, тут i Таня падбяжыць з рыбкай у руцэ i пяшчотай у сэрцы. Неўзабаве Жора з сям’ёй Макасёў сустрэне пару мар i надзей — вясну. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter