У Вялікім тэатры Беларусі з поспехам прайшла прэм’ера оперы “Макбет” Джузэпэ Вердзі

Белае + чорнае

У Вялікім тэатры Беларусі з поспехам прайшла прэм’ера оперы “Макбет” Джузэпэ Вердзі, прымусіўшы залу думаць, суперажываць і атрымліваць асалоду ад музыкі вялікага італьянскага кампазітара, якая гучыць быццам сама душа чалавечая


У ролі Макбета народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, у ролі Лэдзі Макбет народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна

“Макбет” — адна, як вядома, з ключавых, самых містычных опер Вердзі. А містыка гэтага твора, напэўна, у тым, што нікому, колькі б ні існавала б пра тое здагадак, у тым ліку і навуковых, не дадзена ведаць: што ж усё-такі прымушае чалавека выбіраць дарогу зла, губляць чалавечае аблічча, і чаму ў адной душы пераважае святло, а ў другой праяўляюцца самыя змрочныя яе бакі. І гэта, па-мойму, тая асноўная ідэя, што так захоплівала Вільяма Шэкспіра, 400-годдзе якога шырока адзначаецца ў 2016-м. Вось чаму “Макбет”, на агульную думку даследчыкаў творчасці вялікага трагіка, адзін з самых магутных, філасофскіх твораў, натхніў Вердзі напісаць надзвычай яркую, драматургічна выразную музыку, напоўненую пачуццямі і разважаннямі.

Рэспект Вялікаму тэатру і яго пастановачнай групе за выбар гэтай п’есы. Дарэчы, тэатр не ўпершыню звяртаецца да оперы “Макбет”. Прэм’ера канцэртных яе версій  адбылася на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, што ў Віцебску, у 2008 годзе, а таксама ў 2010-м на сцэне абноўленага Тэатра оперы і балета.


“Макбет” — шостая па ліку опера на музыку Джузэпэ Вердзі у рэпертуары Вялікага. Акрамя яе ідуць“Аіда”, “Баль-маскарад”, “Рыгалета”, “Травіята”, “Набука”. І, як гаворыць Віктар Пласкіна, дырыжор-пастаноўшчык новай оперы, лепшай, чым музыка Вердзі, у оперным мастацтве нічога няма.

Я доўга не магла зразумець, чаму гэты твор Шэкспіра, сюжэт якога быў запазычаны ім з “Хронік Англіі, Шатландыі ды Ірландыі”, быў у Вердзі любімым. Чаму крывавая драма так уразіла кампазітара і чаму ў яго “Макбеце” так многа мелодый кахання, пяшчоты ды іншых пачуццяў, што ўзвышаюць душу — у ёй жа столькі цемры і жорсткасці…  На сэнсавай частцы оперы і спынюся.



Калі на прэм’еры загучала ўверцюра, і страсныя, за­хапляльныя гукі раптам змяніліся мелодыяй, поўнай глыбокага смутку і спачування, у мяне ўзнікла пытанне: адкуль гэты смутак кампазітара, які пранікае прама ў сэрца?А ўжо ў антракце для сябе зрабіла адкрыццё: мы бяссільныя перад таямніцай быцця. Думаю, не памылюся, калі выкажу здагадку, што і Вердзі ўслед за Шэкспірам мучыўся пытаннем: чаму нікому са смяротных не дадзена знаць, што прымушае чалавека выбіраць шлях распусты, у выніку якіх прычын у ім утвараюцца ўсе тыя “чорныя дзіркі”, праз якія ўваходзіць зло? І ці існуе яно само па сабе ў прыродзе…  

Перад гэтай адвечнай неспазнанасцю чалавек адчувае сябе бездапаможным, нібы раздушаным тым, што не дадзена зразумець. Вось чаму ў музыцы Вердзі столькі светлых інтанацый і глыбокага спачування чалавеку, які ператвараецца ў параджэнне пекла. Гучыць у ёй і мелодыя пакоры перад тым, што не паддаецца разгадцы.


Яшчэ звернемся да фіналу оперы, калі справядлівасць, здавалася б, бярэ верх: Макбет, забойца Дункана, пераможаны, на трон узводзяць законнага наследніка сына караля. А побач з ім і яго прыдворнымі ўжо круцяцца ведзьмы, якія ўвасабляюць сілы зла ў спектаклі. І гэта выдатна з пастановачнаа пункту гледжання. І мы разумеем, што і тыя, хто цяпер пры ўладзе, быццам высакародныя, але ўсё ж далёкія ад ідэалу: ў любы момант пры пэўных абставінах могуць выбраць шлях цемры. Ведзьмы, яны ж і слугі караля, салісты і артысты балета ўвесь час на сцэне. І пастаянна арганічна ўпісваюцца ў дзеянне спектакля. На прэм’еры гэтыя ролі выканалі Ігар Мацкевіч, Іван Савянкоў і Дзмітрый Шэмет.

Але ці такія ведзьмы злыя на самай справе? Хутчэй, гэта тая нейтральная сіла, якую сам чалавек робіць альбо злой, альбо добрай. Таму ў спектаклі Вялікага тэатра ведзьмы не выглядаюць дэманічнымі, страшэннымі. Яны, нібы духі зямлі, нібы нейкая субстанцыя, гуляюць то ў дабро, то ў зло. І выразныя сродкі оперы падпарадкаваныя гэтай ідэі. Нездарма на сцэне мільгае то чорнае палатно, то белае, то чырвонае, ілюструючы мяцежных персанажаў. І нават адлюстроўвае іх чысціню. 


У оперы “Макбет” занята вялікая колькасць артыстаў. Для сцэнічнай дзеі спатрэбілася
260 касцюмаў. Сцэны са спектакля


У “Макбеце” увесь час трансфармуюцца прадметы, сцэна, людзі… Прадуманы і касцюмы, што з’яўляецца заслугай і мастакоў па касцюмах Вячаслава Окунева і Марыі Мароз. І, вядома, магутна “працуе” і галоўны вобраз спектакля — павуціна, якая да фіналу, апускаючыся ў выглядзе дзіркаватай заслоны, быццам паглынае прастору.

Рэжысёр-пастаноўшчык услед за Шэкспірам акцэнтуе нашу ўвагу на свабодным волевыяўленні чалавека. Макбет — такі ж чалавек, як і мы з вамі. І яму даводзіцца ўвесь час рабіць выбар паміж дабром і злом. Як разважае Міхаіл Аляксандравіч, ніякія вышэйшыя сілы тут ні пры чым: “У Шэкспіра ёсць радкі, якія аўтар уклаў у вусны царыцы Гекаты, яна і тлумачыць чалавечую сутнасць Макбета: “Макбет — злодей без ваших колдовских затей. Не из-за вас он впал в порок, а сам бездушен и жесток…”. Як вядома, у чалавечай прыродзе закладзены два пачаткі, якія ўвесь час у ім змагаюцца, але каму і навошта гэта было трэба — вось яно, невырашальнае спрадвечнае пытанне пытанняў...


Міхаіл Панджавідзе падчас рэпетыцый

Пра “Макбет” можна гаварыць як пра вялікі поспех тэатра. А інакш і быць не магло. Бо ў Вялікім тэатры працуюць прафесіяналы. Ім пад сілу вырашаць складаныя мастацкія задачы. Опера атрымалася маштабная, псіхалагічная і глыбока драматычная. Стаўка зроблена ў ёй на акцёрскую ігру і дыялогі паміж выканаўцамі.  

Мне імпануе меркаванне Панджавідзэ пра тое, што ўсё ўжо і з “Макбетам” было прыдумана да яго, і нешта новае прыдумаць было не так проста. І тым не менш, у оперы ёсць яго свежы аўтарскі погляд і рэжысёрская трактоўка. Як сам Панджавідзэ прызнаўся, ён перагледзеў многія пастаноўкі, але не памятае, каб у іх было тры ведзьмы, а не толькі хор, як у Шэкспіра. 



Свае добрыя якасці рэжысёра-пастаноўшчыка Панджавідзэ дэманстраваў ужо не адной пастаноўкай у Вялікім тэатры. І пазітыўнае меркаванне пра яго як пра майстра ў асяроддзі прыхільнікаў опернага мастацтва і, зразумела, у музыказнаўцаў ужо даўно склалася. Ды і прэміямі не быў абдзелены. Вось і летась калектыў Вялікага за оперу “Царская нявеста” ў яго рэжысуры ўдастоіўся Спецыяльнай штогадовай прэміі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне”. Моцная рэжысёрская рука Панджавідзэ, размашыстасць “почырку” і ўменне ў тандэме з таленавітым мастаком-пастаноўшчыкам Аляксандрам Касцючэнкам арганізаваць сцэнічную прастору так, каб выйгрышна гучалі галасы, ды і ўсё тое, што мы ўкладваем у паняцце “прафесіяналізм” — усё гэта ўласціва Міхаілу Аляксандравічу. У “Макбеце”, як і ў рабоце над іншымі операмі, ён ладзіць і з Нінай Ламановіч, хормайстрам-пастаноўшчыкам.

Мы даўно ведаем, што жывы, і выразны, рухавы хор у Вялікім — фішка тэатра. Не памылюся, калі нагадаю чытачу, што “ажыў” ён ужо ў многіх спектаклях пры Панджавідзэ. Асабіста я ўсякі раз з зачараваннем слухаю хор Вялікага, назіраючы, як літаральна кожны з яго выканаўцаў, пражывае сваё “маленькае” жыццё. Так здарылася і на прэм’еры “Макбета”. Прычым, жаночы хор выконвае партыі, седзячы, лежачы і рухаючыся па сцэне.


І вельмі прыемна, калі сам Панджавідзэ з захапленнем гаворыць пра сваіх артыстаў. Яны, маўляў, у яго і дасведчаныя, і інтэлектуальныя, і пластычныя, і адкрытыя да навучання. Ролю Макбета рэпеціравалі тры спевакі: Уладзімір Пятроў, Станіслаў Трыфанаў і Уладзімір Громаў. Найскладанейшыя партыі лэдзі Макбет, як абазначана ў праграмцы, увасабляюць Ніна Шарубіна, Таццяна Пятрова, Таццяна Траццяк і Кацярына Галаўлёва. У дзень прэм’еры спявала Шарубіна, якой я спачувала. Але гэта — тэма, якая патрабуе асобнай размовы з выдатнай опернай спявачкай. Рэжысёрская задума, паводле слоў Панджавідзэ, акцёрамі схоплена была з ходу, і яго акцэнт на асэнсаванай драматычнай гульні зразумелы і прыняты, што ў свой час было вельмі важна і для Джузэпэ Вердзі — стваральніка музыкі, поўнай сэнсаў і адкрыццяў гісторыі.  

У дзень прэм’еры галоўныя партыі, неверагодна складаныя не толькі з акцёрскага пункту гледжання, але і музычнага, выканалі знакамітыя Уладзімір Пятроў і Ніна Шарубіна.

Валянціна Ждановіч

Фота: Віталій Гіль, БелТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter