Белаазёрск: гiсторыя пачынаецца сёння

Народжанаму ў сярэдзiне мiнулага стагоддзя Белаазёрску было наканавана стаць адным з прамысловых гарадоў-шматтысячнiкаў, канкурыраваць з Салiгорскам, Наваполацкам, Светлагорскам, Новалукомлем ды iншымi “дзецьмi” пасляваеннага iндустрыяльнага буму. Але падзеi 80 — 90-х запаволiлi гэты рост. З развiццём энергетыкi i чыгункi ў города можа адкрыцца другое дыханне.

Спачатку было возера
Калi Салiгорск сваiм нараджэннем абавязаны калiйнаму радовiшчу, а Наваполацк i Светлагорск — новым аб’ектам нафтахiмii, то Белаазёрск павiнен быць удзячны Бярозаўскай ДРЭС. Памiж Белым i Чорным азёрамi ў Бярозаўскiм раёне Брэстчыны электрастанцыю пачалi будаваць у 1957 годзе. На новы аб’ект ехалi маладыя высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты з усiх куткоў СССР. Разам з энергаблокамi вырасталi i дамы.
На ўзвядзенне ДРЭС прыязджалi цэлымi сем’ямi. Каб заняць свабодныя рукi, неўзабаве арганiзавалi энергамеханiчны завод, абутковую фабрыку, радыёзавод, iншыя прадпрыемствы. Толькi паўгода на карце Беларусi праiснаваў рабочы пасёлак Бярозаўскi. У 1960 годзе яго перайменавалi ў горад Белаазёрск. Над новай назвай асаблiва не раздумвалi, Белае возера падказала найлепшы варыянт.
Высокая квалiфiкацыя
У адпаведнасцi з генпланам другой паловы 80-х, колькасць жыхароў у Белаазёрску да 2010 года павiнна была вырасцi да 30 тысяч. Але перабудова i развал СССР парушылi гэтыя прагнозы. Радыёзавод не вытрымаў скасавання Савецкага Саюза, яго закрылi. Iншыя прадпрыемствы запаволiлi сваё развiццё.
Сёння асноўная надзея — на ДРЭС. З цяперашнiх 13 тысяч жыхароў горада амаль тысяча працуе на электрастанцыi. За апошнiя тры гады тут правялi рэканструкцыю двух энергаблокаў. У планах на блiжэйшыя тры гады — мадэрнiзацыя яшчэ двух.
Белаазёрскi энергамеханiчны завод забяспечвае патрэбы ДРЭС, а таксама пастаўляе сваю прадукцыю ў iншыя рэгiёны Беларусi i за межы краiны. На беларуска-iспанскай абутковай фабрыцы “Белкельме” шыюць спартыўны абутак. Развiваюць свой бiзнес i прадпрымальнiкi, на якiх мясцовыя ўлады ўскладаюць вялiкiя надзеi. У блiжэйшыя гады ў Беларусi плануецца асаблiвую ўвагу ўдзяляць малым i сярэднiм гарадам. У Белаазёрск з усiх куткоў СССР прыехалi высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты. Iх веды могуць прыйсцiся дарэчы пры арганiзацыi невялiкiх вытворчасцей па выпуску электраабсталявання, адкрыццi майстэрняў па рамонце бытавой тэхнiкi, мабiльных тэлефонаў.
Напалеон з пiраньяй
I ўсё ж, якiм бы маладым ні быў горад, амаль што ў кожным можна адшукаць штосьцi, што лучыць яго з гiсторыяй мiнулых стагоддзяў.
Рэшткi сядзiбна-паркавага комплексу, закладзенага прадстаўнiкамi роду Пуслоўскiх яшчэ ў ХVII стагоддзi, захавалiся i да сёння. Каб пабачыць iх, дастаткова ад’ехаць ад Белаазёрска на некалькi кiламетраў у бок вёскi Пескi. У гэтых мясцiнах некалькi малюнкаў зрабiў Напалеон Орда. Сёння пра былую велiч маёнтка нагадвае брама з дзвюма вежамi.
Памяць пра Пуслоўскiх захоўвае i герб Белаазёрска. Яго зацвердзiлi ў 1998 годзе. Афiцыйны сiмвал з лукам i стрэламi падобны на герб Брэста. Пра энергетычную аснову Белаазёрска нагадваюць адпаведныя стрэлы-маланкi. А вось размешчаны ўнiзе месяц — адзiн з элементаў герба Пуслоўскiх. Праўда, многiя белаазёрцы, з якiмi давялося пагутарыць, адказвалi, што гэты месяц — не месяц зусiм, а сiмвал Белага возера, якое дало назву гораду.
Пакiнуў след у гiсторыi Белаазёрска i яшчэ адзiн Напалеон, той, якi з роду Банапартаў. На ўскраiне горада стаiць выкладзены з цэглы слуп-стэла. Ён вельмi падобны на той, якi ўзвышаецца над Бярэзiнай пад Барысавам, дзе ў 1812 годзе перапраўлялася армiя Напалеона. На думку некаторых гiсторыкаў, белаазёрскi помнiк таксама можа быць звязаны з падзеямi Айчыннай вайны 1812-га.
Сярод славутасцей новага часу — каналы, якiя звязваюць ДРЭС з Белым i Чорным азёрамі. Самы цiкавы з iх — цёплы канал, у яго вада сцякае пасля ахаладжэння абсталявання станцыi. Электраэнергiю выпрацоўваюць круглы год, таму i канал даўжынёй каля аднаго кiламетра не замярзае ўсе дванаццаць месяцаў. Тут трэнiруюцца спартсмены-весляры. Частку воднай плошчы арандуе рыбгас. Белаазёрск — сапраўдная мека i для многiх рыбакоў-аматараў. Тут можна выцягнуць не толькi звыклых для нас карпаў, ляшчоў i падлешчыкаў, але i белага амура, канадскага сома.
Некалькi месяцаў таму ў гэтых мясцiнах адбылася сенсацыя. Адзiн з рыбакоў злавiў драпежную пiранью, радзiма якой — Чырвонае мора. Пра гэта паведамлялi многiя газеты i тэлеканалы. Аднак, па словах мясцовых жыхароў, сапраўдныя рыбакi на гэтую “вуду” не патрапiлi. Многiя, вiдаць, палiчылi, што хтосьцi такiм чынам пажартаваў. Ва ўсякiм разе, рэзкага наплыву аматараў рыбалкi не было.
— Гавораць, што хтосьцi злавiў, — пацвердзiў адзiн з мясцовых рыбакоў, якi назваўся Сяргеем Пятровiчам. — Ну i што? Цi ж гэта рыба? Адна забава толькi.

Куды прывядзе дарога?
Нягледзячы на складанасцi, Белаазёрск працягвае расцi. Ужо цяпер створаны чатыры жыллёвыя кааператывы. За два-тры блiжэйшыя гады каля 275 сем’яў справяць наваселлі. Для 13-тысячнага горада гэта нямала.
Працягнецца добраўпарадкаванне вулiц i дваровых тэрыторый. “З Белаазёрска людзi ездзяць у Брэст, у Мiнск, бачаць, як там усё ўпрыгожваюць, — гаворыць старшыня мясцовага гарвыканкама Вячаслаў Дамброўскi. — Канешне, iм таксама хочацца, каб жыццё ў iх родным горадзе было больш утульным”.
Збiраюцца ў Белазёрску аб’явiць вайну i смеццю. Накiравалi заяву на атрыманне гранта ТАСIС. На гэтыя грошы, калi праект падтрымаюць, разлiчваюць удасканалiць сiстэму збору бытавых адыходаў. “Мы iкнёмся, — расказаў дэпутат мясцовага гарсавета дэпутатаў Вiктар Макоўчык, — праз настаўнiкаў i iх вучняў “дастукацца” да ўсiх дарослых. Бацькам у прысутнасцi дзяцей смецiць будзе сорамна”.
Сярод найбольш важных мэт на блiжэйшы час — узвядзенне чыгуначнага вакзала. Яго будынак сумясцяць з аўтастанцыяй. Да рэалiзацыi гэтых планаў мяркуюць прыступiць ужо ў наступным годзе.
Ёсць i яшчэ адзiн праект, пра якi, праўда, гавораць як пра маладасягальную мару. У свой час ад чыгуначнай веткi Брэст—Мiнск ад станцыi Бронная Гара да Бярозаўскай ДРЭС праклалi чыгунку. Цяпер акрамя грузавых паяздоў некалькi разоў у дзень па гэтым участку праходзяць i пасажырскiя дызелi. Калi б чыгунку працягнулi на поўдзень да Драгiчына, то да Белаазёрска людзям можна было б дабiрацца прасцей, а жыхарам таго ж Драгiчына, якiя, напрыклад, паступiлi вучыцца ў Баранавiцкi унiверсiтэт, не прыходзiлася б ехаць на поездзе-”кругасветцы” праз Iванава, Пiнск, Лунiнец.
На гэта трэба шмат грошай. Але ўсё ж такi, можа, калi мары i спраўдзяцца, i тады Белаазёрск з чыгуначнага тупiка ператворыцца ў бойкае месца?

Што ёсць цiкавага?

s Сядзiбна-паркавы комплекс Пуслоўскiх
s Бярозаўская ДРЭС
s Цёплы канал, якi не замярзае круглы год
s Рыбнае месца, дзе аднойчы злавiлi пiранью

Як дабiрацца?

Прамыя аўтобусы iдуць з Мiнска, Пiнска, Пружанаў, Бярозы, Гродна, Столiна, Брэста, Iвацэвiчаў i некаторых iншых пунктаў.
Калi ехаць чыгункай, то найлепш на прыпынках Бяроза-Картузская цi Бяроза-горад, Бронная Гара перасаджвацца на аўтобус.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter