Усё больш удзельнікаў збіраюць кожную суботу аматарскія забегі па прыгожых мясцінах Мінска

Бегаюць на здароўе

Усё больш удзельнікаў збіраюць кожную суботу аматарскія забегі па прыгожых мясцінах Мінска. Хто ў стане прабегчы пяць кіламетраў – можа далучацца.

Бегаць альбо нават хадзіць паболей – гэта, сцвярджаюць спецыялісты, вельмі важна для здароўя. І таму паркавыя забегі набылі папулярнасць сярод аматараў бегу ў многіх краінах. З’явіліся энтузіясты і ў Мінску. На сайце Minskrun.by пададзена шмат інфармацыі пра бегавы рух Minskrun, арганізаваны Спартыўным грамадскім аб’яднаннем аматарскага спорту ды валанцёрамі. Гэта – занятак для ўсіх, хто любіць бегаць на адкрытым паветры і ў кампаніі з іншымі. “Ідэя Minskrun – збіраць разам аматараў бегу для ўдзелу ў пяцікіламетровых прабегах кожную суботу, – пішуць арганізатары. – Сустракаемся ў 10 раніцы. А ўдзел у забегах цалкам бясплатны: неабходная толькі анлайн-рэгістрацыя на сайце”.

Добрую справу энтузіястаў – а гэта Аляксандр Базулька, Яна Друк, Генадзь Стокін ды іншыя – падтрымала і Амбасада Германіі ў Беларусі. Летам у прэс-рэлізе паведамлялася, што пры яе падтрымцы ў Парку Перамогі адкрыўся новы маршрут для забегаў. Старты – ля фантанаў, непадалёк ад праспекта Пераможцаў і Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тады ж Амбасада перадала арганізатарам неабходны інвентар: секундамеры, сканеры штрых-кода, стужкі са сцяжкамі для разметкі трасы…

Між тым па-ранейшаму задзейнічана і траса ў мікрараёне Зялёны Луг, старты – паблізу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (вул. Кастуся Каліноўскага, 111). “Нашы забегі – для вас, – кажуць арганізатары. – Мы імкнемся, каб усе ўдзельнікі атрымлівалі зарад станоўчых эмоцый, добры настрой на цэлы тыдзень. Бегаць модна, карысна і неабходна!”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter