Бедныя – да багатых

Раз-пораз з інфармацыйных крыніц ідуць трывожныя звесткі адносна дзеянняў шматлікіх мігрантаў, якія апошнім часам літаральна запаланілі еўрапейскі субкантынент, выклікаючы непрыхаванае раздражненне тамтэйшых палітычных эліт і жыхароў. 

Паводле паведамлення аўстрыйскай газеты Kronen Zeitung, цяпер больш за дваццаць тысяч бежанцаў “збіраюцца на баснійска-харвацкай мяжы і мусяць прарвацца ў Цэнтральную Еўропу — Германію і заможныя скандынаўскія дзяржавы”. МУС Аўстрыі папярэджвае: каля города Вяліка-Кладуша ў Босніі і Герцагавіне сканцэнтравана вялікая колькасць ураджэнцаў з Пакістана, Ірана, Алжыра і Марока (95 працэнтаў з іх мужчыны, узброеныя нажамі). Не выключана, што, калі сітуацыя будзе развівацца падобным чынам, выйдзе з-пад прававога кантролю, для стрымлівання ўзброенага натоўпу можа не хапіць падраздзяленняў паліцыі, а будзе запатрабавана сапраўдная вайсковая аперацыя. І не толькі ў гэтай мясцовасці.  

Нагадаю, стракаты масавы паток мігрантаў з Паўночнай Афрыкі і Бліжняга Усходу, іншых канфліктных рэгіёнаў у краіны ЕС распачаўся тры гады таму, большасць з якога — 1,5 мільёна чалавек — прыняла і прафінансавала на федэральным узроўні ФРГ. Звыш за 119 тысяч — Італія. У астатніх дзяржаў Еўрасаюза па-ранейшаму захоўваецца жорсткая міграцыйная пазіцыя — яны на палітычным і побытавым узроўнях выступаюць за скарачэнне квот па прыёму на ўласных тэрыторыях уцекачоў. І робяць гэта аператыўна, узводзячы спецыяльную памежную загароджу, патрабуючы для чужынцаў неадкладнай дэпартацыі і гэтак далей. Па гарачых слядах, з дапамогай ультраправых, палітыкаў-папулістаў і дэпутатаў, такія дзяржавы, як Венгрыя, Польшча, Чэхія, Славакія і краіны Балтыі ствараюць на заканадаўчым узроўні “непрыступныя бастыёны” для соцень тысяч бежанцаў з праблемных частак планеты, ахопленых лакальнымі войнамі, з эканамічнай няўстойлівасцю. 

Не апошнімі ў прыняцці асабістага рашэння аб далейшай  палітычнай будучыні цяперашняй канцлерын Германіі Ангелы Меркель — зняцці кандыдатуры з выбараў кіраўніка ХДС у 2021 годзе — сталі міграцыйнае пытанне і меркаванні адносна гэтай тэмы нямецкага электарата. Як вядома, 62 працэнты грамадзян ФРГ выступаюць за значнае ўзмацненне падыходаў па мігрантах, яшчэ 86 працэнтаў апытаных сацыёлагамі ўпэўнены: тыя бежанцы, звароты якіх адхілены ўладай, павінны неадкладна дэпартавацца з ЕС. Дарэчы, уцекачу, які зарэгістраваўся ў Грэцыі альбо Італіі, без грунтоўных і відавочных падстаў немагчыма адмовіць у атрыманні прытулку ў той жа Германіі.

Аднак варта быць аб’ектыўным — мігранты сёння сапраўды працягваюць памнажаць калектыўнаму еўрапейскаму соцыуму сацыяльна-палітычныя і эканамічныя праблемы. У большасці сваёй яны не прымаюць традыцыйных каштоўнасцяў, не жадаюць культурнай, працоўнай, гарманічнай духоўнай і рэлігійнай адаптацыі з карэннымі народамі Еўропы. Да таго ж, прымаюць актыўны ўдзел у крымінальнай і тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі ЕС (Ніца, Берлін, Брусель, Кёльн і іншыя буйныя гарады, дзе адбыліся масавыя забойствы людзей). У меншасці — гэта прадстаўнікі сярэдняга класу і кваліфікаваныя спецыялісты ў розных галінах ведаў.

Зараз нелегальныя мігранты найперш заклапочаны камфортнымі ўмовамі свайго знаходжання і шчодрай фінансавай дапамогай з атрыманнем афіцыйнага статусу бежанца ў багатых і стабільных дзяржавах Еўрасаюза. Але, гаворачы па шчырасці, краіны Еўрасаюза, насамрэч, выканалі не апошнюю ролю ў стварэнні існуючай палітычнай сітуацыі з прасоўваннем “ідэалаў заходняй дэмакратыі” ў шэрагу краін Паўночнай Афрыкі і Бліжняга Усходу. У выглядзе славутай “арабскай вясны”, разбурэння ў складзе ваеннай кааліцыі заходніх дзяржаў іх традыцыйнага ладу жыцця, эканамічнай інфраструктуры. Ці не адтуль цяпер цугам бягуць у Стары Свет гэтыя самыя нелегалы? 

Растуць выдаткі на мігрантаў і на іншым кантыненце — у  Паўночнай Амерыцы. Так, пра кошт накіравання 5,2-тысячнага вайсковага кантынгенту Злучаных Штатаў на паўднёвую мяжу з Мексікай, які закране бюджэт ЗША ў памеры 200 мільёнаў долараў, паведамляе The Washigton Post. Гэта без уліку шматмільярднага будаўніцтва “антыміграцыйнай сцяны” ў гэтым вірлівым рэгіёне, якую ў перспектыве плануюць узвесці па загадзе амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа. 

Як піша папулярная амерыканская газета, гэта сума адносна невялікая, калі ўлічыць, што ўвесь абаронны бюджэт ЗША складае 716 мільярдаў долараў на 2019 год, а Пентагону загадана скараціць на 33 мільярды свае выдаткі. З-за дэфіцыту федэральнага бюджэту.

Падстава для тэрміновых дзеянняў улад ЗША па накіраванні  вайскоўцаў — марш некалькіх тысяч лацінаамерыканскіх мігрантаў, што рухаюцца праз Мексіку да багатых ЗША з бедных Гандураса і Гватэмалы.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter