БДУ сустракае гасцей кнігамі, трэнажорамі і кашай

У гэтыя дні ў ВНУ краіны праходзяць дні адчыненых дзвярэй

У гэтыя дні ў многіх ВНУ краіны праходзяць дні адчыненых дзвярэй. Нядаўна абітурыентаў запрашаў БДУІР. А 29 сакавіка хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць вучыцца ў БДУ, чакаюць у Ліцэі Белдзяржуніверсітэта.

У 12.00 і 14.00 абітурыенты з першых вуснаў — удзел у мерапрыемстве прыме рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка — атрымаюць вычарпальную інфармацыю аб правілах паступлення і прыёму, навучанні, спецыяльнасцях і новых актуальных напрамках адукацыі. Дарэчы, аўтар лепшага пытання рэктару бу-дзе ўзнагароджаны памятным падарункам.

Сёлетні фестываль, паведамілі ў ВНУ, пачнецца пад дэвізам «БДУ вачыма студэнтаў». Гэта значыць, што пра вучэбную дзейнасць БДУ, спецыяльнасці, маладзёжныя рухі, культурнае і спартыўнае жыццё гасцям раскажуць самі студэнты. Яны ж стануць і гідамі па выставачных павільёнах фестывалю, якія разгорнуцца ва ўнутраным дворыку ліцэя. Выхаванцы БДУ правядуць абітурыентаў па экспазіцыях навуковых распрацовак вучоных БДУ, фундаментальнай бібліятэцы, якая падрыхтавала чатыры тэматычныя выставы кніг: «Табе, будучы студэнт!» , «БДУ — флагман беларускай адукацыі», «Першы рэктар БДУ — У.І. Пічэта» і «Класічнае ўніверсітэцкае выданне». А курсанты ваеннага факультэта са сваімі выкладчыкамі арганізуюць паказ ваеннай тэхнікі і трэнажораў і пачастуюць гасцей салдацкай кашай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter