Базавая гаспадарка сталiчнай вобласцi

ААТ «Вялiкi Двор» Стаўбцоўскага раёна
Шмат разоў ААТ «Вялiкi Двор» перамагала ў рэспублiканскiх, абласных i раённых спаборнiцтвах, дэманструючы высокiя вытворчыя паказчыкi. Галоўны кiрунак развiцця кампактнай гаспадаркi, якой больш як паўвека нязменна кiруе Вольга Луцык, — вытворчасць малака i ялавiчыны. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе кормнiкаў дасягае амаль кiлаграма. Летась ад кожнай з больш як тысячы кароў надоена па 7500 кiлаграмаў малака. За вынiкамi стаiць старанне кожнага працаўнiка.

Механiзатар Уладзімір ПЯЧОНАЎ.

Гаспадарка з года ў год упэўнена прыбаўляе i ў вытворчасцi прадукцыi раслiнаводства. У структуры севазвароту пераважае збожжавы клiн. Кожны гектар хлебнай нiвы сёлета даў амаль па 55 цэнтнераў зерня. У засекi яго засыпана 6000 тон. Добра ўрадзiлi i iншыя культуры. Сельгаспрадпрыемства — адно з базавых у Мiнскай вобласцi. Аснова паспяховай дзейнасцi — сучасныя тэхналогii, высокая культура вытворчасцi i працоўная дысцыплiна.

Аксамiтавым дываном красуюцца азiмыя на палях гаспадаркi. За лiчаныя днi на трактары «Беларус-3532» 
механiзатар Сяргей Сянько засеяў 700 гектараў азiмага клiна. Якасцю работы вопытнага хлебароба задаволены галоўны аграном Генадзь Бязушка. Кожнае поле атрымала неабходную запраўку арганiчнымi i мiнеральнымi ўдабрэннямi. Напружаная праца кiпiць на плантацыi цукровых буракоў. Сёлета пад гэту культуру адведзена 250 гектараў. У сярэднiм на 8 гектарах штодзённа ўбiрае iх сучасным камбайнам Фiнат Саiтгарэеў. 

У жнiво Фiнат Фарытавiч садзiцца за штурвал зернеўборачнага камбайна. Сёлета ён убiраў збажыну на новым КЗС-1218. Працаваў без памочнiка. Намалацiў 1361 тону зерня. Амаль столькi ж збажыны i рапсу на рахунку камбайнера Аляксандра Тарабеша i памочнiка Юрыя Брушко. Юрый Кiрыкеш i памочнiк Вiктар Лапко намалацiлi звыш 1500 тон збожжа i рапсу. Больш як тысячу тон збажыны з поля перавёз на дзесяцiтонным МАЗе вадзiцель Яўген Дэнейка.

Прызёрамi раённага спаборнiцтва сярод мала­дзёжных экiпажаў прызнаны камбайнер Аляксандр Мядзведзь i памочнiк Валянцiн Саўчыц. 

Пераможцам абласнога спаборнiцтва сярод маладых вадзiцеляў на перавозцы збожжа прызнаны Вiктар Жыжко. На абласным свяце-кiрмашы, якое праводзiлася ў Чэрвенi, яму ўручаны дыплом i тэлевiзар. Трэцi год працуе ў гаспадарцы. Сям’i Вiктара выдзелены катэдж у Новай Вёсцы.

Паспяхова працуюць i жывёлаводы гаспадаркi. У раёне не пабiты рэкорд Тамары Мяшок — звыш 10 000 кiлаграмаў малака ад кожнай каровы. Нават на заслужаным адпачынку былая даярка дапамагае роднай гаспадарцы. Вытворчасць малака дае найбольшы чысты прыбытак. Штодзённа з ферм на перапрацоўку яго адпраўляецца прыкладна 20 тон, i амаль усё сортам экстра.

Жывёлагадоўля ў гаспадарцы пастаянна развiваецца. За апошнiя гады сваiмi сiламi пабудаваны тры прасторныя памяшканнi для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Светла i прасторна ў даiльнай зале малочна-таварнага комплексу «Вялiкi Двор». Больш 20 гадоў працоўны стаж у аператара машыннага даення Наталлi Хмель. Столькi ж працуе ў жывёлагадоўлi i Таццяна Цiменка. Яна раздойвае першацёлак. Дапамагае ёй муж Iгар Аляксандравiч, якi працуе слесарам. 

Аператар машыннага даення Наталля ХМЕЛЬ.

Па 160 цялят на комплексе па адкорме даглядаюць Кацярына Падчаша i Юлiя Касякова. У першыя тыднi пасля нараджэння iх пояць сухiм малаком, а потым прызвычайваюць да лугавога сена i камбiкармоў. Пасля шасцi месяцаў утрымання маладняк пераводзяць у цэх адкорму, дзе працуюць Валерый Жылка, Алена Чэкан i Наталля Дударава. Яны даглядаюць амаль 2000 галоў. Дзякуючы збалансаванаму кармленню i спрыяльным умовам утрымання сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе кормнiкаў дасягае амаль кiлаграма. За мiнулыя дзесяць месяцаў атрымана 965 тон прывагi, што амаль на 60 тон больш, чым за адпаведны перыяд мiнулага года. 

Будучыню гаспадаркi нязменны кiраўнiк Вольга Луцык, у якой 2021 год юбiлейны, бачыць у далейшым развiццi жывёлагадоўлi. Для гэтага ёсць усе ўмовы — прадукцыйны дойны статак, майстэрства i старанне працаўнiкоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter