«Баюся падвесці бацьку»

ЧАТЫРЫ гады таму майскім днём на плошчы вёскі Квасоўка Гродзенскага раёна ўрачыста адкрылі бюст Героя Беларусі былога старшыні СВК «Кастрычнік-Гродна» Віталя Ільіча Крэмко, які дваццаць тры гады кіраваў гаспадаркай. Восьмы год узначальвае яе адзін з трох яго сыноў — Сяргей КРЭМКО, які папоўніў атрад спецыялістаў кааператыва пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яшчэ два сыны Віталя Ільіча — Андрэй і Дзяніс — таксама сталі аграномамі, але працягваць справу бацькі выпала сярэдняму Сяргею. СВК па-ранейшаму першынствуе ў розных спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу, яго лепшыя працаўнікі атрымліваюць прэстыжныя прэміі і дзяржаўныя ўзнагароды. За апошняе дзесяцігоддзе гаспадарка тройчы заносілася на Рэспубліканскую Дошку гонару. У кастрычніку 2011 года яна перайменавана ў калгас імя В. І. Крэмко.

Кожную раніцу Сяргей Крэмко вітаецца з Віталем Крэмко, чый бронзавы бюст стаіць на плошчы перад праўленнем гродненскага калгаса, што носіць яго імя

ЧАТЫРЫ гады таму майскім днём на плошчы вёскі Квасоўка Гродзенскага раёна ўрачыста адкрылі бюст Героя Беларусі былога старшыні СВК «Кастрычнік-Гродна» Віталя Ільіча Крэмко, які дваццаць тры гады кіраваў гаспадаркай. Восьмы год узначальвае яе адзін з трох яго сыноў — Сяргей КРЭМКО, які папоўніў атрад спецыялістаў кааператыва пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яшчэ два сыны Віталя Ільіча — Андрэй і Дзяніс — таксама сталі аграномамі, але працягваць справу бацькі выпала сярэдняму Сяргею. СВК па-ранейшаму першынствуе ў розных спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу, яго лепшыя працаўнікі атрымліваюць прэстыжныя прэміі і дзяржаўныя ўзнагароды. За апошняе дзесяцігоддзе гаспадарка тройчы заносілася на Рэспубліканскую Дошку гонару. У кастрычніку 2011 года яна перайменавана ў калгас імя В. І. Крэмко.

Перакацістыя палі і лугі Панямоння пераліваюцца шоўкам першай зеляніны, якую перасякаюць стужкі асфальтаваных дарог і блакітная бурлівая плынь легендарнай ракі, на беразе якой вякамі гараваў сялянскі род Крэмко. У вярхоўі Нёмана, непадалёку ад старажытнага Міра, у глухой вёсачцы Беражна ў царскія часы меў свой надзел селянін Аляксандр Крэмко. Сын яго Ілля гаспадарыў на ім за польскім часам і марыў перадаць дзецям у спадчыну. Але страшэнная вайна прынесла шмат гора і сялянскаму роду Крэмко. Паліцаі забілі Іллю Крэмко, калі яго сыну Віталю быў толькі год. Хлопчыка ўзялі на выхаванне сёстры ўдавы Ніна і Аляксандра, якая і цяпер жыве ў карэліцкай вёсачцы Маласельцы. А маці яго выйшла замуж і нарадзіла яшчэ шасцярых дзетак. Так і вырас першынец Віталь у сваіх сялянскіх цётак.

— Сяргей Вітальевіч, з трох сыноў бацька вас адчуў на сваім месцы. Вялікая адказнасць — кіраваць такой гаспадаркай. Што больш за ўсё хвалявала?

— Баяўся падвесці бацьку. А раптам не атрымаецца, не спраўлюся. Але падтрымлівала, што ён быў побач. З першых дзён майго старшынства кансультаваў, ва ўсё ўнікаў. І гэта выручала. Пачуццё адказнасці ў нашай сям’і было вельмі важным. Такім бацьку выхоўвалі цёткі. Я пачынаў у гаспадарцы аграномам-аграхімікам, прайшоў школу галоўнага агранома, намесніка і першага намесніка старшыні, а потым і ўзначаліў яе.

— Які галоўны бацькаў запавет вам запомніўся?

— Берагчы гаспадарку, што ён так высока ўзняў і якой прысвяціў лепшую частку свайго жыцця. Ён ведаў цану кожнаму заробленаму рублю. Вытворчасць развівалі на свае сродкі. Перш чым ў нейкую справу ўкласці грошы, старшыня Крэмко спачатку ўсё дэталёва аналізаваў.

— Можна мець самую прэстыжную адукацыю, але вышэй за ўсё — жыццёвая мудрасць.

— Адукацыя дае веды, а вытворчасць абагачае вопытам. Ніколі не трэба спыняцца на дасягнутым, жыццё не стаіць на месцы. Кіраўнік павінен быць у курсе ўсіх спраў. Спецыялісты займаюцца вузка сваімі абавязкамі, а кіраўнік — менеджар, псіхолаг, эканаміст і гэтак далей. Калі такога ў чалавеку няма, справы не пойдуць. Шмат езджу і вывучаю новае, адаптую да сваёй гаспадаркі. Разам са спецыялістамі дэталёва абмяркоўваем і прымаем рашэнне. Мудрасць прыходзіць з гадамі.

— Сяргей Вітальевіч, якая рыса характару вам больш дасталася ад бацькі?

— Імпульсіўнасць, якая не дазваляе быць абыякавым. Да ўсяго мне справа. Маці больш стрыманая. Яна з слуцкай вёскі Бялевічы. Гэта была цудоўная сямейная пара. Маці часта бацьку ўтаймоўвала, але характар не памяняеш. Бацька ў жыцці гарэў, не шкадаваў сябе. Сэрца яго не вытрымала каласальнай нагрузкі. Два інфаркты перанёс. Як толькі крыху папраўляўся, адразу цікавіўся справамі гаспадаркі. Да апошняга жыў клопатамі калектыву.

— Віталь Ільіч увёў традыцыю галоўных спецыялістаў пераводзіць у свае намеснікі.

— Я не назваў бы традыцыяй. Так ён аднойчы зрабіў. Калі я ўзначаліў гаспадарку, толькі адзін намеснік застаўся і па кожнай галіне гаспадарчай дзейнасці — галоўныя спецыялісты. Няхай растуць, дасягаюць таго, каб быць намеснікамі.

— А якую бацькаву традыцыю вы перанялі?

— Напэўна, адносіны да лю- дзей і да вытворчасці, стварэнне ўмоў для працы кожнага ў калектыве. Гэта стала яшчэ больш важным, чым раней. У бацькі было з каго выбіраць. Цяпер з вёскі вялікі адток спецыялістаў, асаблівага выбару кадраў няма. Цаню стараннасць, адказнасць за справу.

— Што вас зараз найбольш хвалюе?

— Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці эканамічна эфектыўным спосабам, каб не рос сабекошт прадукцыі. Гэта вельмі складана, нават немагчыма, таму што пастаянна павышаюцца цэны на энерганосьбіты, павялічваюцца затраты вытворчасці. Любым спосабам нарошчваць аб’ёмы не практыкуем. Эканамічная служба разлічвае варыянты зніжэння сабекошту прадукцыі, каб быць канкурэнтаздольнымі. Мы ўжо гадоў дваццаць абыходзімся без банкаўскіх крэдытаў. Выкарыстоўваем абаротныя сродкі, атрыманыя за рэалізаваную прадукцыю. Бярэм толькі кароткатэрміновыя крэдыты на будаўніцтва жылля. Раней іх выдзялялі пад 3 працэнты на 43 гады. У апошнія гады пра такія крэдыты застаецца толькі марыць.

— Праблема крэдытаў не толькі на развіццё, нават на выплату заробкаў актуальна для многіх гаспадарак.

— Асноўная сучасная праблема аграпрамысловага комплексу — закрэдытаванасць, што зніжае эканамічныя паказчыкі. З-за гэтага не аднаўляюцца асноўныя фонды. Без неадкладнага вырашэння яе немагчыма далейшае развіццё.

— Як пры высокіх тэмпах вам удаецца абыходзіцца без банкаўскіх пазыкаў?

— Яшчэ ў гады бацькавага кіраўніцтва была дасягнута фінансавая стабільнасць, якая і цяпер трывалая. Усе вытворчыя паказчыкі — прыбытковыя. Калі я прымаў кааператыў, буйной рагатай жывёлы было болей за 10 тысяч галоў. Сярэднясутачныя прывагі перавышалі кілаграм. Ад каровы ў год надойвалі па 8 тысяч кілаграмаў. Па свінагадоўлі мы мелі трэці вынік па Беларусі пасля агракамбіната «Сноў» і шклоўскай «Александрыі».

За два дзесяцігоддзі бацька вывеў гаспадарку ў трывалыя лідары. А пачынаў ён з будаўніцтва ўнутрыгаспадарчых дарог, якіх у сярэдзіне васьмідзясятых гадоў паміж вытворчымі ўчасткамі не было. Адкрылі свой асфальтавы завод у вёсцы Крэўкі і за некалькі гадоў праклалі звыш сотні кіламетраў асфальту. У 1986 годзе калгас «Кастрычнік» аб’яднаўся з суседнім — імя Леніна. За кароткі тэрмін газіфікавалі калгасныя вёскі Квасоўка, Дарошавічы, Навасёлкі, Баранаў, у якіх пачалі будаваць жыллё.

У бацькі быў моцны характар. Ён умеў дасягаць мэты. Вельмі патрабавальны да сябе і іншых. У гэтым аснова яго поспеху як кіраўніка. Яго хвалявала ўсё — ад вытворчасці да дробязей. Я яшчэ вучнем быў, калі пачалася рэканструкцыя старой школы, потым пабудавалі новую.

— А ёсць каму вучыцца ў ёй?

— На жаль, колькасць навучэнцаў у нашай сярэдняй школе пастаянна скарачаецца. 

— А ці хвалюе вас праблема рабочай сілы?

— Пакуль такой праблемы ў нас няма. Прымяненне сучасных машын і новых тэхналогій дазваляе павышаць прадукцыйнасць працы і зніжаць прымяненне людскіх рэсурсаў. Усе вытворчыя працэсы на нашым трыццацітысячным свінакомплексе аўтаматызаваны. Самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне на ўсіх малочна-таварных фермах. За апошняе дзесяцігоддзе значна павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку дойных кароў. Уся жывёла ў нас на круглагадовым стойлавым утрыманні.

— Сяргей Віктаравіч, у сям’і Крамко ўсе — аграномы-практыкі. А навука нікога не захапіла?

— За модаю не гонімся. Бацька выхоўваў строга, з малых гадоў мы назіралі, як ён гаспадарыць, і нешта ў кожным з яго вопыту асядала. Старэйшы брат Андрэй узначальвае гароднінасховішча ў нашым калгасе, малодшы Дзяніс кіруе СВК імя Адама Міцкевіча ў Мастоўскім раёне. Усе мы сталі гаспадарнікамі. Вытворчасць забірае ўвесь час і не дае раздвойвацца. Але з вучонымі ў цесным кантакце. На нашых палях і фермах праводзяцца навуковыя даследаванні. Асаблівыя кантакты з Гродзенскім аграрным універсітэтам, інстытутамі аховы раслін, глебазнаўства, жывёлагадоўлі. Без навукі прагрэсу не даб’ешся. З прымяненнем сучаснай тэхнікі, тэхналагічнага абсталявання ўкараняецца і новая тэхналогія. Па меры набыцця новых тэхнічных сродкаў перавучвалі людзей.

— А якія сарты сельгас- культур — айчынныя ці замежныя — на вашых палях?

— Агранамічная служба трымае руку на пульсе. Закупляем элітнае насенне і ў нашых навукова-даследчых інстытутах, і ў замежжы. Імкнемся не толькі крочыць у нагу з сучаснай аграрнай навукай, а нават і абганяць яе. Выпрабоўваем ў сябе ўсё новае.

— Ваша гаспадарка ў Беларусі — адна з эталонных. На поспехі яе раўняюцца іншыя, сюды едуць пераймаць вопыт. А хто ваш кумір?

— У Беларусі нямала моцных гаспадарак, дзе і нам не лішне павучыцца. Я сябрую з кіраўніком вядомага агракамбіната «Сноў» Нясвіжскага раёна Мікалаем Радаманам, які паспяхова кіруе гэтай магутнай сучаснай гаспадаркай. У яго многае пераймаю. Ёсць чаму павучыцца і ў слабейшых калектывах, дзе свае Кулібіны не перавяліся. Усё цікавае, нестандартнае вывучаем і па меры неабходнасці прымяняем.

Да нас прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін. Часта бываюць расійскія аграрыі. Шчодра дзелімся вопытам. Ад такіх сустрэч і мы маем карысць. Наведваем іх гаспадаркі. Седзячы на месцы новага не спасцігнеш. Пачуць свежую думку, убачыць новае вельмі важна.

— Што ў вашым калгасе дае асноўны прыбытак?

— Лідзіруюць вытворчасць свініны і малака.

— Колькі і якой прадукцыі пастаўляеце дзяржаве?

— Штодзённа з нашых ферм горад атрымлівае 40 тон малака. Пастаўляем дзяржаве штогод больш як 7 тысяч тон свініны і дзве тысячы тон ялавічыны.

— Звычайна свініна стрымлівае эканоміку, а ў вас яна папаўняе казну. У чым сакрэт?

— Летась і ў нас рэнтабельнасць свінагадоўлі знізілася. Але да стратнай не падала. Рэнтабельнасць яе — 27 працэнтаў. Уся наша жывёлагадоўля працуе рэнтабельна. Дзякуючы гэтаму падтрымліваем сталоўку і кафэ, дзе мінімальныя цэны. Там харчуюцца нашы працаўнікі.

— Пры такой высокарэнтабельнай вытворчасці якія заробкі ў калектыве?

— Сёлета штомесячна ён перавышае шэсць мільёнаў рублёў. А на больш адказных работах у напружаны час механізатары атрымліваюць у некалькі разоў болей. Такія грошы трэба зарабіць, з неба яны не сыплюцца. Заробкі стабільныя і заўжды выдаюцца своечасова. Да іх дадаюцца яшчэ і сацыяльныя пакеты: мясныя і малочныя прадукты ўласнай вытворчасці. Гэта спрыяе замацаванню кадраў.

— Праблема кадраў, што характэрна ў цэлым аграпрамысловаму комплексу, вас хвалюе?

— Наадварот, турбуе прыток людскіх рэсурсаў. Вытворчасць наша пастаянна тэхнічна ўскладняецца, і ўзнікае праблема высока- кваліфікаваных кадраў, якія могуць эфектыўна кіраваць сучаснай тэхнікай, новым тэхналагічным абсталяваннем. Нам патрэбны не проста рабочыя, а спецыялісты.

— Выпускнікі школы папаўняюць калектыў?

— Вымушаны прызнаць, што тут мы недапрацоўваем. Не прыцягваем моладзь на новыя машыны і агрэгаты. Наша школа высока каціруецца ў раёне і вобласці па паступленні выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— А хто будзе працягваць справу бацькоў?

— Ёсць праблема.

— Калі вы ўзначалілі калектыў, кадравых перастановак не рабілі?

— Некаторыя бацькавы паплечнікі сышлі на пенсію. З іншымі давялося развітацца з-за парушэнняў дысцыпліны. Склалася ядро, на якое абапіраюся: галоўны інжынер па сельгасмашынах Валянцін Сушчык, мой намеснік Іван Швайбовіч, галоўны бухгалтар Ларыса Мілашэўская, галоўны эканаміст Ірына Мажэйка, загадчык участка Эдуард Капліч, загадчык фермы Іосіф Ясюкайціс, галоўны заатэхнік Віктар Бурко, галоўны садавод Генадзь Санько, касцяк механізатараў, якія выконваюць увесь комплекс работ.

— Сяргей Вітальевіч, а як у вас у асабістым плане?

— Праз тры гады пасля знаёмства пажаніліся са Святланай, студэнткай філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння вучобы яна выкладала рускую мову і літаратуру ў нашай школе, кіравала школай, цяпер узначальвае аддзел кадраў кааператыва. Два сыны ў нас — Віталік, які вучыцца на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак ў Беларускім дзяржаўным універсітэте інфарматыкі і радыёэлектронікі. Меншы Саша яшчэ школьнік, вялікі аматар футбола. Гуляе ў маладзёжнай групе гродзенскай футбольнай каманды «Нёман», добрыя вынікі паказвае. Марыць стаць праграмістам.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Гродзенскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter