Ребята с инвалидностью по зрению смогут выучиться на операторов ЭВМ, а в перспективе – и на программистов

Байты на кончыках пальцаў

У выпускнікоў спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннямі зроку ў гэтым годзе з’явіцца ўнікальная магчымасць — атрымаць у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі інтэлектуальную прафесію. Як будзе праходзіць уступная кампанія, колькі набяруць навучэнцаў і хто ім будзе выкладаць, даведвалася карэспандэнт «Р».

Аляксандр СЕВЯРЫН без суправаджальніка ездзіць па Мінску на дзелавыя сустрэчы. Сваіх вучняў ён таксама будзе заклiкаць да самастойнасці. 
Фота аўтара

Роўны навучае роўнага

— Да нядаўняга часу дзеці, якія скончылі спецшколы-інтэрнаты, пры праходжанні медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) атрымлівалі накіраванне на далейшую вучобу выключна ў Гродзенскі медыцынскі каледж, каб у будучыні стаць масажыстамі. Аргументацыя простая: толькі там створаны ўмовы для навучання людзей з інваліднасцю па зроку. Радуе, што з гэтага года МРЭК зможа афіцыйна накіроўваць выпускнікоў у Мінскі каледж электронікі, — гаворыць Аляксандр Севярын, актыўны член Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ), спецыяліст інфармацыйных адаптыўных тэхналогій установы рэабілітацыі «Цэнтр паспяховага чалавека».

За плячыма ў маладога чалавека дзве вышэйшыя адукацыі і вялікі вопыт навучання IT-тэхналогіям людзей з праблемамі зроку.

— Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання БелТІЗ Міхаіл Антоненка, з якім мы цесна ўзаемадзейнічаем, парэкамендаваў нам Аляксандра Уладзіміравіча. Ён ужо ўключыўся ў падрыхтоўку дакументацыі, з чэрвеня пачне кансультаваць нашых педагогаў аб асаблівасцях арганізацыі вучэбнага працэсу з такой катэгорыяй навучэнцаў. У далейшым ён увальецца ў наш калектыў выкладчыкаў. Прычым стане яшчэ і майстрам вытворчага навучання,
— расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Георгій Козел.

У гэтай установе навучаць асаблівых хлопцаў і дзяўчат пачалі ў 2005 годзе. Тады было створана новае аддзяленне і набралі дзве групы юнакоў i дзяўчат з праблемамі слыху.

— Паступова мы пачалі прымаць дзяцей з іншымі парушэннямі,
— дадае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Бондар. — Пасля рэканструкцыі ў нас адкрыўся корпус, дзе створана безбар’ернае асяроддзе па ўсіх стандартах спецыяльнай адукацыі — гэта шырокія дзвярныя праёмы, спецыяльныя ліфты, пандусы, адбойнікі, туалеты. Усё зроблена для таго, каб хлопцы і дзяўчаты з рознымі парушэннямі, у тым ліку апорна-рухальнага апарату, маглі прыехаць сюды на навучанне. Бо ў асноўным такія дзеці вучацца дома, іх зносіны з аднагодкамі абмежаваны. Тут жа ў іх ёсць магчымасць быць у соцыуме, мець зносіны, атрымліваць інфармацыю. І гэта дарагога каштуе.

З 1100 навучэнцаў каледжа 70 чалавек — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прычым усе займаюцца разам.

— Мы гэтаму вельмі рады: такія зносіны ўзбагачаюць навучэнцаў у маральным плане, вучаць іх дапамагаць, суперажываць, быць міласэрнымі, больш памяркоўнымі, — разважае Георгій Уладзіміравіч.

Новыя гарызонты

Аляксандр Севярын сцвярджае, што інваліднасць па зроку — гэта не асаблівасць, а спецыфіка навучэнцаў. Такіх дзяцей у каледжы яшчэ не было.

— Імкнёмся пазбегнуць памылак, — хвалюецца дырэктар установы. — Вырашаны ўсе пытанні з Міністэрствам адукацыі, уносяцца неабходныя змяненні ў нашу ліцэнзію, зацверджаны лічбы набору па гэтай катэгорыі. Пачынаем навучанне з інтэлектуальных прафесій — будзем рыхтаваць аператараў ЭВМ з тым, каб у далейшым (гэта ў нашых планах) на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі яны маглі працягнуць у нас навучанне і атрымаць прафесію праграміста.

У адрамантаваным корпусе створана безбар’ернае асяроддзе па ўсіх стандартах спецыяльнай адукацыі — гэта шырокія дзвярныя праёмы, спецыяльныя ліфты, пандусы, адбойнікі, туалеты.
Фота прадастаўлена Мінскім каледжам электронікі
У гэтым годзе ў каледж прымуць толькі восем навучэнцаў з інваліднасцю па зроку. Яны стануць своеасаблівымі першапраходцамі. Уступныя экзамены здаваць не прыйдзецца — залічэнне будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале атэстата аб заканчэнні адзінаццацi класаў. Чым ён вышэй, тым больш шанцаў патрапіць на навучанне, бо ў каледж гатовыя прыняць юнакоў і дзяўчат з усёй краіны.

Правучыўшыся 1 год і атрымаўшы спецыяльнасць аператара ЭВМ, вупускнік па жаданні зможа працягнуць навучанне і праз 2,5 года атрымаць спецыяльнасць праграміста. Можна пайсці і далей — паступіць у ВНУ без цэнтралізаванага тэсціравання на скарочаную форму, здаўшы толькі два экзамены па спецпрадметах. Сярод варыянтаў — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

— Мы ўжо выпусцілі больш за 400 навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі. 100 працэнтаў працаўладкаваны. Называю гэтую лічбу смела, мы ёю ганарымся, — адзначае Святлана Бондар. — Дзе яны працуюць? Усё залежыць ад атрыманай кваліфікацыі і ад страты слыху або рухальнай актыўнасці. Калі гэта аператар ЭВМ, тэхнік-праграміст, то школы, ЖЭСы, банкі. Аператары ЭВМ уладкаваны ў сталічных гандлёвых сетках. Ёсць тыя, хто атрымаў у нас прафесію токара, слесара-зборшчыка бытавой тэхнікі, слесара механазборачных работ. Іх да сябе забірае «Атлант». Яшчэ адна інтэлектуальная спецыяльнасць — тэхналогія вытворчасці вырабаў электроннай, мікраэлектроннай тэхнікі. Гэта праца з дробнымі мікрасхемамі, платамі, яна патрабуе вельмі сур’ёзнага стаўлення, інтэлекту, акуратнасці. Нашых выпускнікоў узяў завод «Інтэграл». Яны паказалі сябе паспяховымі спецыялістамі, таму мы працягваем набор асаблівых навучэнцаў на гэту спецыяльнасць.

Без бар’ераў

Галоўны корпус каледжа знаходзіцца ў адной частцы горада, цэнтр — у іншай. Як невідушчым дзецям дабірацца на вучобу?

— Навучанне — гэта адзін са складальнікаў зачыну на будучыню, але яшчэ адна важная дэталь — сацыяльная рэабілітацыя. Чым менш мы будзем аказваць дапамогу нашым навучэнцам пры перамяшчэнні па горадзе, тым лепш будзе ў першую чаргу ім самім, — лічыць Аляксандр Севярын, які самастойна, без суправаджальніка, ездзіць па Мінску на дзелавыя сустрэчы. — Хлопцаў і дзяўчат трэба вучыць арыентавацца ў прасторы, бо ў будучыні іх ніхто не будзе вазіць на працу. Так, на пачатковым этапе іх будуць суправаджаць сваякі, але я стаўлю перад сабой мэту, каб у далейшым яны дабіраліся на вучобу без старонняй дапамогі.

У каледжы паступова будзе стварацца безбар’ернае асяроддзе для навучэнцаў з парушэннем зроку. Для гэтага будуць прыцягваць розныя арганізацыі.

— У нас у планах адкрыць на базе нашага каледжа рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, — паведамляе Георгій Уладзіміравіч. — Думаю, што наш заснавальнік Мінгарвыканкам падтрымае гэтую ідэю, паколькі ў нас вялікія метадычныя напрацоўкі. Практычна кожныя два тыдні ў каледж прыязджаюць дэлегацыі з краін СНД, каб пераняць наш вопыт у навучанні дзяцей з асаблівасцямі інтэлектуальным прафесіям. Мы адны з першых на прасторы СНД пачалі такі праект, і гэта таксама прадмет гонару сістэмы сталічнай адукацыі.

Чакаецца, што гэтым летам будзе пастаўлена неабходнае абсталяванне, у тым ліку для дзяцей з парушэннем зроку.

— Тое, што ў Мінскім каледжы электронікі закупляецца тэхніка для рэсурснага цэнтра, дзе будуць вырабляцца навучальныя матэрыялы, — гэта вельмі важна. Без тактыльнай пліткі можна дайсці да корпуса ўздоўж бардзюра. Але калі б мне не далі навучальныя матэрыялы, як бы я вучыўся? Прыярытэт тут выстаўлены правільны, — дадае Аляксандр Уладзіміравіч.

Яшчэ адна перспектыва каледжа — дыстанцыйнае навучанне інтэлектуальным прафесіям дзяцей з цяжкімі парушэннямі з розных рэгіёнаў Беларусі. А пакуль з 15 чэрвеня па 20 жніўня з 9.00 да 18.00 у каледжы будуць прымаць дакументы ад юнакоў і дзяўчат з парушэннем зроку з усёй краіны.

— Чакаем маладых, таленавітых, цікавых, — запрашае Георгій Козел.

statkevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter