Баяцца сядзiбы прывiды

Некалi  мясцовыя  ўлады  адмовiлiся  ад  дапамогi  ў  аднаўленнi  помнiка  архiтэктуры  i  сёння  аб  гэтым  шкадуюць

Некалi  мясцовыя  ўлады  адмовiлiся  ад  дапамогi  ў  аднаўленнi  помнiка  архiтэктуры  i  сёння  аб  гэтым  шкадуюць

У горада Беразiно багатая гiсторыя. Яму ўжо пяць стагоддзяў. Гэтыя мясцiны памятаюць Напалеона, Кутузава, Шарамецьева. Дарэчы ўзгадаць графаў Сапегаў, Тышкевiчаў, Патоцкiх. Усе яны ў свой час былi гаспадарамi гэтай зямлi. Багатыя людзi будавалi шыкоўныя сядзiбы, цэрквы, мануфактуры i г.д. Але да нашага часу захавалася толькi спадчына Патоцкiх: двухпавярховы жылы дом i будынак вiнакурнага завода.

Графы не выпадкова аблюбавалi гэтыя мясцiны. Рэчкай Бярэзiнай у той час захаплялiся многiя. Да таго ж гэта была цудоўная тэрыторыя для палявання. Ёсць звесткi, што нават сам Мiкалай II заязджаў сюды па дзiка. Двухпавярховы дом у стылi позняга класiцызму з вялiзарнай параднай залай быў пабудаваны па загаду Ганны Патоцкай-Вансовiч (дзякуючы ёй быў адноўлены касцёл Сапегаў 1641 года). Але сама яна з’яўлялася там рэдка. Часцей прыязджалi туды браты Аўгуст i Маўрыкiй. Першы вельмi захапляўся конямi, таму часценька выязджаў на паляванне. Дарэчы, дзякуючы Аўгусту ў Беразiно была пабудавана графская цагляная канюшня. Яе яшчэ добра памятаюць некаторыя мясцовыя жыхары-старажылы. Але ў канцы 80-х гадоў яна была канчаткова зруйнавана.

А сядзiба яшчэ стаiць. Па словах загадчыцы аддзела Бярэ-зiнскай цэнтральнай раённай бiблiятэкi Тамары Круталевiч, сёлета будынку споўнiлася 150 гадоў. Хаця сапраўдная дата яго з’яўлення дакладна невядома. Гiсторыкi вагаюцца памiж 1850—1858 гадамi. Але ёсць дакладныя звесткi, што Патоцкiя прыязджалi ў гэты край толькi ўвосень, калi збiралi ўраджай. Звычайна ж у сядзiбе гаспадарыў эканом. Ён праславiўся сваёй шчодрасцю: на дажынкi звычайна ўздоўж алеi, што вяла да будынка, выстаўляў сталы, якiя проста ламiлiся ад розных прысмакаў. Паласавацца мог любы жыхар. Дарэчы, рэшткi той дарожкi захавалiся i да гэтага часу. Побач растуць вялiзныя дубы. Не выключана, што яны таксама сведкi той эпохi. Хаця, магчыма, яны былi пасаджаны пазней, калi ў будынку размяс-цiўся дзiцячы дом, а потым школа. Гэта здарылася ўжо пасля Вялiкай Айчыннай вайны. Да таго ж сядзiбу некалькi разоў хацелi зруйнаваць. Але заўсёды зна-ходзiлiся людзi, якiя яе выратоўвалi.

Сёння на ўладанне Патоцкiх горка глядзець. Няма нi вокнаў, нi дзвярэй. Няма i прывiдаў, якiя звычайна селяцца ў старых будынках, прываблiваючы туды турыстаў. У 80-х гадах школьнiкi перамясцiлiся ў новы будынак. З той пары сядзiба пачала прыходзiць у заняпад. У 1994 г. у Беразiно прыязджалi польскiя нашчадкi Патоцкiх. Яны прасiлi перадаць iм будынак на рамонт i абнаўленне. Але раённыя ўлады тады адмовiлi. Сёння ж, каб надаць сядзiбе другое жыццё, у бюджэце няма грошай. А краязнаўчы музей, якi ў раёне не з’явiўся да гэтага часу, быў бы тут якраз на сваiм месцы. Пакуль жа сядзiба – добрае месца для  гульняў падлеткаў i моладзi, якiя рызыкуюць ператварыць яе ў сметнiк. Сказаць, што мясцовыя ўлады зусiм забылi пра архiтэктурную каштоўнасць, нельга. Некалькi разоў у год там праводзяцца суботнiкi. Але гэтага мала…

У вiнакурнага завода Патоцкiх лёс больш шчаслiвы. Чаму графы захацелi яго пабудаваць у Беразiно, а не на сваёй радзiме ў Польшчы цi iншых еўрапейскiх краiнах, дзе ў iх ужо было шмат розных вытворчасцей? Галоўным аргументам была рэчка. Гавораць, што тады яна мела выхады ў Чорнае i Каспiйскае моры. Такiм чынам гаспадары перапраўлялi гатовую прадукцыю ў свае вiнныя склепы. Iншую прадавалi ў мясцовых крамах, а таксама ў Барысаве, Бабруйску i Мiнску.

Завод пабудавалi ў 1853 годзе. Тады ён быў драўляны. Амаль праз сорак гадоў (справы iшлi добра, у год выраблялi “тры тысячы вёдраў прадукцыi”) будынак абклалi цэглай i бутавым каменем, побач пабудавалi склад. Такi выгляд ён мае i сёння. Праўда, зараз там размяшчаецца спiртзавод. Тры гады назад у будынку зрабiлi рамонт, пафарбавалi фасад. Такiм чынам, гэта адзiны архiтэктурны помнiк у добрым стане на тэрыторыi ўсяго раёна, якому больш за сто гадоў. Ёсць адбiткi (iнакш i не скажаш) даўнiны i ў вёсцы Багушэвiчы – касцёл XIX стагоддзя. Але ад яго засталося яшчэ менш, чым ад сядзiбы Патоцкiх. Дарэчы, яшчэ адзiн будынак графаў — у Любашанах — зусiм знiк з твару зямлi.

На здымках: так выглядаюць уладаннi Патоцкiх сёння.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter