Бацькоўская хата пiрагамi багата

Iван Антонавiч i Уладзiслава Васiльеўна Пугачовы з аграгарадка Цiманава нядаўна справiлi сапфiравае вяселле. Яны выхавалi васьмярых дзетак, якiя падарылi iм ужо дзесяць унукаў

Iван Антонавiч i Уладзiслава Васiльеўна Пугачовы з аграгарадка Цiманава нядаўна справiлi сапфiравае вяселле. Яны выхавалi васьмярых дзетак, якiя падарылi iм ужо дзесяць унукаў.  

Жыццёвы шлях бацькоў — лепшы прыклад для нашчадкаў. 

 Здаецца, яны нiколi не сядзелi без справы.  Пабудавалi хату, вялi гаспадарку, добрасумленна працавалi... 

Iван Антонавiч пасадзiў у леспрамгасе нямала маладых дрэўцаў. 

У скарбонцы дасягненняў Уладзiславы Васiльеўны, якая працавала даяркай, медаль “За добрасумленную працу”, медаль Мацярынства, ордэн «Мацярынская слава» 3-й ступенi. 

 Каля хаты Пугачовых быў прыгожы сад, а з часам бацькi разам з дзецьмi пасадзiлi яшчэ адзiн. Увесну белая квецень цешыла вока, а ўвосень    радавала сям’ю добрым ураджаем садавiны. Працягваў Iван Антонавiч i радавую  справу — пчалярства. Было нямала задумак, але...  

Карэктывы ўнёс красавiк 1986 года. Пасля аварыi на ЧАЭС родная вёсачка Пугачовых Гарадзешня, што на Клiмаўшчыне, трапiла ў зону адсялення. 

Аднак жыццё працягвалася... 

Iван Антонавiч i Уладзiслава Васiльеўна пачалi асвойвацца на новым месцы. Яны атрымалi новы дом, самi пабудавалi лазню, упарадкавалi зямельны ўчастак, завялi гаспадарку.  Чацвёра iх дзетак жывуць у адной мясцовасцi з бацькамi, астатнiя — у Магiлёве. 

У Iвана Антонавiча ёсць i нямала розных захапленняў. 

— Муж —  вялiкi аматар цiхага палявання, — расказвае Уладзiслава Васiльеўна. — Ён ведае шмат грыбных i ягадных месцаў, таму  заўжды прыходзiць дадому з поўнымi кошыкамi дароў лесу. Любiць Iван Антонавiч i гадзiнамi сядзець з вудай на беразе возера, гуляць у шахматы. Ёсць у яго i даўняе захапленне — гармонiк, з якiм не расстаецца больш чым  сорак гадоў.  

У гаспадынi спiс захапленняў таксама багаты. Сярод iх — вышыўка, вязанне, кулiнарыя.  

Бацькоўская хата часта  збiрае пад сваiм дахам дзяцей i ўнукаў. У такiя днi ў доме пахне пiрагамi, чуюцца гукi гармонiка, вясёлы гоман малых...  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter