Мы з мужам знаходзімся ў разводзе, 7-гадовая дачка засталася са мной. Я выходжу зноў замуж. Ці магу я ў аднабаковым парадку памяняць прозвішча дзіцяці на сваё новае прозвішча? Былы муж згоду на гэта дакладна не дасць, хоць і не прымае абсалютна ніякага ўдзелу ў выхаванні дачкі. Ці магу я вырашыць гэтую праблему ў судзе?
Ганна Вікенцьеўна, г. Барысаў

На пытанне адказвае Ала КАМАРОЎСКАЯ, адвакат юрыдычнай кансультацыі № 2 Фрунзенскага раёна г. Мінска, магістр права
Згодна з п. 1 арт. 70 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (далей — Кодэкс) спыненне шлюбу паміж бацькамі або прызнанне шлюбу несапраўдным не цягне за сабой змянення прозвішча дзіцяці.
Разам з тым прыняцце рашэння аб прысваенні або змяненні прозвішча дзяцей у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, уваходзіць у кампетэнцыю органа апекі і папячыцельства пры мясцовым выканаўчым і распарадчым органе. Калі бацька, у якога дзіця засталося пражываць пасля спынення шлюбу, або прызнання шлюбу несапраўдным, або пасля ўступлення ў новы шлюб (што мае месца ў дадзеным выпадку), жадае прысвоіць яму сваё прозвішча, орган апекі і папячыцельства мае права дазволіць змяненне прозвішча дзіцяці зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці.
Наяўнасць згоды дзіцяці на змяненне прозвішча залежыць ад яго ўзросту. У сілу арт. 70 Кодэкса змяненне прозвішча дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў, ва ўсіх выпадках робіцца з яго згоды, якая выяўляецца органамі апекі і папячыцельства. У дадзеным выпадку дзіця яшчэ не дасягнула 10-гадовага ўзросту, таму яго згода не патрабуецца. Але ў любым выпадку бацька, чыё прозвішча носіць дзіця, інфармуецца аб узбуджэнні хадайніцтва аб змяненні прозвішча дзіцяці. Меркаванне гэтага бацькі разам з іншымі абставінамі ўлічваецца органамі апекі і папячыцельства пры вырашэнні пытання аб змяненні прозвішча дзіцяці.
Калі дзіця не дасягнула 16 гадоў, то па сумеснай заяве бацькоў орган апекі і папячыцельства мае права зыходзячы з iнтарэсаў дзiцяцi дазволiць змяненне прысвоенага яму прозвiшча.
Неабходна адзначыць таксама, што прозвішча дзяцей можа быць зменена пры ўсынаўленні, устанаўленнi мацярынства i (або) бацькоўства. Змена прозвішча бацькамі цягне за сабой змяненне прозвішча дзіцяці, якое не дасягнула шаснаццаці гадоў.
Прэтэнзія на непрыгодны тавар
Купіў у краме бутэльку спіртнога. Па дарозе дадому выявіў, што яна няякасна закаркавана. Вярнуўся ў краму праз некалькі хвілін, прад’явіў чэк і папрасіў замяніць тавар. Пры аглядзе высветлілася, што вінтавы корак мае дэфект. Але замяніць тавар мне адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што алкаголь замене не падлягае. Як мне абараніць мае правы і вярнуць грошы за непрыгодны тавар?
Аляксандр, г. Мінск

На пытанне адказвае Інэса АЛЕНСКАЯ, адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў
Вам неабходна накіраваць пісьмовую прэтэнзію (заказным пісьмом з паведамленнем) па юрыдычным адрасе пастаўшчыка непрыгоднага тавару. У прэтэнзіі неабходна падрабязна выказаць усю сітуацыю, прыкласці копію чэка, якая пацвярджае набыццё тавару, спаслацца на паказанні сведкаў.
У прэтэнзіі запатрабуйце неадкладна вярнуць вам грошы за непрыгодны тавар, а таксама разгледзець варыянты выплаты ў вашу карысць грашовай кампенсацыі за прычыненне маральнай шкоды.
Калі адказ на прэтэнзію ў ваш адрас не паступіць, вы можаце звяртацца ў суд па абарону вашых правоў як спажыўца. Дзяржпошліну пры звароце ў суд па гэтай катэгорыі спраў аплачваць не трэба.