Анатоль Тозік прапануе зрабіць больш жорсткай адказнасць бацькоў за халатнасць у выхаванні дзяцей

Бацькi адказваюць за сваiх дзяцей

Дэкрэт №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» патрабуе змяненняў і дапаўненняў, упэўнены намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Тозік. І тлумачыць чаму. Кожны год органы апекi вымушаны забіраць у бацькоў 2,5—3 тысячы дзяцей. І многія з гэтых бацькоў цяпер пачынаюць «гуляць» з дзяржавай. 

Як? Шмат каго з іх немагчыма ўбачыць на працоўным месцы тыднямі, некаторых трэба прыводзіць амаль за руку. Калі ж і з’яўляюцца яны ў работадаўцы, то якасць працы аніякая. Кіраўніку прадпрыемства ад такіх «работнікаў» — адзін галаўны боль. Такога не павінна быць, упэўнены Анатоль Тозік. І прапануе: «Два-тры разы не выйшаў на працу на працягу месяца — адміністрацыйны арышт і ідзі працуй там». Выправіць сітуацыю толькі ўзмацненне жорсткасці пакарання. Нагадаем, галоўная мэта дэкрэта — паляпшэнне становішча дзяцей у нешчаслівых сем’ях і спагнанне выдаткаў з бацькоў на іх ўтрыманне ў спецыяльных установах.

«Усімі намаганнямі нам зараз удаецца кампенсаваць толькі каля 65 працэнтаў рэсурсаў, якія дзяржава траціць на ўтрыманне дзяцей з няўдалых сем’яў у спец-установах. А хто палічыў, колькі траціць дзяржава на рэалізацыю дэкрэта? Таму неабходна ўносіць змяненні і дапаўненні, грунтуючыся на практыцы яго 8-гадовага прымянення», — лічыць намеснік Прэм’ер-міністра. 

Таксама Анатоль Тозік прапануе зрабіць больш жорсткай адказнасць бацькоў за халатнасць у выхаванні дзяцей. «На жаль, адказнасць многіх бацькоў за выхаванне дзяцей аслаблена. Існуе меркаванне, што іх выхаваннем павінна займацца школа, дзяржава. Але выхоўваць дзяцей павінны перш за ўсё бацькі. Так, з дапамогай школы і дзяржавы. Я мяркую, што трэба прыняць закон, які б выразна размяжоўваў паўнамоцтвы і адказнасць бацькоў, школы і іншых дзяржаўных або грамадскіх інстытутаў за выхаванне і захаванне здароўя дзяцей». 

Магчыма, такі дакумент з’явіцца ў плане законапраектнай дзейнасці на 2015 ці 2016 год. 

Алена МІСНІК

misnilena@yandex.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter