Успаміны пра гвардыі радавога Міхаіла Чаркашына

Бацькава вайна

Успаміны пра гвардыі радавога Міхаіла Чаркашына


Бацька не любіў успамінаць пра вайну, а калі і здаралася, то гаварыў скупа, закранаючы толькі падзейны рад. І колькі б мы, дзеці, а потым і ўнукі, ні чапляліся:раскажы ды раскажы, як ты ваяваў, што адчуваў, думаў, ён часцей аднекваўся, маўчаў ды ішоў на ганак. Пакурыць. І нават калі ў школе нам задавалі сачыненні на тэму былой вайны, ад бацькі я не магла дабіцца падрабязнасцяў. Памятаю, як у тыя моманты ўсмешка павольна спаўзала з яго твару, і ён на вачах станавіўся зямліста-шэрым, нібыта жыццё замірала ў кожнай клетцы яго цела. А з ганка нашай украінскай хаты-мазанкі (гэта ў горадзе Ваўчанску Харкаўскай вобласці) потым даносіўся надрыўны кашаль. Усякі раз, і калі ўжо на месцы старога дома бацькі пабудавалі новы, было балюча чуць гэты кашаль. А маці, супакойваючы мяне, гаварыла: гэта не ад папярос, а таму, што тата — музыкант-духавік… Дзіцячая памяць мая на тым тады не засяродзілася, а запомніла толькі махорку, якую бацька асцярожна насыпаў у палавінку ад “састарэлага” лістка адрыўнога календара. Таксама памятаю, як вучыў ён мяне, чатырохгадовае дзіця, складаць той лісток: спачатку “прапрасаваць” пальцамі згіб, а потым роўна па ім ра­зарваць на дзве часткі… Я з захапленнем адрывала лісток і круціла бацьку цыгаркі, склейваючы краі слінай. І гэта было весела. Пазней у ход пайшлі і прамавугольнікі шаравата-белай папяроснай паперы. Потым бацька курыў  “Север”, “Беломорканал”, “Астру”, “Приму”… Я, шкадуючы расшыраныя ягоныя лёгкія — бацька з 18 гадоў іграў на духавых інструментах, — прывозіла з Кіева, дзе вучылася ва ўніверсітэце, дарагія ў тыя  савецкія часы папяросы “Герцагавіна Флор”. Купляла ў падарунак і курыльныя трубкі, і партсігары, і муштукі… І нават пераконвала, што лепш бы яму курыць лёгкія цыгарэты. Але бацька на іх так і не перайшоў…


Фота: Іван Ждановіч

Яго музыканцкі муштук ад барытона, а пазней у доме з’явіўся і трамбон, заўсёды злёгку папахваў тытунем. Мне муштук падаваўся чароўным. Дагэтуль памятаю яго пах. “Памятаюць” і пальцы гладкую латунную паверхню. У дзяцінстве мне падавалася, што музыканты ў свае духавыя інструменты ўпускаюць дым ад папярос. І куды ж ён дзяецца, пытала. А тата пускаў кольцы і жартаваў: пакуль па трубе дым пройдзе, на сценках і асядзе. З чаго я зрабіла выснову: вось чаму муштук пахне дымам. Мне падабалася часам падудзець і ў бацькаў барытон, і панаціскаць бліскучыя клавішы. І ў расчоску з папяроснай паперай, замацаванай на зубцах, лёгка дудзелася, праўда, губам было козытна. А калі тата нешта развучваў, я брала губны гармонік, гаварылі, ён прывёз яго з вайны, і спрабавала таксама сыграць хоць што-небудзь. І куды потым дзеўся той трафей, сказаць цяжка. Спытаць цяпер няма ў каго…  

Вядома ж, я прасіла тату сыграць што-небудзь з тых мелодый, якія ён іграў на вайне. І зноў ён замыкаўся ў сабе так, што даводзілася як абцугамі цягнуць з яго назвы: “Афіцэрскі вальс”, “Амурскія хвалі”… А пра “синенький скромный платочек” прасіла спець маці. “Міша, — гаварыла яна, — ну што, табе цяжка, і дзіця просіць…”. Часам гэты аргумент дзейнічаў, і тата не-не і наігрываў чамусьці часцей за ўсё “Амурскія хвалі”… Чаму, я так і не спытала. Можа быць, гэта мелодыя нагадвала пра службу на Ціхаакіянскім флоце… Цэлыя чатыры гады ён служыў у марской пяхоце. І чаму я не даведалася, з кім сябраваў, куды хадзіў у звальненні і дзе размяшчалася часць, якія людзі былі побач у яго батальёне, падраздзяленні… Нехта ж навучыў яго ігры на духавых інструментах, і хтосьці сфатаграфаваў маладога марака ў бесказырцы… Гэтае фота, на шчасце, захавалася ў нашым сямейным архіве. Чытаю кароткі запіс у ваенным білеце:

“Міхаіл Чаркашын прызнаны прыгодным да страявой службы і залічаны ў школу спецыялістаў Ціхаакіянскага флоту курсантам”.

У яе бацька прыбыў 1 кастрычніка 1932-га. У тым жа годзе, наколькі ведаю з гісторыі, пачалося актыўнае стварэнне і развіццё Ціхаакіянскага флоту “з мэтай умацавання сістэмы савецкіх рубяжоў Далёкага Усходу”. У запас бацьку звольнілі 1 кастрычніка 1936-га. Маці расказвала, як упершыню, а было ёй 16 гадоў, убачыла бравага марака ў Доме культуры, падчас перапынку паміж рэпетыцыямі спектакля “Таміла”: яго ставіў Ваўчанскі народны тэатр, а яна іграла галоўную гераіню. Але больш за ўсё ўразіла маці тады не прывабная знешнасць бацькі, а багатае футра з нерпы, франтавата накінутае на “матроску”. Тое футра, якое бацька прывёз з Уладзівастока, яна потым вельмі любіла ўспамінаць. Ні ў каго ў Ваўчанску такой рэчы не было, гаварыла. Калі б моль яго не паела ў кладоўцы ды за печкай усё не растрэскалася, можна было б у Валуйках узімку накрывацца, каб не замярзаць…  

А Валуйкі — гэта таксама частка нашай сямейнай гісторыі. Калі пачалася вайна, бацьку прызвалі адразу ж, на трэці дзень, і накіравалі пад Валуйкі, райцэнтр Белгарадскай вобласці, за 100 км ад Ваўчанска, у батальён аэрадромнага абслугоўвання: 690-ы БАА. І паставілі загадваць прадуктовым складам. І калі ўзімку давялося бацьку праязджаць праз Ваўчанск на паўтаратонцы, ён умудрыўся… забраць з сабою маладую жонку з 3-гадовым сынам. Але жыць на вайне з сям’ёй, вядома ж, не дазволілі… Усё ж дваццацігадовая мая маці назад не паехала: аформілася на працу ў БАА рахункаводам. А старэйшы мой брат Юрый заставаўся з вясковай жанчынай, да якой вольнанаёмную Марыю Чаркашыну ўладкавалі на пастой. “Страшны быў час, холад люты, а колькі лётчыкаў гінула, — гаварыла маці, — дзень за днём…”. Як расказвала, многія жонкі з дзецьмі тады паехалі ўслед за мужчынамі ў Валуйкі: усе думалі — вайна хутка скончыцца…

А праз некаторы час, у лютым 1942-га, бацьку перавялі ў 51-ю гвардзейскую стралковую дывізію, залічылі ў дывізіённы музыканцкі ўзвод. Мяркую, ён, калі быў у БАА, сказаў камусьці, што іграць навучыўся яшчэ ў марфлоце. З чырвонаармейскай кніжкі таксама пачарпнула звесткі: нумар ваенна-уліковай яго спецыяльнасці музыканта духавых аркестраў значыўся як 108-ы. Тут жа ўбачыла і запісы аб узнагародах бацькі. Я, вядома ж, памятала са скупых яго аповедаў, што ваяваў ён і на Курскай дузе, быў і пад Сталінградам, бачыла і медалі, і ордэны, якія ўжо перавандравалі ў сямейны архіў сына Багдана… Цяпер, дзякуючы святу Вялікай Перамогі і маім разважанням пра радавых Перамогі, захацелася звесці ўсё ў  гісторыю пра бацькаву вайну.   

Калі я была школьніцай, то вельмі ганарылася, што мой тата — музыкант: ён іграў у аркестры пры Ваўчанскім Доме культуры на дэманстрацыях з нагоды святаў, на канцэртах і на пахаваннях. Але вялікага заробку ігра не давала, ды і мяне трэба было прыстроіць у дзіцячы сад, таму па сумяшчальніцтве бацька пайшоў туды працаваць загадчыкам гаспадаркі: спатрэбілася і даваенная яго спецыяльнасць гандлёвага бухгалтара.
 
Доўгі час я думала: бацька не хоча расказваць пра “сваю” вайну ў выніку закрытасці характару. Але толькі нядаўна зразумела, што памылялася. Калі слухаю ветэранаў, ці ўжывую, ці з экрана ТБ, адчуваю: нават тыя, хто валодае майстэрствам апавядальнікаў, не адкрываюць усёй праўды аб вайне, а толькі тую частку, якая не раніць болем ні акаляючых, ні іх саміх. І гэта правільна. Так, па-мойму, спрацоўвае інстынкт самазахавання, закладзены ў чалавечай прыродзе. Напэўна, жахі вайны паралізуюць памяць, таму так характэрна дранцвеюць твары тых, хто прайшоў праз смерць і жахі вайны, пры адным яе згадванні. Так нямеў і татаў твар. Успамінаецца, як ён ледзь-ледзь раскрываўся, гаварыў: на вайне даводзілася і бінты мыць, і тазікі з ампуціраванымі канечнасцямі выносіць, і загінуўшых хаваць, і параненых выцягваць з поля бою, і нават сувязь тэлефонную вучыцца наладжваць… А як жа музыка? Ад выпадку да выпадку бывала і музыка. Рыхтуючы матэрыял, знайшла на форуме музыкантаў вось такія радкі:

“Музыканцкі ўзвод, які па старой рускай традыцыі ўваходзіў у склад многіх воінскіх падраздзяленняў, у перапынках паміж баямі ператвараўся пад кіраўніцтвам капельмайстра ў палкавы аркестр. Музыканты выконвалі перад байцамі ваенна-патрыятычную і народную музыку, папулярныя песенныя мелодыі і маршы. Нярэдка музкаманды ігралі музыку і падчас наступальных баявых аперацый, узнімаючы баявы дух воінаў, натхняючы падраздзяленні на рашучы штурм, паднімаючы салдат у атаку. Падчас баявых дзеянняў байцам музыканцкіх узводаў даводзілася быць санітарамі, трафейнымі і пахавальнымі брыгадамі, падносчыкамі снарадаў. Іх баявое жыццё радавых воінаў было насычана небяспекай і смерцю, і, вядома, у ім было месца подзвігу”.


Узнагароды і дакументы Міхаіла Чаркашына. Фота: Іван Ждановіч

Мне балюча ад таго, што мае сённяшнія пытанні да бацькі, удзельніка Вялікай Айчыннай, застануцца без адказу. Ці снілася яму яго вайна, яго сябры? Як доўга ён не мог яе забыць і ці забыў? Ці пісаў жонцы і сыну, якія разам з яго маці Кацярынай, старэйшай сястрой Вольгай і двума яго маленькімі пляменнікамі Валянцінай і Алегам хоць і нядоўгі час, але былі ў акупацыі, пісьмы з фронту… Падаецца, сёння я змагла б, робячы гэта асцярожна, бацьку разгаварыць. У той час, калі ён быў жывы, мы, рэдкія госці ў бацькоўскім доме, гаварылі больш пра жыццё. Толькі па асобных татавых рэпліках, маміных аповедах і тых дакументах, якія яна захавала, я магу акрэсліць тэрыторыю бацькавай вайны, не паглыбляючыся ў тую страшную рэальнасць, у якой ён 24 гадзіны ў суткі жыў тры з паловай гады: больш за тысячу трыста дзён і начэй…

Тата пайшоў з жыцця ў 16 студзеня 1993-га, праз 48 гадоў пасля таго, як цяжка паранены менавіта 16 студзеня 45-га, быў эвакуяваны ў 414-ы шпіталь, у Екацерынбург, тагачасны Свярдлоўск. Памятаю, як ён гаварыў “…і адправілі мяне ў Свэрдлаўск…”  з характэрным для нашай Ваўчаншчыны вымаўленнем, з націскам на першы склад. Сёння я магу толькі меркаваць, што бацька расказаў бы пра “сваю” вайну, якую пачаў 24 чэрвеня 41-га і скончыў у красавіку 45-га. Гэтыя даты я спачатку знайшла ў яго чырвонаармейскай кніжцы і ў ваенным білеце. І пра тое, што бацьку больш за тры месяцы лячылі менавіта ў 414-м шпіталі, даведалася з яго дакументаў. Там, у Екацерынбурзе, на вуліцы Маміна-Сібірака, 145, на будынку Дома прамысловасці ў цяперашні час усталявана мемарыяльная дошка з шэрага мармуру ў памяць аб шпіталі №414…

Гэта было прамое пападанне ў штаб, гаварыў тата. Вельмі перажываў, успамінаючы, што ў дзень артабстрэлу і налёту варожай авіяцыі, 16 студзеня 45-га, загінула шмат маладых дзяўчат-сувязістак. Дзе гэта адбылося? Па звестках, узятых у інтэрнэце, прасочваючы шлях 51-й дывізіі, магу выказаць здагадку: пад Ліепаяй, калі ішлі яны на Кенігсберг. Яшчэ бацька гаварыў, што выцягнулі яго з-пад завалаў сябры па аркестры — армянін па прозвішчы, здаецца, Баграмян і яўрэй Міхаіл Чарпакоў. Абодва заўважылі “Мішкаў” валёнак, падшыты скурай, з характэрным для “почырку” бацькі буйным шыўком. Ён і сябрам па аркестры, расказваў, падшываў валёнкі. Дарэчы, навыкі набываў з 12 гадоў, калі быў чаляднікам у шаўца. Вось і атрымліваецца, што гэтае рамяство выратавала яму жыццё.

Я быццам бачу яго, той валёнак, які тырчаў сярод руінаў. І татавых сяброў. Баграмяна ён так і не знайшоў. Усё хацеў у Маскву паехаць на дзень Перамогі. Нават я яшчэ ў студэнцкія гады загарэлася ідэяй трапіць да Крамлёўскай сцяны, дзе кожны год збіраюцца ветэраны ў надзеі сустрэць сваіх аднапалчан. Мне шкада, што так і не знайшла магчымасці туды з бацькам з’ездзіць… А вось на Курскай дузе ён пабываў з нагоды адной з юбілейных дат Перамогі: ад Ваўчанскага раённага ваенкамата вазілі ветэранаў да знакамітага мемарыяльнага комплексу ў гонар герояў Курскай бітвы, які адкрылі 3 жніўня 1973 года. Памятаю, як расказвала маці: тата быў вельмі задаволены. А з Міхаілам яны сустракаліся двойчы, сем’ямі. Разам з жонкай той прыязджаў у Ваўчанск, а ў 1981-м — бацькі з візітам у адказ пабывалі ў гасцях у Чарпаковых у Рызе. Тата гаварыў, што “Мішка пісаў кнігу пра музыкантаў вайны”. Не ведаю, ці атрымалася ў Міхаіла Рыгоравіча выдаць кнігу. Можа быць, ён паспеў…

Калі б ведаць… Калі б аб тым ведаць, як мне падаецца, я стала б душэўна багацейшай, прачытаўшы і пра тое, як ваяваў мой бацька. А так — толькі кароткія фразы, накшталт гэтых, узятых з розных інтэрнэт-крыніц:  

“…У ноч на 26-га студзеня 1943 года камандуючы Данскім фронтам К. К. Ракасоўскі даў загад прарвацца на Мамаеў курган і завяршыць расчляненне рэшткаў акружаных нямецкіх войскаў. Раніцай гэтага дня пад музыку аркестра воіны 51-й дывізіі перайшлі ў атаку і разам з часцямі 121-й танкавай брыгады і 52-й дывізіі на схілах кургана злучыліся з часцямі 13-й гвардзейскай і 284-й стралковай дывізій 62-й арміі — ваенная, а разам з ёй і гістарычная задачы былі выкананыя…”  

Да падзей таго ж перыяду адносяцца і ўспаміны сяржанта-асецінца Азамата Кайтукова, якія і прыводжу:

“…Кайтукоў ваяваў у складзе 158-га гвардзейскага стралковага палка 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Быў удзельнікам Сталінградскай і Курскай бітваў, аперацыі “Баграціён” у Беларусі. Самы памятны бой для Азамата Кайтукова быў падчас Сталінградскай бітвы. Аднойчы ўвечары ў аддзяленне Кайтукова прыйшоў камандзір роты і сказаў, што досвіткам пачнецца наша наступленне. І дадаў: “З музыкай пойдзем, таварыш сяржант!” На досвітку рота аўтаматчыкаў заняла зыходныя пазіцыі для атакі. Сюды ж падцягнуліся палкавыя музыкі на чале з капельмайстрам У.Я. Філатавым. Вось у небе ўспыхнула ракета. І тут жа грымнуў “Інтэрнацыянал”. Ударыла артылерыя. “Ура! Ура!” — раздалося над акопамі, і гвардзейская дывізія рушыла наперад…  

Мой бацька, дывізіённы музыкант, таксама быў там. А потым разам са сваімі таварышамі па аркестры дапамагаў параненым. Гэта я магу цяпер сцвярджаць, дзякуючы бясцэнным звесткам з інтэрнэту, якія праліваюць святло, што майму бацьку, акрамя выканання абавязкаў музыканта, даводзілася рабіць падчас вайны. Сын літаральна на днях, калі вялікая частка матэрыялу была напісана, знайшоў іх у электронным банку дадзеных “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (www.podvignaroda.mil.ru/). На маю вялікую радасць, вывучаючы архіўныя дакументы, убачыла прозвішча — Філатаў. Ды гэта ж той самы чалавек, пра якога згадвае Кайтукоў! Аказваецца, капельмайстар, гвардыі старшы лейтэнант У.Я. Філатаў, прадстаўляючы Міхаіла Чаркашына да ўзнагароджання медалём “За баявыя заслугі”, ва ўзнагародным лісце ад 10 снежня 1943 года ў графе “Подзвіг” напісаў:

“...Тав. Чаркашын, працуючы ў МСБ (медыка-санітарны батальён. — Аўт.) у якасці санітара-насільшчыка да работы адносіўся добрасумленна. За час баявой аперацыі з 8.ХІ.1943 г. па 13.ХІ.1943 г. сістэматычна бесперабойна падаваў параненых у прыёма-сартавальны і аперацыйны ўзвод. Тав. Чаркашын, не ведаючы ні стомленасці, ні адпачынку  садзейнічае найхутчэйшаму аказанню дапамогі параненым байцам і афіцэрам і эвакуацыі іх у ПРШ… (Палявы рухомы шпіталь. — Аўт.)”. А 27-га снежня ўжо быў выдадзены загад аб узнагароджанні майго бацькі. Яшчэ раней ён атрымаў медаль “За абарону Сталінграда”. І ў яго чырвонаармейскай кніжцы ёсць такі запіс. Цытую даслоўна:

“За ўдзел у паспяховым разгроме Сталінградскай групоўкі праціўніка аб’яўлена 2 падзякі т.Сталіным. Узнагароджаны медалём “За абарону Сталінграда” ў 1943 годзе (загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 снежня 1942 года. — Аўт.)”.

З гісторыі мы ведаем, што Сталінградская бітва працягвалася з 17 ліпеня 1942 па 2 лютага 1943 года.

У тым жа годзе бацьку аб’яўлена падзяка: за выдатныя баявыя дзеянні па ліквідацыі ліпеньскага нямецкага наступлення ў раёне Белгарада. У гісторыі гэтыя бітвы вядомыя як бітвы пад Прохараўкай і на Курскай дузе, якія доўжыліся з 5 ліпеня па 23 жніўня 1943 года. А 22 ліпеня 1944 года бацька ўзнагароджваецца другім медалём “За баявыя заслугі”. Чаму не “За адвагу”, як пра тое хадайнічае камандзір МСБ, гвардыі старшы лейтэнант Івашчанка, праз 70 гадоў меркаваць цяжка. Вось як гучыць ва ўзнагародным лісце прадстаўленне на медаль “За адвагу”:

“У перыяд дыслакацыі МСБ увесь час знаходзіўся ў пярэдняй групе. Працаваў дзень і ноч, не ведаючы сну і адпа­чынку, для найхутчэйшага аказання дапамогі хворым і параненым. Толькі за перыяд баявой аперацыі з 20.06 1944 года т. Чаркашын падаў у сартавальны ўзвод 450 параненых. У перыяд работы ў МСБ, а таксама падчас загрузкі ў МСБ прымае актыўны ўдзел у эвакуацыі параненых байцоў і афіцэраў. Карыстаецца аўтарытэтам у параненых. Тав. Чаркашын годны Урадавай узнагароды медалём “За адвагу”…

Вызваляў мой бацька і гарады Беларусі. На слыху ў мяне і аперацыя “Баграціён”, і Полацк, і Віцебск… Дарэчы, у бацькі было два раненні: 20 студзеня 1943 года — кантужаны, а 16 студзеня 1945, паўтаруся, цяжка паранены.

Ва ўзнагародным лісце ад 23 студзеня 1945 г. за подпісам палкоўніка Каваленкі, камандзіра 49-га Асобнага Полацкага Ордэна Аляксандра Неўскага і Ордэна Чырвонай Зоркі палка сувязі чытаю пра бацьку радкі, якія няхай і казённа гучаць, але чамусьці даходзяць да глыбінь свядомасці. І з цяжкасцю стрымліваю слёзы, востра ўсведамляючы, што так мала гаварыла бацьку пра тое, што люблю яго. І ні разу — пра тое, што ім ганаруся:

“Тав. Чаркашын, працуючы лінейным наглядчыкам (ва ўзнагародным лісце ў графе “пасада” напісана: тэлефаніст павозачны. — Аўт.), за кароткі прамежак службы паказаў сябе здольным выканаць любую пастаўленую перад ім задачу. 10.01.1945 выконваў абавязкі лінейнага наглядчыка. Не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця пад арт. агнём саперніка на працягу 25 хвілін ліквідаваў звыш 8 пашкоджанняў ліній сувязі, у выніку чаго забяспечыў бесперабойнай баявой сувяззю камандаванне. Сваімі практычнымі дзеяннямі заўсёды садзейнічае камандаванню роты паспяхова выканаць пастаўленую перад ёй баявую задачу. Пры выкананні службовых абавязкаў 16 студзеня 1945 года падчас бамбёжкі авіяцыі саперніка тав. Чаркашын быў паранены. Хадайнічаю перад ваенным саветам 6-й гвардзейскай Арміі аб узнагароджанні тав. Чаркашына ордэнам “Айчынная вайна 2 ступені”.

Я, на жаль, не ведаю, пры якіх абставінах яму ўручалі баявы ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені. Можа быць, гэта адбылося ў шпіталі…  

Так, добра, што чырвонаармейская кніжка бацькі захавалася. І чаму, думаю, ён ніколі яе не паказваў… На гэтае пытанне я таксама ўжо не атрымаю адказу. Нават, падаецца, з яе не выветрыўся татавы пах, такі знаёмы мне з дзяцінства. А можа, гэта ўсяго толькі псіхасаматыка… Гартаю ваенны білет бацькі, пасведчанне ўдзельніка вайны… Пазней, у 1987 годзе, яму выдалі і пасведчанне інваліда ВАВ. Бацька ганарыўся льготамі, якія атрымліваў, хоць ніколі пра тое не гаварыў. Але ў гутарках з суседзямі, седзячы на лавачцы, ён, як бы незнарок, не-не і кідаў пару слоў: вось, пенсію прынеслі… А пенсія інваліда ВАВ была вышэйшая, чым у яго равеснікаў, якія не ваявалі. Маці расказвала, як пераканала бацьку з нагоды яго 60-годдзя надзець пінжак з медалямі і сфатаграфавацца на памяць… Здымак і цяпер з намі. Адзначаючы чарговы татаў дзень нараджэння або дзень памяці, а таксама Дзень Перамогі, ставім гэтае фота разам з рыбацкім яго ліхтаром, запальваем свечку… А на 90-годдзе Марыі Пятроўны Чаркашынай (дарэчы, маці таксама была ўдзельніцай вайны) мы запрашалі ваенны аркестр — ушанаваць памяць яе мужа-франтавіка мелодыямі ваеннай пары і музыкай іх маладосці. Збіраючыся сямейным кланам, успамінаем і пра тое, што быў ён заўзятым рыбаком, ездзіў з вудамі на Северскі Данец, туды, дзе ў пачатку вайны ішлі бязлітасныя баі… Вось і сын цяпер са сваёй сям’ёй — рыбакі. Адбіліся дзіцячыя гады, якія ён праводзіў у летнія канікулы побач з дзедам. Рыбацкая тэма гучыць і ў яго арыгінальных майстарскіх работах. Адна з апошніх — свяцільня-лодка, дзе знайшлося месца і стылізаванаму ліхтару, які нагадвае татаў рыбацкі ліхтар.

Гэты рыбацкі ліхтар бацькі штогод запальваем на дзень ПерамогіА да 70-годдзя Перамогі мы сабралі ўсе сямейныя рэліквіі, якія маюць дачыненне да вайны. Вось медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. І другі ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, якім бацьку, як і многіх іншых ветэранаў ВАВ, узнагародзілі ў 1985-м. І пасведчанні да ордэноў і медалёў… І нашу памяць пра ветэрана Міхаіла Чаркашына мы таксама “сабралі”…

У дзень Перамогі прыгадалі, што любімай татавай мелодыяй была лірычная грузінская песня — “Суліко”, якую ён часам насвістваў. І гаварылі пра яго бескампраміснасць: бацька цярпець не мог злодзеяў і прыстасаванцаў, цаніў сваё слова, на якое часам быў круты. Як і ў кожнага з нас, у яго былі свае недахопы. І добрыя якасці. А калі ўжо нешта гаварыў, то абавязкова рабіў у тэрмін. Вось чаму ніколі не даваў пустых абяцанняў. Лёгка пазычаў грошы, ведаючы цану нястачы і голаду. Асабліва часта дапамагаў маладым музыкантам і суседзям, якія жылі на нашай вуліцы Падгорнай. А калі ў Юры, майго брата-трубач, нарадзілася дачка Вікторыя, здаралася, я гэта запомніла, садзіўся на ровар, любімы ім від транспарту, каб адвезці ў бідончыку свежы суп для нявесткі Любы. Любіў па тэлевізары глядзець футбол і хакей. І мне прывіў цікавасць да міжнародных матчаў. І да духавой музыкі. Любіў яшчэ, адыграўшы ўра­чыстасці на 1 мая на галоўнай плошчы Ваўчанска, пася­дзець пасля за сталом — прама ў двары, калі было цёпла, разам з раднёй, сярод якой бываў і мой стрыечны брат Алег са сваёй сям’ёй, лётчык-штурман, сын прапаўшага без вестак у 42-м камандзіра Чырвонай Арміі Івана Лугаўскога. Ведаю, што ягоныя ўнукі нядаўна разшукалі след дзеда: загінуў у 44-м і быў пахаваны недзе ў Эстоніі. Светлая і яму памяць.

І яшчэ карцінка з майго дзяцінства. Свята 1 Мая. Уся радня ў садзе, у ярку… Мой тата   варыць у вялікім вядры пеў­ня… Вясёлы, смяецца… Так заўсёды ў прыўзнятым настроі ён гатаваў паходны кулеш на агні. І ніколі, нават у святы, не піў больш за дзве чаркі гарэлкі.

На днях мы з мужам прыкінулі, колькі ж у майго бацькі, гвардыі радавога музыканцкага дывізійнага ўзводу 51-й стралковай дывізіі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Чаркашына прамых спадчыннікаў. Аказваецца, 10! І будуць яшчэ. Усе мы з’явіліся на свет, жывём, дзякуючы таму, што мой бацька не загінуў у той страшнай вайне. І пакуль сама жыву, паўтараць не стамлюся: дзякуй, тата, за Перамогу! Я табой вельмі-вельмі ганаруся.

Спадзяюся, ён мяне чуе.

Валянціна Чаркашына-Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter