Бацька за сына ў адказе. А сын – за бацьку

ГЭТЫЯ падзеі адбываліся амаль дзесяць год таму. Аднак праблемы той пары і сёння вельмі актуальныя. А галоўныя героі нарыса, Павел і Андрэй ПАЛЬЧЭХІ, бацька і сын, па-ранейшаму ля руля ААТ «Жвіранка» Шаркаўшчынскага раёна. Адно памянялася — сын стаў дырэктарам, бацька — яго намеснікам…

Рэцэпты эфектыўнага гаспадарання на зямлі, эканоміі і беражлівасці ад Паўла Пальчэха праз гады працягваюць прыносіць даходы ААТ «Жвіранка» Шаркаўшчынскага раёна

ГЭТЫЯ падзеі адбываліся амаль дзесяць год таму. Аднак праблемы той пары і сёння вельмі актуальныя. А галоўныя героі нарыса, Павел і Андрэй ПАЛЬЧЭХІ, бацька і сын, па-ранейшаму ля руля ААТ «Жвіранка» Шаркаўшчынскага раёна. Адно памянялася — сын стаў дырэктарам, бацька — яго намеснікам…

Як Пальчэх цвікі лічыў

Вы не чулі пра Паўла Пальчэха? Таго самага, што ў «Жвіранцы» на Шаркаўшчыне старшынёй быў яшчэ гадоў пяток таму? Шкада. З такім чалавекам сустрэцца, паслухаць, што шклянку адборнай кавы выпіць або добры спектакль паглядзець.

Увесь раён ведае, як ён у сельгаскааператыве «Вішнявец» цвікі лічыў. Даручыў цесляру падправіць падлогу на ферме. Выдаў кілаграм цвікоў. Той зрабіў што трэба і дакладвае аб гэтым.

— Дзе астатнія цвікі? — спытаў Павел Пальчэх.

— Дык у падлогу ж загнаў! — не можа дапяць, чаго ад яго патрабуюць, цясляр.

 — На падлогу ты расходаваў, я палічыў, дваццаць цвікоў. А ў кілаграм «соткі» лезе восемдзесят дзве штукі. Дзе яшчэ шэсцьдзясят два?

Тут работніку дрэнна стала. Вымушаны быў прызнацца, куды падзеўся лішак.

Вось слухаеш, бывала, якога старшыню і не ведаеш, што ён хоча сказаць. Словы нейкія абцяжараныя, казённыя. У Пальчэха ж кожнае слоўца іграе. Сакавітае, нібыта спелая антонаўка.

— Давялося і мне адзін раз дугой сена касіць! — выдаў ён.

— Як гэта — дугой?

— А так, што як летам касой не накасілі, то зімой куплялі, завозілі здалёку,— расшыфраваў Павел Пальчэх.

Аднак падобнае здарылася сапраўды толькі аднойчы, на першым годзе яго старшынёўства. Тады ён прыйшоў у гаспадарку ў студзені, і кармоў на фермах зусім не было.

А ўвогуле, Павел Пальчэх гаспадар быў адменны. Нездарма сам Уладзімір  Андрэйчанка (цяперашні старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а тады — кіраўнік вобласці) прывозіў ў «Жвіранку» на пачатку старшынь райвыканкамаў, начальнікаў упраўленняў сельгасхарча раёнаў, каб паказаць, як трэба па-сапраўднаму беражліва гаспадарыць на зямлі.

Ад такой «світы» ў іншага б і дух зацяла. Але не ў Пальчэха. Расказваў і паказваў ён лёгка, весела, прыпраўляючы аповед жартамі. Госці, нават самыя надзьмутыя, разварушыліся, смяяліся ад душы. Толькі ў старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Мечыслава Морхата (цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь) ці не стыла ў жылах кроў, і ён падаваў неўпрыкметку сігналы, каб Пальчэх скінуў абароты. Але той сеў на свайго «каня».

Дом – не пад ключ

Спачатку госці пажадалі агледзець пальчэхаўскую будоўлю. І яно зразумела. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у кожным раёне на гаспадарку ў сярэднім было ўзведзена не менш пяці дамоў за год. Не палацаў, якія дагледзець праблема, а прыстойных дабротных катэджаў.

Адразу здавалася, што ўся інтрыга ў «Жвіранцы» ў тым, што Павел Пальчэх ўзяўся будаваць не пяць, а дзевяць дамоў. Хтосьці мякка яму тады намякнуў: ці не надарвецца? На што ён дасціпна адрэагаваў:

— Летась я без усялякіх праграм гахнуў тры. А каб падварушыўся, было б і чатыры!

Госці пабывалі ў адным з такіх дамоў. Вялікая зала. Дзве спальні, кухня. Ёсць вадаправод. Сам дом на высокім мятровым фундаменце, ад чаго ўзнікае ўражанне лёгкасці і прыгажосці. Ля дома — вялікая гаспадарчая пабудова, па памерах мала ўступае жыллю.

— Хлеў, — пракаменціраваў Павел Пальчэх, — на дзве каровы, парсюка і каб сена пакласці.

Навошта дзве каровы? Маладыя сёння і адну не жадаюць мець? Ён з гэтым катэгарычна не згадзіўся.

Жывеш на вёсцы — трэба мець падсобную гаспадарку. Зарплата — зарплатай. Што яна пры сённяшніх цэнах? Паспрабуй апраніся, абстаноўку купі. Дзяцей вывучы ў горадзе! Не, на адну зарплату ніяк не выцягнеш. Падпітка патрэбна. За малако цяпер плацяць нармальна і па дзесяцідзёнках. Сена на адну карову сельгаскааператыў дае гатовае, а на другую вясковец пастараецца па канавах сам. З падсобнай гаспадаркі можна ўзяць пры жаданні больш, чым...

Павел Пальчэх не дагаворвае. Усе зразумелі і так, што ён хацеў сказаць. Усім усё больш і больш падабаецца пальчэхаўская сядзіба. І само сабой выплыла пытанне: колькі ж усё каштуе? Як змаглі жвіранкаўцы ўкласціся ў сціпла вызначаныя рамкі — трыццаць восем мільёнаў?  

І тут прыйшла пара здзіўляцца і чухаць патыліцу многім.

— Дзесяць мільёнаў рублёў! — ашарашыў Павел Пальчэх. — У 3—4 разы менш даведзенай нормы.

Многім тады падумалася, жартуе чалавек. Яўна хапіў праз край. Іншыя будаўнікі скардзяцца, што цяжка выйсці на зададзеныя параметры. А тут…

Павел Пальчэх па-свойму трактаваў замінку наведвальнікаў і паправіўся:

— Хаця трохі акругліў. Дакладней — дзевяць мільёнаў з хвосцікам!..

І ўжо потым раскрыў свае сакрэты:

— Матэрыялы закупляю загадзя. Вось і цяпер у мяне на чатыры дамы яны поўнасцю ёсць. Дошак гатовых не бяром. Самі нарыхтоўваем лес, распілоўваем на сваёй пілараме. Самі і сталярку робім: вокны, дзверы. Пад ключ дом не здаём. Падлогу і столь фарбуе, шпалеры клеіць, клумбы разбівае той, хто будзе ў ім жыць. Адно — эканомяцца грошы. Другое, калі чалавек сваё ўклаў, то і адносіны ў яго будуць да жылля не як у кватаранта. І, самае важнае, будуем мы гаспадарчым спосабам. А гэта значыць, што дзяржава нам выплачвае дзесьці трэць сумы кампенсацыі ад праектнага кошту дома.

Менавіта таму Павел Пальчэх не браў у банку ніякіх крэдытаў на будоўлю. Абыходзіўся сваімі сродкамі. Адкуль яны былі ў кіраўніка гаспадаркі?

«Без грошай ты – ніхто!»

Сельгаскааператыў «Жвіранка» размясціўся ў вёсцы Більдзюгі. Кажуць, вельмі даўно тут жыў польскі пан Більдзюг. Быў у яго маёнтак. Ад яго пайшла і назва вёскі. А вось сельгаскааператыў ахрысцілі «Жвіранкай», хаця і населенага пункта, нават хутара, такога няма.

— «Жвіранка» ад слова жвір, — тлумачыў Павел Пальчэх. — Жвіранкай мы завём жывёлагадоўчы гарадок у Більдзюгах. А стаіць ён сапраўды на жвіры. З гэтага гарадка і ідзе жыла, якая корміць усю нашу эканоміку. У тым ліку і  будоўлю.

На жывёлагадоўчым гарадку было завязана ўсё. Павел Пальчэх з яго пачынаў рабочы дзень і ім заканчваў. Найпершае для яго было забяспечыць жывёлу кармамі. Аднойчы, калі ўбачыў, што травы мала, замест вызначаных трыццаці гектараў кукурузы пасеяў дзвесце. Буракоў добра ўзяў. І надой атрымалі нядрэнны. Упершыню перавалілі за чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы за год.

Але як заатэхнік, а менавіта такая ў яго спецыяльнасць, кіраўнік гаспадарцы ведаў, што на травяных кармах усё роўна далёка не паедзеш. Патрэбны камбікорм. А на яго ж дзе набрацца грошай? Тады ён прыняў рашэнне набыць уласны міні-камбікормавы завод. Тым больш што зерня свайго хапала.

Калі такі завод зманціравалі, сабекошт аднаго кілаграма камбікорму стаў у два з паловай разы меншы, чым пакупнога. Тлустасць малака вырасла з 3,З да 3,8 працэнта. Надой сутачны пераваліў за дзесяць кілаграмаў. Гэта — зімой. Плюс на карову склаў за два кілаграмы.

— А што такое два кілаграмы? — гаварыў Павел Пальчэх. — У нас 560 кароў. Два кілаграмы плюса — гэта больш за адну тону малака. «Жвіранка» дае амаль трэць малака супраць усіх астатніх гаспадарак раёна. У бліжэйшым будучым мы можам «закрыць» увесь раён па малаку! — на поўным сур’ёзе заяўляў тады кіраўнік гаспадаркі.

І тут не было ніякай бравады. Малочны статак за год падвоіўся і склаў у гаспадарцы тысячу галоў. Для гэтага быў узведзены яшчэ адзін новы кароўнік з даільнай залай. Па прагрэсіўнай беспрывязнай тэхналогіі ўтрымліваліся бычкі і цяляты, 1200 галоў.

— Гэта вялікая эканомія грошай, электраэнергіі, — гаварыў Павел Пальчэх. — Падсцілка з торфу і саломы спрыяе «настрою» жывёлы. Не трэба ніякіх  транспарцёраў для выдалення гною. Бульдозер заехаў і высунуў. Ну і, канечне, у выніку — цудоўная арганіка. Не тое што жыжка з-пад транспарцёра. Арганікі мы штогод такім чынам рыхтуем 18 тысяч тон. Сама больш у раёне.

— Цяпер на мінеральныя ўгнаенні больш налягаюць, — паспрабаваў я паказаць сваю дасведчанасць.

— І мінеральных ўгнаенняў назапашана ў нас на ўвесь год па поўным раскладзе, а азотных нават і на два. Яны ж для зямлі, як лекі для хворага чалавека. Мінеральныя ўгнаенні вельмі каштоўныя. Але яны ніколі не заменяць арганікі.

Цікава было паслухаць Паўла Пальчэха, як ён разважаў пра фінансы:

— Усё вельмі проста. Штомесяц робім разлікі: прыход і расход. І лёгка лічыць. Дваццаць тон мяса за месяц здаём і дзесьці 170 тон малака. Хапае на зарплату і на гаспадарчыя патрэбы. Без грошай мы не бываем ніколі. Што такое грошы? Мой бацька яшчэ сказаў аднойчы: «Сын, май заўсёды грошы з сабой.   Выйшаў  без  грошай  —  ты   ніхто!» Дык вось, я заўсёды пры грошах. Ведаю, як іх лічыць, куды траціць. Можна даваць прадукцыю, атрымліваць грошы і распускаць іх без толку.

І тут ён прывёў прыклад, які сапраўды прымушаў задумацца.

Перад гэтым Павел Пальчэх якраз пабываў у Смалявічах, у нямецкага фермера. Там паказвалі, як германскімі трактарамі бульбу садзіць. Па-першае, аднаго трактара мала. Неабходны і ўвесь набор прычапнога інвентару. Ну а па другое, на гэту замежную цуда-тэхніку астранамічныя цэны.

— За такія грошы я магу купіць паўсотні нашых «Беларусаў», — даводзіў Павел Пальчэх. — І трактар наш ніколькі не горшы. Узяць «МТЗ-1221». Ідзе па любой глебе, з любым прычапным інвентаром. Наш «Беларус» заваяваў увесь свет, а мы яшчэ шукаем нешта?!

Заканчваючы размову пра фінансы, ён як бы між іншым паведаў, што вось здалі на днях 110 бычкоў і сур’ёзна папоўнілі касу кааператыву. Грошы сёння можна зарабіць. Галаву толькі трэба мець!

«Іначай нашага брата не возьмеш»

Павел Пальчэх з’явіўся ў «Жвіранцы» пасля трагічных падзей. Пайшоў з жыцця Антон Марціновіч, які доўгія гады ўзначальваў гаспадарку і зрабіў яе адной з лепшых у раёне. «Згарэў» чалавек, як прынята гаварыць, на рабочым месцы.   

— Пачаць з нуля куды лягчэй, — прызнаваўся ён. — Там бачыш вынік. Падтрымаць добрую гаспадарку на ўзроўні і пайсці далей — задача куды больш цяжкая.

Удалося яму гэта дзякуючы парадку і дысцыпліне.

— Парадак і ёсць парадак. Тут не ўбавіш — не прыбавіш. І не ў тым сэнсе, што толькі чыста. Парадак у рабоце павінен быць! — гаварыў Павел Пальчэх. — Вось мы рамантавалі тэхніку з восені. Аддаў я загад адладзіць пасяўную. Яна найперш спатрэбіцца. А з астатняй, маўляў, і па вясне разбяромся. Не выйшла. Ва ўборачную праблемы ўзніклі. Закаяўся я больш так рабіць. Павярнуў справу іначай. На кожны агрэгат — канкрэтны нарад. На сеялку, дапусцім, столькі дзён і столькі рублёў. На камбайн — столькі. Зрабіў, можаш браць адпачынак. Зіма, мароз, снег, а ў нас усе зернеўборачныя камбайны на хаду. За выключэннем двух. Рухавікі на завод аддалі з іх.

Калі гаварыць пра тэхніку далей, то мы па грашах ходзім і яшчэ хочам, каб дзяржава нам давала. Што найбольш часта выходзіць са строю? Паліўная апаратура, а таксама электраабсталяванне. А паспрабуй завезці помпу паліўную, генератар у «Сельгастэхніку»? Дзевятнаццаць кіламетраў туды і столькі ж — назад. І не возьмеш адразу. Бо не ў аднаго цябе паляцела. Праз дні два толькі забярэш. І зноў кіламетры матаеш да райцэнтра. А трактар прастойвае дарагі час у загонцы. Карацей, заказалі мы сабе дарогу ў «Сельгастэхніку». У сваіх майстэрнях адчынілі пункт тэхабслугоўвання. Усю паліўную апаратуру і абсталяванне цяпер рамантуе наш спецыяліст Дзераба. Чалавек — залатыя рукі. І танней выходзіць у разы два. І за гадзіну-другую ўсё гатова.

Дзякуючы пункту тэхнічнага абслугоўвання робім і рэгуліроўку паліўнай апаратуры. Ведаем дакладна, колькі саляркі расходуецца, каб пасеяць гектар зерневымі. Павялічыўся расход — зараз жа трактар на ПТА. Там спецыяльнай апаратурай, пад ціскам, праверым фарсункі. Установім так, як належыць.

Наогул, калі гаварыць пра гаручае — гэта золата. І за кожную кроплю мы змагаемся. І не толькі настройкай паліўнай апаратуры. Не сакрэт, што з наступленнем вясны многія ўладальнікі прыватных машын на запраўку едуць у поле да трактара. Таннае гаручае — і механізатару калым. У нас падобнае выключана. Вечарам астатак паліва ў баку трактара замяраецца спецыяльнай лінейкай. Дадзеныя заносяцца ў журнал, які здаецца вартаўніку. Раніцою зноў замер гаручага. Вартаўнік перадае тэхніку яе ўладальнікам. Не хапае — плаціць. На ранішняй нарадзе з журнала мы бачым, колькі ў каго паліва і колькі патрэбна дабавіць, каб выканаць тую ці іншую работу. Як хочаш, а ў ліміт павінен укласціся. Выпаліў лішні літр — плаці! І калыміць на паліве стала надта нявыгадна. Спусціш па адной цане, а кампенсаваць даводзіцца па большай, удвая.

Тое ж і на фермах. Таксама падлічылі ліміт расходу электраэнергіі на асвятленне, транспарцёры, халадзільнікі. Перавысілі — трэба плаціць! Толькі не работніку, а спецыялісту, замацаванаму за гэтай фермай. І, паверце, больш вада не цячэ проста так з кранаў і лямпачкі дарэмна не гараць. Толькі рублём. Іначай нашага брата не возьмеш.

Парушальнікі дысцыпліны губляюць столькі, што павінны дзесяць разоў падумаць, каб адважыцца на нейкі нядобры ўчынак. У нас агароды насельніцтва вынесены ў адно вялікае поле. Сельгаскааператыў вырошчвае людзям і збожжа, і бульбу, і кароў нават пасе. Але гора таму, хто правінаваціўся. Ён пазбаўляецца ўсіх ільгот у «камуне». Так мы называем агульнае поле. Плаціць прыйдзецца па поўнай шкале. Адзін трактарыст спакусіўся і загнаў за бутэльку прычэп дроў. А згубіў у выніку ў сотню разоў больш. Не гаворачы пра маральны бок.

Але я не перастаю паўтараць: «Пакаранне павінна быць справядлівым!» У нас звычайна ніхто не абскарджвае «прыгавор».

Мы стараемся арганізаваць як след работу, каб чалавеку проста не было часу на парушэнне дысцыпліны. Даём магчымасць зарабіць. Вось у нас столінцы на будоўлі летась працавалі, бацька з сынам. У іх заўсёды былі і матэрыялы неабходныя пад рукой, і тэхніка. Потым яны прызналіся, што нідзе больш не страчалі такой арганізацыі працы.

«Санаторый» для Паўла Пальчэха

Рабочы дзень кіраўніка ААТ «Жвіранка» пачынаўся ў 5 гадзін раніцы. З фермы. Потым у сем — нарада. З-за плоймы спраў за дзень дух перавесці не было як. Вяртаўся дахаты апоўначы. Як сноп валіўся на пасцель. А на світанку зноў па крузе...

— Трыццаць год вось так, калі быў яшчэ ў калгасе імя Гагарына брыгадзірам і галоўным заатэхнікам, старшынёй у «17 верасня», а цяпер — у «Жвіранцы».

— Вы ж так на знос працуеце, — дакараў яго як стары знаёмы. — Ад такіх касмічных перагрузак дзе знайсці санаторый адпаведны, каб сілы ўзнавіць?

— А ні ў адным санаторыі так і не давялося пабыць, — развёў ён рукамі. — І ў адпачынку ні разу не быў!

— Ды вы што?!

— Як ёсць, так і гавару.

— Ну і...

— Ну і «заляцеў» два разы ў рэанімацыю. «Матор» забарахліў. Вот і папрасіўся я тады ў «санаторыю» — у старшыні Більдзюжскага сельскага Савета.

— Але ж і гэта пасада не такая спакойная?

— Яно так. Але ў 5 гадзін вечара — ужо вольны казак. Як аб’явіўся на парозе хаты першы раз вечарам у 5 гадзін, мая жонка ажно заплакала ад радасці: «А мой жа ты мужычок! А няўжо ж ты заўсёды цяпер будзеш так рана прыходзіць?!»

Не ведаў спачатку, куды сябе падзець. Ну, па гаспадарцы пачаў жонцы падмагаць. Карову прывяду і адвяду. Градкі ўскапаю. Веранду ашаляваў.

— І колькі ж вы пабылі ў сваім «санаторыі»?

— Ды год, — выціснуў такім тонам, нібы выкрасліў яго з жыцця.

На самай справе за адзін год няўрымслівы і неспакойны Павел Пальчэх перавярнуў столькі, колькі некаторыя старшыні за ўсю сваю шматгадовую кар’еру. Першым чынам выкупіў, а хутчэй за ўсё дастаў трактар Т-25, навесіў на яго цыркулярку і арганізаваў пенсіянерам, нямоглым і адзінокім, распілоўку дроў. У калгасе імя Кутузава, цяперашняй «Жвіранцы», разжыўся камбайнам і трактарам «Беларус», чым вырашыў пытанне з абмалотам збажыны. Пасля ўзяўся за добраўпарадкаванне. Паставіў платы з частаколу ў вёсках. Прывёў у належны выгляд усе пяць могілак. На цэнтральных, більдзюжскіх, агароджу зрабіў з металу. Па нейкаму блату ці сувязях дастаў для гэтага адходы штампоўкі на адным з мінскіх заводаў.

Было ў планах Паўла Пальчэха ўтварыць пры сельскім Савеце механізаванае звяно па аказанні платных паслуг. Прыкідваў ён, што гэтым можа Савет і сялянам дапамагчы лепш, і зарабіць нейкі рубель.

Аднак прыйшла вясна, і яго зноў пацягнула ў поле. Там ён даваў парады: як і дзе сеяць, як лепш трымаць дысцыпліну. Апынуўся, словам, зноў у сваёй стыхіі.

І раённае начальства прапанавала яму калгас імя Кутузава. Цяперашнюю «Жвіранку». Павел Пальчэх, каб і хацеў, не мог адмовіцца. На гэта былі свае прычыны.

«Адзін не спраўлюся»

Мы мірна гутарылі, калі ў кабінет кіраўніка гаспадаркі заглянуў хлопец. Асмуглы, падцягнуты, у скураной куртцы і гумовіках.

— Знаёмцеся, сын Андрэй, мой намеснік, — прадставіў яго Павел Пальчэх.

Стала неяк не па сабе. Гэта, канечне, мо і арыгінальна: бацьку ўзяць сына да сябе. Але ж як людзі на гэта глядзяць? Вось і распісвай пасля гэтага?!

Павел Пальчэх нібыта прачытаў мае думкі і паведаў наступнае.

Андрэй пасля заканчэння мінскага БАТУ атрымаў спецыяльнасць інжынера. Трапіў у калгас імя Кутузава. Узяў яго старшыня гаспадаркі Антон Марціновіч намеснікам па інфармацыі. Але ён быццам адчуваў, што жыць засталося зусім нічога, і перадаваў хлопцу ўсё, што ведаў сам: і як сеяць, і як жывёлу даглядаць, і як з людзьмі ладзіць і зямлю сваю любіць.

І калі Антона Марціновіча раптоўна не стала, якраз у разгар палявых работ, Андрэй здолеў паспяхова завяршыць пасяўную. Месяцы тры не выбіралі новага старшыню. Абавязкі выконваў Андрэй. Яго не паставілі. Мо перастрахаваліся — малады. Усяго дваццаць чатыры гады. А гаспадарка — адна з мацнейшых у раёне. Не сталі рызыкаваць і папрасілі на гэту пасаду бацьку Андрэя — Паўла Пальчэха.

Так Пальчэхі, бацька і сын, аказаліся побач. Кіраўнік гаспадаркі не нарадуецца на свайго памочніка:

— Хлопец талковы, слоў няма. Спакойна магу ехаць у любую камандзіроўку. Ёсць цяпер каго за сябе пакінуць!

— А не «сватаюць» хлопца?

Пальчэх-старэйшы падазрона паглядзеў на мяне:

— Адкуль ведаеце? У дзве гаспадаркі старшынёй прапаноўвалі. Ледзь адбіліся. Сказаў я, што ў мяне здароўя няма. Адзін не спраўлюся. Адсталі.

Заўважыў яшчэ тады, што нешта ў Пальчэхаў не тое. Ёрзаюць, вочы гараць у абоіх. І тут выяўляецца — у іх свята. І не абы-якое! У Андрэя сын нарадзіўся!

Уяўляў, што будзе на хрэсьбінах. Мне прыгадалася, як Пальчэх-старэйшы гаварыў: «Па натуры я — цыган! Люблю коней! Яны ў мяне, як лялькі. На любое поле даставяць. А то ператварыліся некаторыя старшыні, не раўнуючы, у дарожных майстроў. Ад машыны, асфальту — ні на крок».

Запражэ Павел Пальчэх буланых у «лінейку», званочкі павесіць пад дугой і дасць волю эмоцыям. А што іх утрымліваць?! Унук нарадзіўся! Яшчэ адзін Пальчэх на зямлі!

...ПЯЦЬ год таму назад Пальчэхі, бацька і сын, памяняліся месцамі. Андрэй узначаліў гаспадарку, а Павел Фёдаравіч стаў у яго намеснікам па будаўніцтву. За гэты час узведзена яшчэ адна малочна-таварная ферма, дзве даільныя залы. Адна ферма закладзена. Дойны статак дасягнуў дзвюх тысяч галоў. Летась у ААТ «Жвіранка» сабрана на круг звыш 41 цэнтнера зерневых. Гэта ўпершыню ў гісторыі гаспадаркі і адзін з лепшых вынікаў у раёне. Як гаспадарыць Пальчэх-малодшы, едуць паглядзець з вобласці і ўсёй рэспублікі.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН».

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter