Чаму навучыць мудры тата?

Бацька. Успаміны дачкі

Мая суседка Шура — добры, адкрыты, ветлівы чалавек. Нарадзілася, правяла дзяцінства і маладосць на Украіне, але лёс жонкі вайскоўца пакідаў па свеце і нарэшце прызямліў у Беларусі, якую яна лічыць сваёй другой малой радзімай. У паўсядзённых турботах і размовах шмат чаго не заўважаеш. Ну, чалавек і чалавек, што ў ім такога асаблівага? Але неяк давялося нам доўга паразмаўляць пра тое, пра сёе, як кажуць. Я запыталася пра сям’ю: кім былі бацькі, як і дзе жылі... Маці яе я ведала, тая жыла разам з дачкой, год таму памерла. Але размова пра бацьку, а дакладней, пра тое, як і чаму ён навучаў сваіх дзяцей, адразу прыцягнула маю ўвагу. Я не магла адарвацца ад яе аповеду. Уразіла, як просты вясковы мужык мудра ставіўся да выхавання сваіх дзяцей.

Рыгор Іванавіч РАГАВЕНКА

У Рыгора і Марыі Рагавенкаў з украінскай вёскі Еліна было двое сыноў і малодшая дачка, тая самая Шура. Гора іх, на жаль, не абмінула: сыны, якія паспелі абзавесціся жонкамі і дзецьмі, пайшлі з жыцця адзін за адным, Шура засталася адна ў бацькоў.

Працаваў Рыгор шаўцом, рамантаваў абутак, шыў хромавыя боты, буркі. Калі кліент быў багацейшы, браў за работу 30 капеек, астатніх адпраўляў з Богам. Трымаў пасеку. Хочаш мядком пачаставацца – купляй, захварэў – бяры дарма і лячыся.

— Такога чалавека, як тата, я больш не сустракала. Ведаеш, я толькі з гадамі стала ўсведамляць, які ён быў. Мае бабуля і маці як жанчыны былі больш эмацыянальныя. Калі я, напрыклад, не вучыла верш, а гойсала па вуліцы, яны адразу шукалі дубец з яскравым намерам адлупцаваць. Бацька іх супакойваў: “Ідзіце, разбяруся сам”. Спачатку прапаноўваў: “Ну што, дачушка, сядай паразмаўляем”. Памятаю, як аднойчы пасадзіў мяне за стол і сказаў: “Ты павінна разумець, што ты дзяўчынка. Гэта азначае не толькі прыгожа хадзіць, прыгожа гаварыць, прыгожа апранацца. Трэба быць прыкладам для пераймання. Каб ішла ты па сялу, а людзі казалі: “Во, дачушка Іваныча пайшла”, а не: “Во, Грышкава дачка паперлася”. Павінна разумець, калі са старым чалавекам ты прывіталася і дзесяць разоў на дзень, для цябе гэта толькі плюс. Дрэнна, калі прайшла міма і ні разу не прывіталася — гэта адразу сто мінусаў”.

Украінская мова, на якую ад хвалявання часам пераходзіла субяседніца, дабаўляла гаворцы яшчэ большага каларыту і цеплыні.

— Мы ўсе, напэўна, у дзяцінстве церабілі чужыя сады. Аднойчы і я палезла ў сад да суседкі, мне, можа, гадкоў дванаццаць было. Раніцай брат расказаў тату пра гэты выпадак. Той пытае: “Гавары, што было. Чаго да бабы Адаркі лазілі? Бралі яблыкі?” Калі прызналася, бацька не крычаў, толькі спакойна наказаў: “Забірай іх і ідзі да Адаркі. Прасі прабачэння і гавары: “Паважаная баба Адарачка, я ўкрала ў вас яблыкі і больш такога рабіць не буду”. Ведаеш, як бывае цяжка людзям прасіць прабачэння, прызнаць сваю віну? Нават дарослым, а тут дзіця! Але не магла не паслухаць бацьку. Пайшла да Адаркі, глытаю слёзы, прашу прабачэння, а яна мне: “Дзіцятка, Бог з імі, з тымі яблыкамі, еш на здароўе. Галоўнае, ты зразумела, што так нельга рабіць”. Я на ўсё жыццё зараклася браць не сваё. І ўсе гады ўспамінаю тату. Наколькі трэба было быць мудрым, каб стрымаць крык і гнеў, а проста навучыць дзіця самому выпраўляць памылкі і адказваць за свае дзеянні.

Была ў бацькі адна слабасць: вельмі любіў глядзець балет па тэлевізары, бо для простага вяскоўца вялікія залы тэатраў — недазваляльная раскоша. Заміраў ля экрана, і на той час навокал нічога больш не існавала для яго, адно сынам з захапленнем усклікаў: “Хлопцы, подивітыся! Яка ж краса! Це так потрібно тонко відчувати музику і вміти танцювати!”

А яшчэ, пражыўшы ўсё жыццё на Украіне, марыў аб тым, што пераедзе жыць у Беларусь. Чамусьці любіў яе, ставіў у прыклад. Дзякуючы яму лёс дачкі цесна звязаны з нашай краінай. Калі сям’ю зяця-вайскоўца перавялі з Камчаткі на Міншчыну, Рыгор прыпомніў, як яшчэ пасля вайны ездзіў у Мінск за баянам для старэйшага сына. “Ведаеш, якія людзі там жывуць? Вельмі добрыя. У іх яшчэ Бог у душы, – даваў наказ дачцы. – Паедзь паглядзі, не пашкадуеш. Галоўнае – не бойся”.

Прайшоў месяц пасля таго, дачка, ужо жыхарка суседняй дзяржавы, прыехала пагасцяваць у родную вёску. Першае пытанне: “Як табе ў Беларусі?” Шура ў адказ: “Татачка, я нікуды адтуль не паеду”. І вось ужо 30 гадоў яна лічыць сябе беларускай, чытае ўнуку кнігі і вершы на жывой і мілагучнай беларускай мове.

— Чытала Уладзіміра Ліпскага “Бацька. Пісьмы сына”, галасіла голасам, сваіх дачок прасіла паслухаць гэты твор. Усё маё дзяцінства праляцела перад вачыма. Потым была “Мама. Малітва сына”. Гэта мне настолькі блізкае і роднае, што не магу выказаць. Мабыць, так перадаць эмоцыі і перажыванні не можа ніводная мова, акрамя беларускай. Канечне, я часта ўспамінаю родную вёску і Украіну, па магчымасці наведваем магілкі родных. І братоў шкадую, і тату... Не хапае іх, а бацькі асабліва.

Рыгор заўсёды паважліва ставіўся да жанчын, сыноў гэтаму ж вучыў. Можна сказаць, што Марыя была шчаслівай у шлюбе. Разумела яна гэта ці не, хто яе ведае. Характар мела шалёны, успыхвала, як запалка. Магла вярнуцца з вуліцы і закрычаць на ўсю хату: “Ай, Рыгор, жукі з’ядуць бульбу! Застанемся галодныя! Што рабіць?!” Той супакойваў: “Маня, дарагая, ціха, не лямантуй. Усё павінна быць добра”.

– Я раней думала: лепш бы мяне бацька адлупцаваў калі, чым такім спакойным голасам вучыў розуму. Мама магла і перацягнуць па спіне, гэта нормай успрымалася. Але чамусьці запомніла я менавіта татавы ўрокі. Калі пры бацьку аднойчы стала крычаць на старэйшую дачку і хацела паставіць яе ў кут, ён вывеў мяне за руку ў суседні пакой: “Паслухай, дачушка. Калі ты паедзеш у Мінск і я не буду бачыць усяго, можаш праводзіць свае эксперыменты колькі захочаш, а тут – не. Уяві: наша хата круглая, няма ў ёй вуглоў. Трэба з дзіцём проста размаўляць, і толькі”.

У талковага гаспадара Іванавіча і на двары ўсё было па-гаспадарску. Калі ў вёсцы што-небудзь каму было трэба, ішлі да Грышы. Ніводнаму той не адмовіў. Любіў Рыгор і працаваць на зямлі, ставіўся да яе беражліва.

– Я некалькі разоў спрабавала апраўдвацца: “Нашто мне дбаць пра тую карову, калі мой муж ваенны? Дзе я буду тых свіней і курэй трымаць, хіба ў гарнізоне?” Бацька даваў адпор: “Дачушка, трэба ўсё ўмець, але не ўсё рабіць”. Былі ў яго і свае жыццёвыя мудрагелістасці для гаспадаркі: купленае парасятка трэба заносіць у хлеў заднімі нагамі, тады вагу будзе добра набіраць. Кураня абнесці тры разы пад ножкамі стала і пусціць – не сыдзе з двара. Не ведаю, ці гэта жыццёвыя забабоны, але па ўсім сяле наша карова больш за іншых малака давала, людзі казалі, што тварог і смятана ў нас самыя смачныя. Тата вучыў мяне неяк па-свойму завязваць мех з бульбай, які сам ніколі не развязваўся, а чалавек мог гэта лёгка зрабіць. Навучыў правільна касіць і па купінах, і на роўным полі. Дасканала засвоілі бацькаву навуку і мае браты.

Стаць беларусам Рыгор так і не паспеў. Дачка з мужам купілі невялічкую хатку ў Смалявіцкім раёне, у кастрычніку 2002 года планавалі забраць да сябе састарэлых бацькоў. Але за месяц да гэтага яго не стала... Паспеў жонцы сказаць: “Маня, як толькі пайду, бяры торбы і едзь у Беларусь да дачкі. Там будзеш жыць добра”. Марыя здзейсніла Рыгораву мару. Толькі пахаваныя яны ў розных краінах.

Вось вам і простыя людзі, якія не вучыліся ва ўніверсітэтах, а балет маглі паглядзець толькі па тэлевізары. А іх парады можна запісваць у дзённік, вучыць і паўтараць як мантры. Напрыканцы дабаўлю: за дзесяць гадоў ніколі не чула, каб Шура крыкам павучала дачок ці ўнукаў, хаця жывём з ёй дзверы ў дзверы. Засвоіла, выходзіць, бацькаву навуку.

chasovitina@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter