Былы партызан, баец 3-га Беларускага фронту Іосіф Дмухоўскі перад атакай адмаўляўся ад ста франтавых грамаў

Бацькаў сад

Былы партызан, баец 3-га Беларускага фронту Іосіф Дмухоўскі перад атакай адмаўляўся ад ста франтавых грамаў — смеласці яму і так хапала
Непадалёку ад срэбнаводнага бацькі-Нёмана раскінуліся прасторы Налібоцкай пушчы, што ў ваеннае ліхалецце ўкрывала ад лютага ворага народных мсціўцаў і жыхароў навакольных мясцін. У лясных гушчарах у брыгадзе камандзіра Булатава партызаніў васемнаццацігадовы Юзік Дмухоўскі з невялікай іўеўскай вёсачкі Пясевічы. Пасля паспяховага завяршэння Вільнюскай аперацыі і вызвалення Панямоння ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў змагаўся ў 5-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай гвардзейскай дывізіі, што ўваходзіла ў Трэці Беларускі фронт, якім камандаваў генерал арміі Іван Данілавіч Чарняхоўскі. Удзельнічаў ва Усходне-Прускай ваеннай аперацыі. Ветэран вайны і працы Іосіф Антонавіч ДМУХОЎСКІ ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, шматлікімі медалямі і граматамі.

Іосіф Антонавіч ДМУХОЎСКІ

Свайго адзінага наследніка, кемлівага ўнука Юзіка, дзед Мацей усёй душой любіў, але трымаў у строгасці. Не шкадаваў траціць часу на яго выхаванне. Браў з сабою на сенажаць, у лес, калі дровы нарыхтоўваў, вучыў за плугам хадзіць. Нядзельным ранкам і ў святы з бабуляй Ганнай хадзіў падрастаючы Юзік аж за 12 кіламетраў у касцёл вёскі Дуды. Дамоў вярталіся пад вечар. Хлопчык паспяваў яшчэ з дзедам у стайні жарэбчыка Каштана і рахманую кабылку Лысую напаіць, авечак даглядзець, зазірнуць у хлеў, дзе маці з бабуляй даілі кароў. Гаспадарку Дмухоўскія мелі вялікую. У хлявах трымалі яшчэ і свіней, чараду гусей. Куры вяліся самі па сабе. Вялікая працавітая сям’я жыла заможна. Любіў слухаць хлопчык пра прымацкае жыццё дзядулі, які з аддаленай вёскі Глазуны пасватаўся да заседжанай у дзеўках Ганны ў Пясевічы. Пасля імперыялістычнай і Грамадзянскай войнаў кавалераў неставала, і багатая сялянская сям’я Расейнаў ахвотна прыняла прымака. Два сыны і дзве дачкі выхавалі Ганна і Мацей. Старэйшы іх сын Антось, дочкі Катарына і Ганна завялі свае сем’і. Малодшы Юзік разам з сябрамі падаўся ў далёкую Амерыку зарабляць грошы. Так і не вярнуўся адтуль. 

У памяць пра загінуўшага за акіянам брата Антось свайго першынца назваў Юзікам, у якім дзядуля Мацей душы не чуў. Папоўнілі маладую сям’ю яшчэ сыночкі Ясь і Стасік. Радаваліся ім, будучым памочнікам у сялянскай гаспадарцы. Зямлі ў Дмухоўскіх было амаль 10 гектараў. З іх палова ворыўнай. Кожную вясну коньмі апрацоўвалі яе, засявалі і даглядалі пасевы, а потым і ўраджай збіралі. Упраўляліся руплівыя гаспадары, а ўвосень хлопчыкаў у школу адпраўлялі.

— Вучыліся ў суседняй вёсцы Лежнявічы, — успамінае далёкае дзяцінства дзевяностагадовы Іосіф Антонавіч Дмухоўскі. — Пасля апошніх пясевіцкіх хат вялікая кампанія збіралася. Праз лясок і выган ляжаў шлях да школы, дзе чакаў нас строгі настаўнік Дылеўскі. Спазненняў не цярпеў. Разам з сялянскімі дзецьмі вучыўся і сын ляснічага пана Пшэдваеўскага. Зімовым часам, калі сумётамі замятала шлях, панскі ляснічы на санях падвозіў свайго сына да школы і нас па дарозе падбіраў. Саджаў у павозку ўсіх, а сам ледзьве прымошчваўся. Аднойчы так падвозіў, і ў Лежнявічах паліцэйскі прыкмеціў, што конь не зацугляны. Спыніў яго, нас усіх высадзіў з павозкі, а на ляснічага склаў пратакол, што так небяспечна падвозіў дзяцей. Довад яго быў катэгарычны: з-за незацуглянага каня дзеці маглі атрымаць траўмы. Нічога ляснічаму не заставалася, як заплаціць 10 злотых штрафу. Але і пасля гэтага не мінаў нас на дарозе, а каня заўжды цугляў. Такі строгі парадак быў аднолькавы для ўсіх. 

Адзін настаўнік Дылеўскі выкладаў у школе ўсе прадметы. Калі хто з вучняў не ўсвойваў які ўрок, то настаўнік назаўтра паўтараў усё спачатку. Часу на тлумачэнні не шкадаваў, але і патрабаванні да нас ставіў высокія. Больш здатным вучням даваў дадатковыя заданні.

— Як апраналіся ў школу?

— Мне бацька купіў боты, а іншыя дзеці хадзілі ў лапцях. Кайстры ва ўсіх былі палатняныя. Падручнікі куплялі самі і шанавалі іх.

— У верасні пачыналіся заняткі ў школе, а на полі яшчэ шмат работы было. Сумяшчалі вучобу з працай?

— Бацькі клапаціліся, каб мы атрымалі веды. Пасля заняткаў, пакуль урокі не вывучым, на поле нас не бралі. Пасля сямігодкі, якую я закончыў перад усталяваннем ў нашай мясцовасці савецкай улады, меў магчымасць працягваць вучобу далей. Але мяне больш цікавіла праца на зямлі, да якой з маленства прызвычаіўся. Любіў назіраць за будаўніцтвам драўляных дамоў. Гадзінамі глядзеў, як спрытна цесляры працавалі сякерамі на новабудоўлі. Паланіў душу звон піл і перастук вострых сякер. Дзядуля ведаў пра маё захапленне і, як толькі выдаваўся час, вучыў склюдаваць бярвенні. Пераняў цяслярнае майстэрства і за сваё жыццё ў вёсках шмат драўляных пабудоў склаў.

— Іосіф Антонавіч, ваша юнацтва супала з часам карэнных перамен у Заходняй Беларусі.

— На пачатку верасня 1939 года мы яшчэ былі пад панскай Польшчай, на якую напала фашысцкая Германія. Многіх нашых вяскоўцаў забралі ў польскае войска. Мне толькі споўнілася сямнаццаць гадоў. У сярэдзіне верасня ў вёсцы, якая знаходзілася ў сарака кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы, з’явіліся чырвонаармейцы-разведчыкі на невысокіх конях мангольскай пароды. І паведамілі: устанаўліваецца савецкая ўлада. Польскія жаўнежы ад страху пакідалі зброю і шпарка паўцякалі на захад. Наш настаўнік Дылеўскі таксама кінуўся наўцёкі ў Польшчу. Больш мы яго ніколі і не бачылі. У лесе знаходзілі шмат зброі, пакінутай жаўнерамі. 

Атрады чырвонаармейцаў ішлі праз нашы мясціны далей на захад. Усёй вёскай сустракалі іх. Стаялі ціхія цёплыя вераснёўскія дні. Чырвонаармейцы браталіся з намі. Вяскоўцы частавалі вызваліцеляў, хто чым мог, але салдаты неахвотна бралі пачастункі, чамусьці пабойваліся нас. Яны чакалі сустрэчы з прыгнечанымі панамі сялянамі. А казалі нам, што жывём мы як сапраўдныя памешчыкі.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады нашу гаспадарлівую сям’ю раскулачылі. Коней і кароў забралі ў калектыўную гаспадарку. Бацьку вывезлі ў Сібір, і там ён быў амаль два гады. Перад вайной прыехаў дамоў, калі ўсім палякам дазволілі вярнуцца ў Польшчу. Бацьку ў калгасе даручылі працаваць ездавым, а маці пайшла ў паляводчую брыгаду. На лузе, дзе пасвіўся калгасны табун, нашы конь і кабылка, як толькі я падыходзіў бліжэй, ляцелі насустрач. Гладзіў іх, а калі выдавалася, то і купаў у Бярэзіне, што працякае за ваколіцай вёскі. 

Чэрвеньскім днём 1941 года бавіў час каля коней і пачуў нейкую гаману з боку вёскі. Кінуўся дамоў і даведаўся, што пачалася вайна. У суседняй вёсцы Лугамавічы былую гміну занялі акупанты. Моладзь прымушалі ісці ў нямецкую самаахову, пад якую ў Пясевічах занялі палову доўгай хаты Юзіка Бутрыма.

У гушчарах Налібоцкай пушчы ўжо збіраліся народныя мсціўцы. Іх прадстаўнікі ў нашай вёсцы правялі сустрэчу з жыхарамі, пасля якой многія сем’і падаліся ў партызаны. Разам з сябрамі дзяцінства, братамі Браніславам і Станіславам Расейнымі, Антосем Касюком, Браніславам Буяком, і я пайшоў у атрад. Прадстаўнікі партызанскага кіраўніцтва павялі нас па лясных сцежках у глыбіню пушчы. Крочылі больш як за дзесяць кіламетраў. Нас прыняў камандзір брыгады Булатаў, у якога не было адной рукі. З намі правялі размову і выдалі баявую зброю. Мне дасталася вінтоўка са штыком і абоймай патронаў. Размеркавалі ўсіх па зямлянках, дзе правялі першую ноч. 

— Хутка прызвычаіліся да партызанскага побыту?

— Стаялі сонечныя дні залатой восені. У зямлянках змуравалі печы, зладзілі ляжанкі. Месца ўсім хапіла. Зверху буданы замаскіравалі дзёрнам, каб нельга было іх з самалёта заўважыць. Камандзір роты абучаў нас ваеннай справе. Разам з баявымі сябрамі Банцарэвічам і Урублеўскім, якія прыйшлі ў атрад з суседняга мястэчка Бакшты, хадзіў на заданні. Некалькі разоў разам з імі бралі ў тыле ворага “языка”. 

— Рыхтаваліся да такіх аперацый?

— Звычайна фарміравалі групу з пяці байцоў, некалькі дзён вывучалі сітуацыю. Трое байцоў на заданне выходзілі ўзброенымі, а двое мелі пры сабе толькі  штыкі вінтоўкі і пісталеты. Гадзінамі патаемна сачылі і чакалі найбольш зручнага моманту, каб схапіць варожага салдата. Наляталі знянацку на яго, затыкалі рот і не давалі ачомацца. 

— Узвальвалі на плечы і цягнулі на сабе?

— Усё было дэталёва распрацавана. Трымалі за каўнер і гналі перад сабою да камандавання. Кожны ўзяты ў палон “язык” даваў шмат патрэбнай інфармацыі.

— Вам адразу даручалі хадзіць на баявыя заданні?

— Як толькі асвоіў баявую зброю, пайшоў у дзеючую групу. Баявым хрышчэннем у атрадзе стаў удзел у разгроме нямецкага гарнізона ў вялікай вёсцы Лугамавічы. Бой выдаўся даволі жорсткім. Шмат ворагаў палягло. І нашы два байцы загінулі. Пахавалі мы іх у лесе пад соснамі. Моцны ўдар наша брыгада нанесла фашысцкаму гарнізону ў вёсцы Лаздуны.

— Іосіф Антонавіч, вялікую шкоду акупантам наносіла “рэйкавая вайна”, якую вялі народныя мсціўцы па ўсёй Беларусі. Ці прымалі вы ўдзел у гэтай справе?

— Праз мястэчка Юрацішкі на Ліду і Маладзечна праходзіць чыгунка. Яе ўзмоцнена ахоўвалі акупанты. Але спакою ім і тут мы не давалі. Некалькі разоў хадзіў з баявымі сябрамі да Юрацішак на падрыў чыгуначнага палатна. 

— Чым дапамагала мясцовае насельніцтва народным мсціўцам?

— Сяляне навакольных вёсак і хутароў як маглі падтрымлівалі харчаваннем і адзеннем. Пераганялі ў лес свойскую жывёлу. Давялося нам перанесці і самы страшны момант партызанскай барацьбы — нямецкую блакаду. Карнікі акружылі нас з усіх бакоў і сціскалі кальцо. Трое сутак праляжаў я пад карчом у пушчы. Зусім побач тупалі боты акупантаў. Было гэта летнім часам. Паспеў замаскіравацца травою, і толькі галава крыху тырчэла. Перад блакадай мы атрымалі сухары, і яны ратавалі ад голаду. Добра, што прачосвалі яны лес без сабак. Страт за гэту блакаду наш атрад не панёс.

— Сувязь са сваякамі падтрымлівалі ў час знаходжання ў партызанскім атрадзе?

— Наведваўся часам да бацькоў, якія з хаты перабраліся ў зямлянку. Не рызыкавалі заставацца дома. 

Летам 1944 года ў ходзе паспяховых наступальных аперацый хутка вызваляліся беларускія гарады і вёскі. У атрадзе з’явіліся разведчыкі — чырвонаармейцы. На пачатку ліпеня наша мясцовасць была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

— Як склаўся ваш далейшы шлях?

— Пайшоў з дзеючай арміяй у напрамку Балтыйскага мора. Удзельнічаў ва Усходне-Прускай ваеннай аперацыі. Мяне залічылі ў пятую Арлоўскую Чырвонасцяжную гвардзейскую дывізію, 142-гі полк, трэці батальён, дзявятую роту 3-га Беларускага фронту, якім кіраваў генерал Іван Данілавіч Чарняхоўскі. Пешшу трымалі шлях на Кёнігсберг, вызваляючы беларускія і прыбалтыйскія гарады і вёскі. 

Як сведчыць франтавая хроніка, у студзені 1945 года войскі 3-га Беларускага фронту разам з 1-м Прыбалтыйскім фронтам удзельнічалі ва Усходне-Прускай стратэгічнай наступальнай аперацыі і падступілі да Кёнігсберга. У ходзе баявых дзеянняў была разгромлена нямецкая 3-я танкавая армія. Да завяршэння аперацыі савецкія войскі праніклі ў глыбіню да 130 кіламетраў. 

— Іосіф Антонавіч, як вы рыхтаваліся да атак? 

— Перад боем старшына насіў біклагу на плячах і наліваў байцам па сто франтавых грамаў. Але я чамусьці адмаўляўся. Смеласці мне і так хапала. Кожны бой — вялікая рызыка застацца жывым.

Асабліва цяжка даваўся кожны метр наступлення пры падыходзе да Кёнісберга. Вораг з усіх сіл імкнуўся трымацца. Нам паведамілі, што на досвітку паступіць каманда і пачнецца штурм горада. Адзіночным выстралам прагучаў пачатак аперацыі, і мы сталі біць па праціўніку з мінамётаў, кулямётаў і іншай зброі. Грымнула магутнае “у-р-рр-а!”, і байцы кінуліся ў атаку. Такіх атак было некалькі. У адной з іх я не паспеў апомніцца, як адчуў, што моцна запякло ў левай руцэ. Куляй секанула вышэй кісці і вырвала частку рукі. Пальцы ўмомант анямелі, палілася кроў. Я выхапіў з кішэні бінт і пераціснуў рану. Ляжаў у акопе, пакуль навокал не сціхла ўсё. Бой закончыўся, а я ніяк не мог зарыентавацца, куды паўзці. Нікога не бачыў. Спачатку папоўз, а потым падняўся і пайшоў па адкрытым полі. Трапіў да сваіх байцоў, якія адправілі мяне ў санчасць. Медсястра перавязала рану і накіравала мяне ў шпіталь. Амаль адзінаццаць месяцаў лячылі і камісавалі з другой групай інваліднасці.

Вярнуўся дамоў на Гродзеншчыну. Працаваць на зямлі не змог, вельмі рука пашкоджаная. Уладкаваўся ў Дубраўскае лясніцтва Іўеўскага лясгаса. Канём траляваў з ляснога гушчару бярвенні, складваў у штабелі. Даглядаў маладыя лесапасадкі. Мужчынскіх рук у першыя пасляваенныя гады на вёсцы не хапала. Чым мог, дапамагаў немаладым ужо бацькам па гаспадарцы. 

— Мо, удалося паўтарыць шлях дзеда Мацея-прымака?

— Прымаком не стаў, але пазнавата ажаніўся. У трыццацігадовым узросце пасватаўся да мясцовай швачкі Монікі Цыруль. Дзевяць дзяцей у іх сям’і, адзін аднаго даганялі. Яшчэ за польскім часам бацькі яе купілі нажную швейную машыну “Зінгер”. Усе навакольныя вёскі абшывала маці Монікі. Майстэрства швачкі пераняла дачка. Паспявала дзяўчына і на збор жывіцы ў сасновым бару. Разам з ёй працавала на лясных дзялянках і мая стрыечная сястра Гэлена, якая нас і пазнаёміла. Дзяўчына прыйшлася мне па сэрцы, і з дзядзькам Казімірам, братам маёй маці, адправіліся сватацца. У пасаг нявесце дасталіся карова і швейная машынка “Зінгер”. З гэтым багаццем і забраў яе ў сваю хату. Два браты, бацькі і я з Монікай жылі пад адным дахам. Разам вялі гаспадарку. 

Назапасілі грошай і набылі суседнюю хацінку. Моніка лоўка шыла мужчынскія і жаночыя паліто для вяскоўцаў і сваю сям’ю апранала. Пайшлі дзеткі. Старэйшы Віктар, за ім Франак, малодшы Мечыслаў і дачка Марына.

Выраслі дзеці, скончылі школу, раз’ехаліся хто куды. Два сыны жывуць у Маскве. Малодшы Мечыслаў скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхайла Ламаносава і стаў вядомым у Расіі журналістам. Ён кіруе часопісам і газетай “Собеседник”. З дзяцінства талент яго быў заўважаны. Прывёў яго ў першы клас, і настаўніца пацікавілася, што хлопчык ведае. Здзіўленнем для яе было, калі стаў на памяць табліцу множання расказваць. Скончыў школу з залатым медалём. Самы таленавіты ў нашай сям’і.

Звычайна на Дзень Перамогі ўсе дзеці, унукі і нават праўнукі віншуюць мяне. Даўно ўжо жыву ўдаўцом, але парадак у доме і на падворку трымаю. Такім мяне выхавалі. Перабраўся ў бацькоўскую хату, каля якой зямлі паўгектара. Хутка зацвіце наш стары сад, які яшчэ мы з братамі пасля вайны саджалі. Кожную восень адорвае ён шчодрым ураджаем. Летась у чэрвені дзеці прыязджалі на маё 90-годдзе. Шмат прыемных слоў пачуў у гэты дзень. Аднавяскоўцы з Пясевіч, прадстаўнікі Лелюкінскага сельсавета, раённыя ўлады віншавалі мяне з юбілеем. 

— За такі доўгі век, падараваны вам, які год самы памятны?

— Немагчыма забыць жахі вайны. Кожны момант усплывае ў памяці. На вачах гінулі баявыя сябры, якіх дома чакалі родныя. Сем дзесяцігоддзяў прайшло пасля Перамогі, а быццам учора ўзрываў з сябрамі-партызанамі чыгунку, ішоў з аднапалчанамі ў атаку.

— Іосіф Антонавіч, а з былымі партызанамі ці аднапалчанамі даводзілася пасля вайны сустракацца?

— Нікога не бачыў. Не ўсім выпала сустрэць вялікае свята Перамогі. Дагэтуль хвалюе мяне, што ў той дзень, як войскі 3-га Беларускага фронту акружылі горад Кёнігсберг, а было гэта 18 лютага 1945 года, загінуў камандуючы фронтам генерал арміі Іван Чарняхоўскі. Пахавалі яго ў вызваленым Вільнюсе. На магіле паставілі помнік. У шалёныя дзевяностыя гады новыя ўлады Літвы дэманціравалі помнік генералу-вызваліцелю і прах яго перазахаваны на Новадзявочых могілках Масквы, а помнік усталяваны на варонежскай зямлі, якую вызваляла ад нямецка-фашысцкіх акупантаў 60-я армія пад камандаваннем Івана Данілавіча Чарняхоўскага.

Уладзiмiр Субат

Іўеўскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter