85-летие Михаила Державина отметят на телеканалах

«Бацька хацеў, каб я быў мастаком»

15 чэрвеня акцёру i тэлевядучаму Мiхаiлу Дзяржавiну магло б споўнiцца 85 гадоў. Жыццё было да яго шчодрае, артыста любiлi i ў тэатры, i на эстрадзе, i на тэлебачаннi, i ў кiно — праўда, кiнематограф не так часта песцiў яго буйнымi ролямi, аднак кожная праца была запамiнальнай.

Мiхаiл Дзяржавiн нарадзiўся ў 1936 годзе ў Маскве, у сям’i аднаго з вядучых акцёраў тэатра Вахтангава Мiхаiла Сцяпанавiча Дзяржавiна. Дзяцiнства правёў на Арбаце, за два крокi ад тэатра, таму i лёс склаўся прадказальна: услед за бацькам стаў акцёрам. Хоць бацькi прадракалі хлопчыку лёс мастака. «Дзяцiнства, напэўна, самая шчаслiвая пара ў маiм жыццi, — успамiнаў Мiхаiл Дзяржавiн. — Арбат для мяне быў мiкрасветам, у якiм змяшчалася ўсё — i музеi, i тэатры, i кiнатэатры. У Тэатры iм. Вахтангава служыў мой тата Мiхаiл Сцяпанавiч Дзяржавiн, народны артыст. Яго знакамiтыя калегi жылi ў адным з намi доме, у якiм я жыву да гэтага часу. З усiмi акцёрамi я быў знаёмы... У нашай школе вучылiся акцёрскiя дзецi i будучыя акцёры Тэатра iм. Вахтангава. Побач са школай былi тэатральнае вучылiшча iмя Шчукiна i мой дом. Мне нiчога не заставалася, акрамя як перайсцi ў суседнi пад’езд i вывучыцца на артыста. Праўда, бацька хацеў, каб я быў мастаком. Я часам браў пэндзлi ў рукi, i яму падабалiся мае працы. Я нават хадзiў у мастацкую школу. Гэтыя заняткi мне потым дапамаглi — я рабiў смешныя грымы».

Тады ж, у дзiцячыя гады, ён пасябраваў з яшчэ адным будучым знакамiтым артыстам — Аляксандрам Шырвiнтам, хлопчыкi Мiша i Шура часта сустракалiся ў агульных знаёмых. Iх сяброўства працягнулася больш за 72 гады i натуральным чынам вылiлася ў тэатральнае, эстраднае i тэлевiзiйнае партнёрства.

Дзяржавiн скончыў Шчукiнскае вучылiшча, прычым паступаў на агульных падставах: «Педагогi вучылiшча ўсе былi акцёры Тэатра iм. Вахтангава, сябры майго таты. Але я паступаў на агульных падставах. Хоць, напэўна, мяне шкадавалi, таму што тата памёр рана — у 1951 годзе».

50 гадоў жыцця Мiхаiла Дзяржавiна звязаны з Маскоўскiм акадэмiчным тэатрам сатыры, куды яго ў 1969 годзе пераманiў з тэатра на Малой Броннай Андрэй Мiронаў. Услед за сябрам у тэатр прыйшоў i Аляксандр Шырвiнт. Разам з Мiронавым сябры нярэдка ўдзельнiчалi ў тэатральных капуснiках у Доме акцёра, якiя ў тыя гады збiралi мноства гледачоў.

А знакамiтым на ўвесь СССР Мiхаiла Дзяржавiна зрабiла праграма «Шынок 13 крэслаў» Цэнтральнага тэлебачання Дзяржтэлерадыё СССР, якую ён вёў з 1967 па 1980 год, да самага закрыцця праекта. У памяцi старэйшага пакалення Дзяржавiн назаўжды застаўся як Пан Вядучы. Артысты, якiя ўдзельнiчалi ў здымках, былi суперпапулярныя, iх называлi «шынкiстамi», а то i проста «крэсламi». З’яўленне на вулiцы суправаджалася крыкам: «Крэслы iдуць!» i раздачай аўтографаў. У 1985 годзе Дзяржавiн разам з Шырвiнтам вёў перадачу «Ранiшняя пошта», а з 2013 года сябры вялi праект «Хачу ведаць» на расiйскiм Першым канале.

Трыумф акцёра ў кiно адбыўся ў 1979 годзе. Трыа Мiронаў — Шырвiнт — Дзяржавiн блiскуча паказала сябе ў кiнакамедыi «Трое ў лодцы, не лiчачы сабакi» паводле рамана Джэрома К. Джэрома. Праўда, пасля здымак Дзяржавiн зноў засяродзiўся на тэатры, стаўшы ў Маскоўскiм тэатры сатыры адным з вядучых акцёраў, i вярнуўся ў кiно толькi ў 1990-я. «Бабнiк», «Мая марачка», «Жанiх з Маямi», «Трэцi не лiшнi», «Начны вiзiт» — хоць гэты перыяд i быў няпростым для кiнематографа, але на тонкую, iнтэлiгентную iгру Мiхаiла Дзяржавiна паглядзець заўсёды прыемна.

Юбiлей знакамiтага артыста адзначаць на тэлеканалах: так, «Расiя-Культура» 15 чэрвеня ў 12:20 прапануе праграму «85 гадоў з дня нараджэння Мiхаiла Дзяржавiна. Эпiзоды», а ў 13:00 гледачы змогуць убачыць Мiхаiла Дзяржавiна i Аляксандра Шырвiнта ў спектаклi Маскоўскага акадэмiчнага тэатра сатыры «Шчаслiўцаў-Нешчаслiўцаў» у пастаноўцы Сяргея Арцыбашава. Тэлеканал АНТ 20 чэрвеня ў 16:45 таксама прадстаўляе праграму да юбiлею акцёра, i называецца яна «Ва ўсiм вiнаваты Шырвiнт».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter