В Государственном литературном музее Янки Купалы открывается выставка Бориса и Оксаны Аракчеевых

Бацькаў дар

Ёй заўсёды казалі, што яна — копія бацькі. З дзяцінства яны шмат часу праводзілі ра­зам. А апошнія 15 гадоў удваіх працавалі ў адной майстэрні, пад самым дахам дома на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай у Мінску. У творчасці ён заўсёды быў для яе сябрам і галоўным настаўнікам. Хаця мастакі яны абсалютна розныя. 

Тэма беларускай прыроды — адна з вядучых у творчасці Барыса АРАКЧЭЕВА.
sb.by


Ужо не першы год да дня нараджэння вядомага жывапісца Барыса Аракчэева яго малодшая дачка Аксана ладзіць сумесныя выставы — своеасаблівыя творчыя справаздачы для таты. Яны не раз праходзілі ў розных гарадах краіны, традыцыя пачалася яшчэ пры жыцці Барыса Аракчэева і працягваецца зараз, калі яго ўжо няма. Сёлетняя выстава «Настаўнікам быў беларускі абшар» адкрыецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 19 красавіка. 

Выставы, якія робіць Аксана, ніколі не паўтараюцца. І штогод яна прадстаўляе творы бацькі, якія раней не экспанаваліся. Адкуль знаходкі? Барыс Аракчэеў пакінуў багатую спадчыну. Аксана і сёння працягвае беражліва разбіраць яго архіў, прывезеныя ім некалі з пленэраў, куды мастак-педагог вельмі любіў выбірацца са сваімі студэнтамі, шматлікія замалёўкі і эцюды краявідаў беларускіх гарадкоў і мястэчак, выкананыя ў пазнавальным стылі майстра — адмысловым спалучэнні традыцый рускага рэалізму і французскага імпрэсіянізму. Знойдзеныя ў майстэрні, прыбраныя ў прыгожыя багеты, да публікі гэтыя творы выходзяць бы ў новых фарбах — сапраўдныя музейныя каштоўнасці.

   
Мастак Барыс Аракчэеў заўсёды быў для дачкі сябрам і галоўным настаўнікам.

Летась такім адкрыццём сталі пейзажы «Светлы дзянёк. Вязынка» і «Вясенняя дарога. Вязынка», створаныя ў 1965 годзе. Зараз на выставе ўпершыню будзе прадстаўлены эцюд 1961 года, напісаны ў аколіцах радзімы Янкі Купалы. Дарэчы, ураджэнец Яраслаўшчыны Барыс Аракчэеў самастойна выву­чаў беларускую мову, каб чытаць Купалу ў арыгінале. А за гадзіну да смерці, 10 сакавіка 2013 года, завяршыў палатно, прысвечанае Песняру, літаральна за некалькі дзён да адкрыцця персанальнай выставы ў Купалавым доме, якую ён так шчыра чакаў. 

У Беларусь Барыса Аракчэева прывялі ваенныя шляхі 1944-га. Спачатку ў Бабруйск, пасля — у Мінск. Тут Барыс Уладзіміравіч знайшоў сваё шчасце — творчае і асабістае: спасціг майстэрства жывапісца, плённа працаваў, дамогся поспеху. Гэтую зямлю палюбіў усёй душой, яна стала для яго домам і крыніцай натхнення, а тэма беларускай прыроды — адной з вядучых у творчасці. Менавіта тут ён сустрэў і сваё адзінае каханне, стварыў выдатную дружную сям’ю, пакінуў годных нашчадкаў. Аракчэевы — вядомая дынастыя мастакоў.

Як заўсёды, побач з бацькоўскімі пейзажамі будуць прадстаўлены свежыя творы яго дачкі — жывапісца, вядомага кніжнага ілюстратара, куратара GaleriaKARAS. Сёлета Аксана Аракчэева пакажа свае малюнкі да кнігі казак Васіля Дранько-Майсюка «Таямніцы нашага садка», зробленыя ў 2018 годзе. 

Ірына ЮР’ЕВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter